Меркаванні4848

Антон Матолька: Беларусь — гэта Еўропа!

Асобай 2015 года ў намінацыі «Грамадская чыннасць» «Наша Ніва» прызнала 27-гадовага блогера, фатографа Антона Матольку.

Матолька — адзін з найбольш актыўных блогераў краіны, які не баіцца ўздымаць грамадска важныя тэмы. Як лакальныя — праблема паркоўкі на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску, — гэтак і нацыянальныя.

Напрыклад, Матолька звяртаўся да кіраўніка МУС Ігара Шуневіча з прапановай дазволіць выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сцяг на футбольных матчах.

Перад выбарамі Матолька звяртаўся да студэнтаў, каб яны не хадзілі на датэрміновае галасаванне.

З апошніх ініцыятываў — прагляд лекцыі Алексіевіч у кавярнях і рэстаранах, а таксама закрыццё мяжы з Расіяй, каб спыніць паток наркотыкаў.

«НН» сустрэлася з Матолькам у адной з кавярняў у Верхнім горадзе.

«Наша Ніва»: Хто такі Антон Матолька: блогер, фатограф, урбаніст?

Антон Матолька: А чаму нельга проста сказаць: беларус, мінчук. Магу яшчэ сказаць «тутэйшы». У мяне на першай візітоўцы было напісана проста: «Антон Матолька» і тэлефон, больш нічога.

«НН»: У цябе рэпутацыя гламурнага, «няшнага» фатографа…

АМ: Я не ведаю, адкуль гэта ўзялося. Я няшмат здымаў моды, не здымаў ню. Толькі паказы на «Тыдні моды». Адкуль гэтае гламурнае таўро — я не разумею. Мне да гламуру вельмі далёка. Ведаеце, у 2011 годзе я здымаў зусім не гламур, і на Нямізе падчас патопаў таксама не гламур.

«НН»: 2011 год, калі ты здымаў маўклівыя акцыі і іх разгон, быў для цябе паваротны?

АМ: Не, для мяне паваротным быў 2006. Я тады пазнаёміўся з нашай апазіцыяй, пратэстамі. Я даведаўся, што ёсць людзі, не згодныя з дзеяннямі нашых уладаў. Прычым гэта не адмарозкі, а інтэлігенцыя, бізнэсмены. У той год я быў на Плошчы. Вельмі здзівіўся, што мяне не затрымалі, калі я вешаў сцяг на флагштоку побач з Палацам прафсаюзаў.

«НН»: Ты праяўляеш вялікую актыўнасць у інтэрнэце, пішаш шмат скаргаў у дзяржаўныя ўстановы. Гэта дае плён?

АМ: Дае. Шмат хто не ведае, што простыя праблемы — зрабіць пешаходны пераход, адрамантаваць ліхтары — можна вырашаць электроннымі зваротамі. У дзяржавы, у ЖКГ вочы не паўсюль — яны не могуць ведаць усе праблемы. Неяк адзін гарадскі чыноўнік мне казаў, што яны самі зацікаўленыя ў такіх зваротах. Скаргі, ныццё — гэта найперш інфармаванне.

Калі казаць пра «вялікія» звароты, як пра бел-чырвона-белы сцяг ці да Міністэрства адукацыі аб выключэннях студэнтаў, то адзін зварот нічога не вырашыць. Але калі дзяўбеш у сцяну, звяртаюць увагу СМІ, то нешта прабіць магчыма. Той жа міністр Шуневіч цяпер кажа, што б-ч-б — гэта не забароненая сімволіка.

«НН»: Ты ставіш перад сабой мэту зрабіць Мінск лепшым?

АМ: Само сабой. І Беларусь, і Мінск. У мяне ёсць дзясяткі магчымасцяў з’ехаць з краіны, я шмат падарожнічаю. Але я хачу, каб мае дзеці нарадзіліся тут і засталіся жыць тут. Мне падабаецца Беларусь, мне падабаецца Мінск.

«НН»: А што галоўнае трэба сёння змяняць у Беларусі?

АМ: Людзей. Не факт, што аднаго чалавека. Адэкватныя людзі ёсць і пры ўладзе. Але ёсць неадэкватныя, тыя, хто не прымае нічога новага, і сярод нас… Ой, не хачу далей працягваць гэтую тэму.

«НН»: Чаму? Давай.

АМ: Я проста вельмі не хачу, каб мяне асацыявалі з паркоўкамі. У рэальнасці я вельмі мала раблю па гэтай праблеме, але ўсе асацыююць з паркоўкамі. Гэта жэсць. Усё вырашаецца простым правілам: непазбежнасць пакарання для ўсіх, хто няправільна паркуецца. Гэта вырашыць пытанне з парушальнікамі за паўгода. Парушаць будзе дорага.

«НН»: А чаго яшчэ не стае?

АМ: Дробных лакальных ініцыятываў. Не хапае выбарнасці мэра.

«НН»: Ты сустракаўся са старшынёй Мінгарвыканкама Шорцам. Якое ўражанне ён пакінуў?

АМ: Я прывяду прыклад, які характарызуе нашу сустрэчу. Я хацеў, каб гэты чалавек выйшаў у сацыяльныя сеткі. Каб незадаволенасць, спрэчкі можна было падаўляць не навінамі ў СМІ, а праз звароты да галавы горада, да яго намеснікаў, многія з якіх цудоўна карыстаюцца айпадамі, як Карпенка з аддзела ідэалогіі. Праходзіць два месяцы, і я даведваюся, што Мінгарвыканкам рассылае ва ўсе раёны сталіцы абавязалаўку завесці старонку ў сацыяльных сетках. Прабачце, а нахрана? Калі адміністрацыя Маскоўскага раёна можа адкрыць старонку ў фэйсбуку, калі яны хочуць гэтым займацца, але праз указіўку зверху гэта працаваць не будзе. У Мінгарвыканкама з’явілася старонка твітара, але там посцяцца толькі навіны, ніякага дыялогу няма, ніякай магчымасці зваротнай сувязі няма.

