Паводле заключэння судмедэкспертызы, прычынай смерці школьнай настаўніцы, труп якой знайшлі ў Брэсце каля берага ракі, стала ўтапленне, паведаміў журналістам у Брэсце 5 лютага старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч.
«Ці з'яўляецца яно следствам самагубства альбо гэта няшчасны выпадак — пакуль казаць рана. Наперадзе яшчэ вялікі аб'ём следчых мерапрыемстваў», — сказаў Наскевіч.
Паводле яго слоў, слядоў гвалтоўнай смерці настаўніцы не выяўлена. Пакуль няма адказу на пытанне, як яна і з якой мэтай апынулася ў гэтым бязлюдным месцы, дзе яе знайшлі мёртвай.
«Я спадзяюся, што на працягу тэрміну расследавання мы дакапаемся да ісціны і расставім усе кропкі над i», — дапоўніў Наскевіч.
Нагадаем, цела 38-гадовай Валянціны Голуб, настаўніцы сярэдняй школы № 9 Брэста, было знойдзена ў Брэсце 29 студзеня каля берага ракі Мухавец у замёрзлай вадзе на нізінным участку мясцовасці, пакрытым густой расліннасцю.
Жанчына 22 снежня каля 14.00 пайшла са школы пасля працы і дома не з'явілася. Яе мабільны тэлефон застаўся на працы. На сувязь з роднымі і блізкімі жанчына не выходзіла. 23 снежня ў 21.00 у міліцыю звярнуўся муж зніклай.
Другога студзеня Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта была распачата крымінальная справа па факце знікнення Валянціны Голуб. Высвятляюцца акалічнасці яе смерці.
Каментары