На чыгуначным вакзале Мінска адкрыўся другі турыстычны інфармацыйны цэнтр
На тэрыторыі чыгуначнага вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі 5 лютага адкрыўся другі турыстычны інфармацыйны цэнтр Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Як паведаміла на адкрыцці намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Наталля Елісеева, такіх цэнтраў у краіне хутка стане больш. «Можа быць, мы робім усё не заўсёды своечасова, але мы стараемся, — сказала яна. — Інфацэнтры мы плануем адкрываць не толькі на вакзалах, але і ў рэгіёнах».
Начальнік станцыі Мінск-Пасажырскі Аляксандр Дрожжа адзначыў, што адкрыццё другога турыстычнага інфармацыйнага цэнтра — гэта вынік шчыльнага супрацоўніцтва Мінспорту і турызму і Беларускай чыгункі. «Для нас, чыгуначнікаў, гэта адно з мерапрыемстваў па паляпшэнні якасці абслугоўвання пасажыраў шляхам прадастаўлення дадатковай якаснай паслугі ў сферы турызму, — сказаў ён. — Кожны дзень з галоўнай станцыі краіны адпраўляюцца каля 35 тыс. пасажыраў, з іх дзве тысячы — пасажыры міжнародных зносін, каля 10 тысяч — міжрэгіянальных зносін. У цэлым за год праз наш вакзал едуць прыблізна 4 млн. чалавек, і кожны з іх можа скарыстацца паслугамі інфацэнтра».
У сваю чаргу дырэктар рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цахмейстэр выказаў надзею, што такія турысцка-інфармацыйныя цэнтры адкрыюцца ў знакавых турыстычных пунктах сталіцы і краіны. «Мы марым, каб турыстычны інфацэнтр размясціўся ў раёне ратушы, дзе заўсёды шмат народа і ёсць максімальная эфектыўнасць пры прасоўванні нашага турызму беларускім грамадзянам і за мяжу».
У інфацэнтр па дапамогу і інфармацыю можна звярнуцца, напрыклад, з нагоды размяшчэння або арганізацыі экскурсіі. Прычым турыст можа далучыцца да ўжо арганізаваных груп ці скласці самастойнае падарожжа па Беларусі. Таксама тут можна ўзяць інфармацыйныя буклеты, купіць сувенірную прадукцыю.
Першы інфармацыйны цэнтр быў адкрыты Нацыянальным агенцтвам па турызме на праспекце Пераможцаў каля гасцініцы «Юбілейная».
Каментары