Святары, якія чыталі «Магутны Божа», каб выйграць кнігі, атрымалі іх яшчэ да заканчэння конкурсу
У канцы лютага клірыкі Гарадзенскай епархіі прынялі удзел у конкурсе партала TUT.BY, каб атрымаць 30 кніг беларускіх аўтараў, якія яны паабяцалі перадаць парафіяльнай бібліятэцы.
Пабачыўшы конкурснае відэа, Саюз беларускіх пісьменнікаў вырашыў падарыць літаратуру для бібліятэкі Пакроўскага сабора па-за межамі конкурса.
25 сакавіка у актавай зале кафедральнага сабора адбылася літаратурная вечарына, прысвечаная 70-годдзю Саюза ў Гродне. У час імпрэзы памочнік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака перадаў для бібліятэкі кнігі на беларускай мове.
«Нядаўна ў сеціве з'явілася відэа, на якім гарадзенскія святары чытаюць верш «Магутны Божа». У кароткі час яно разышлося па прасторы інтэрнэта. Канечне, мы таксама яго бачылі, і яго нам вельмі спадабалася. Мы вырашылі перадаць ад Саюза шэраг кніг, негледзячы на тое, пераможа гэты ролік у конкурсе ці не», - сказаў Усевалад.
Дзякуючы ініцыятыве СБП фонды парафіяльнай бібліятэкі папоўніліся творамі Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Юрася Залоскі, Алеся Пашкевіча, Дар’і Вашкевіч, часопісамі «Дзеяслоў» і дзіцячым часопісам «Гарбузік». «Калі казаць шчыра, мы не надта разлічвалі нават на перамогу ў конкурсе, а тым больш на ўвагу да нашага відэа па-за яго межамі. Таму ўдвая прыемна, што так атрымалася. Спадзяюся, атрыманыя кнігі будуць карыстацца попытам у нашых парафіян», – адказаў адзін з аўтараў роліка дыякан Дзмітры Паўлюкевіч.
Каментары