Італьянскі гісторык-медыявіст, філосаф і пісьменнік Умберта Эка, найбольш вядомы сваім раманам «Імя ружы», памёр ва ўзросце 84 гадоў.
Па словах прадстаўнікоў яго сям'і, пісьменнік памёр у пятніцу ўвечары ў сябе дома. Іншыя падрабязнасці не паведамляюцца.
Умберта Эка нарадзіўся ў невялікім горадзе Алесандрыя недалёка ад Турына ў 1932 годзе. У 1954 годзе ён скончыў Турынскі універсітэт, дзе вывучаў сярэднявечную філасофію і літаратуру.
Свой першы раман — «Імя ружы» — Эка апублікаваў у 1980 годзе. Гэтая кніга пасля стала самай вядомай яго літаратурнай працай і была экранізаваная ў 1986 годзе. Галоўную ролю ў фільме выканаў Шон Конэры.
Сёмы і апошні раман Умберта Эка — «Нулявы нумар» — быў апублікаваны ў студзені 2015 года.
Сам Эка лічыў пісьменніцкую дзейнасць не самай важнай часткай свайго жыцця. «Я філосаф. Я пішу раманы толькі па выхадных», — казаў ён.
Эка ў 1988 годзе заснаваў дэпартамент камунікацый ва Універсітэце Сан-Марына. Ён выкладаў тэорыю культуры і эстэтыку ва універсітэтах Мілана, Турына і Фларэнцыі.
Умберта Эка з'яўляўся ганаровым доктарам мноства універсітэтаў. Ён напісаў вялікую колькасць эсэ па філасофіі, мовазнаўстве, семіётыцы, сярэднявечнай эстэтыцы.
Каментары