Як мінімум стокіламетровую сцяну плануецца пабудаваць вакол Багдада, каб не дазволіць баевікам-ісламістам ІД беспакарана трапляць у горад, паведаміла Міністэрства абароны Ірака, піша Reuters.
ІД кантралюе тэрыторыі на поўначы і на захадзе Ірака і апошнімі месяцамі арганізавала ў Багдадзе некалькі тэрактаў. У выніку апошняга, калі баевікі пачалі забіваць у гандлёвым цэнтры, загінула 18 чалавек.
Будаваць сцяну з бетону 3 метры ў вышыню пачалі на гэтым тыдні на захадзе Багдада, паведаміла Associated Press.
Самым спакойным раёнам Багдада была з 2003 года так званая «Зялёная зона», якую пабудавалі амерыканскія войскі. Гэта абкружаныя сцяной і блокпастамі кварталы, дзе стаяць урадавыя будынкі Ірака, парламент і многія амбасады, у тым ліку ЗША і Брытаніі.
Амаль сярэднявечныя ўмацаванні былі галоўным сродкам, каб не дапусціць прарываў тэрарыстаў-смяротнікаў на аўтамабілях, наладаваных выбухоўкай.
Таксама шматлікія сцены ўзніклі паміж рознымі кварталамі Багдада, калі пачаўся жорсткі канфлікт паміж сунітамі і шыітамі, падчас якога абодва бакі знішчалі для запалохвання і помсты мірнае насельніцтва іншай канфесіі.
Каментары