Жан-Дамінік Бабі, рэдактар часопіса “Elle France” у 42 гады перажыў інсульт. Цяпер ягонае цела цалкам паралізаванае – і рухаецца толькі левае века. Міргаючы, калі яму чытаюць літары, Жан-Дамінік апавёў пра свой унутраны сьвет, пра пакуты зьнерухомленасьці – і фантазіі матылька, пра любоў да жыцьця й свае ўспаміны. Напісаная паралізаваным Жанам-Дамінікам кніга была пастаўленая Джуліанам Шнабэлем.
Каштоўнасьць карціны Джуліана Шнабэля ня толькі ў выдатнай рэжысуры й вынаходлівай апэратарскай працы. Расфокус, унутраныя маналёгі, успаміны й мары, амаль “гіпэртэкставы” мантаж – як у футурыстычнае стужцы “Закаханы Тама” – і пекната жыцьця, на якое засталося глядзець адным вокам. Рэжысэр пагружае нас у сьвет нерухомага чалавека, зьняволенага ў скафандры хваробы, але таленавітага й моцнага духам.
Але карціна не авангард і не экспэрымэнт. Гэта сама паўната жыцьця, агорнутага любоўю. Гэта сьвятасьць жыцьця й ягоная Боскасьць. Калі вяртаецца каханьне, прыходзіць разуменьне й спачуваньне – і сэрца агортвае супакой.
Выбар Жана-Дамініка Бабі, які, зьнямоглы, жыцьцё ўхваліў – ёсьць адказам на другі выбар, які жыцьцё адкінуў. Гішпанец Рамон Сампэдра быў паралізаваны – і патрабаваў сабе эўтаназіі. Гісторыю ягонага самазабойства разрэклямаваў Аляхандра Амэнабар у стужцы “Мора ўнутры” з Хаўерам Бардэмам у галоўнае ролі.
Два паралізаваныя чалавекі. Дзьве гісторыі – і два фільмы, пастаўленыя аднолькава таленавітымі рэжысэрамі.
Але я аддаю перавагу Джуліану Шнабэлю і ягонаму герою – Жану-Дамініку Бабі.
Карціна дэманструецца ў менскім “Доме кіно” на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі ў межах праграмы “Канаманіі”.
Каментары