Беларуска Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал тэніснага турніру катэгорыі «Прэм'ер» у аўстралійскім Брысбэне.
Сёння ў паядынку 3-га кола беларуска, якая займае 22-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла бельгійку Ісалін Банавенцюр, у якой 170-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA — 6:3, 6:2.
У першым раўндзе Вікторыя Азаранка перайграла расійскую тэнісістку Алену Весніну - 6:2, 6:0, а ў другім павінна была згуляць з другой ракеткай планеты румынкай Сімонай Халеп, але тая не змагла выйсці на корт з-за траўмы і знялася з турніру.
Цяпер у паядынку за выхад у паўфінал Азаранка сустрэнецца з італьянкай Рабертай Вінчы, якая знаходзіцца на 15-м месцы ў сусветным рэйтынгу.
Гэта будзе іх чацвёртая сустрэча на турнірах пад эгідай WTA, прычым ўсе папярэднія матчы выйграла беларуска.
Турнір у Брысбэне завершыцца 10 студзеня, пасля чаго вядучыя тэнісісты працягнуць падрыхтоўку да першага ў сезоне турніру серыі «Вялікага шлема» - адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, які пройдзе ў Мельбурне з 18 па 31 студзеня.
Вікторыя Азаранка выйгравала Australian Open двойчы запар — у 2012-м і 2013 гадах. У мінулым годзе перамогу атрымала найлепшая тэнісістка свету амерыканка Серэна Уільямс, а ў 2014 годзе па-за канкурэнцыяй была кітайская тэнісістка На Лі.
Каментары