«НН»: У МУС вельмі актыўны твітар, але сама структура праз гэта не змяняецца.

АМ: У выпадку з МУС — так. Але там трэба мяняць не працу з сацсеткамі, а навучанне з нізоў. Трэба рабіць рэформу. Хаця не, не так: там слова «рэформа» страшэнна баяцца, трэба рабіць «удасканаленне». Украіна паказвае цудоўны прыклад з новай паліцыяй, з відэафіксацыяй, добразычлівасцю. Нам гэтага не хапае.

Вось апошні прыклад, калі прынялі дзяўчыну за злодзейку, абражалі яе. А навошта? Гэтая дзяўчына вас, што, паб’е, адбярэ зброю?

«НН»: У Мінгарвыканкаме ёсць з кім працаваць?

АМ: Некаторыя мае прапановы там былі пачутыя, хоць я і не магу гэта пацвердзіць. Многія яшчэ ў 2015 годзе лічаць, што інтэрнэт — гэта алкаголь, наркотыкі, вычварэнствы, парнуха. І ўсё. Але інтэрнэт — гэта інструмент для рашэння задач. Цяпер адным пастом у фэйсбуку ты можаш падняць такую вострасацыяльную праблему, пра якую не піша ніводзін СМІ. Я не ведаю, колькі нашы чыноўнікі будуць адпірацца ад сацыяльных сетак, але яны да гэта прыйдуць. Нават Масква ў гэтым кірунку прасунулася, хоць праблем там непараўнальна больш, чым у Мінску. Мінск — горад маленькі…

«НН»: Нішто сабе маленькі, адзін з найбольшых гарадоў Еўропы.

АМ: Проста гэта нескладаны горад. Тут аднароднае насельніцтва, тут няма этнічных раёнаў. Праблема Мінска — гэта праблема Беларусі. З Мінска зрабілі пуп зямлі, усе сюды едуць. А можна было б зрабіць Заслаўе — горад універсітэтаў, Слонім — горад айцішнікаў. Айцішнікам насамрэч няважна, дзе жыць. Усе рухаюцца ў Мінск, а ў Мінску ўсе рухаюцца ў цэнтр. Адсюль гэтыя заторы пастаянныя. На Багушэвіча хочуць збудаваць яшчэ адзін гандлёвы цэнтр. Прабачце, там і так задніца, што ні прайсці ні праехаць.

Вось жанчына адкрыла кавярню Moulin у Малінаўцы. Гэта нятанная кандытарская. Папіць кавы і з’есці пірожнае на дваіх будзе каштаваць каля 150 тысяч. Пры гэтым там увесь час сядзяць людзі. Бо ў Малінаўцы няма выбару. У нас усе пхнуцца ў цэнтр, а ўскраіны пустыя.

«НН»: А ты б сам у Оршу ці Кобрын паехаў?

АМ: Калі б я быў адтуль родам, то вярнуўся б. Я б паехаў на сваю радзіму. У Галандыі я бачыў знаёмага, які родам з Рагачова. Ён расказваў, як спрабаваў зрабіць у родным горадзе свята згушчонкі. Ён разумеў, што з гэтага можна зрабіць някепскую падзею, куды б прыязджалі з Расіі, Украіны. Але ўсё ўперлася ў мясцовых чыноўнікаў. Ён быў гатовы вяртацца, людзі ёсць. Іх не павінна быць многа. У 1920-я людзей, што прасоўвалі беларускую нацыянальную культуру, таксама не было шмат.

«НН»: Што зрабіць, каб у Мінск прыязджалі турысты не толькі з Расіі?

АМ: Усё проста: адмяніць уязныя візы.

«НН»: І чым Мінск зацікавіць? Тут няма гістарычнай спадчыны, тут дарагія рэстараны.

АМ: Замежнікі ўспрымаюць па-іншаму. Беларусь для еўрапейца — гэта такая terra incognita, белая пляма. Замежнікі ведаюць пра Алексіевіч, Лукашэнку, Чарнобыль, Азаранку, БАТЭ. Самыя прасунутыя ведаюць пра балоты, кухню. Сюды прыедуць тыя, хто нічога не ведае пра Беларусь. Калі ім спадабаецца, то будуць ездзіць далей. А замежнікам сапраўды падабаецца Беларусь. Яны кажуць, што ў нас ашаламляльная краіна. І амаль усе хочуць вярнуцца.

Мы ставімся да нашай краіны крыху паблажліва. Маўляў, ну што такое Беларусь? Гэта вайна-вайна-вайна. А ўсе замежнікі — гэта тыя, хто праходзіць транзітам падчас вайны. Цяпер жа замежнікі гатовыя ехаць сюды не транзітам, піць піва, весяліцца. Чэмпіянат свету па хакеі тут добры прыклад. Мне спадабалася тады атмасфера ў горадзе, горад ажыў. Сёлета Мінск з усялякімі фестывалямі, адкрытымі кафэ ўвогуле згадаў, што ён еўрапейскі горад.

«НН»: А яшчэ метала-шукальнікамі на джазавых вечарах…

АМ: Спачатку ж іх не было. Здаецца, арганізатары проста абалдзелі ад той колькасці людзей, якія хацелі прыйсці паслухаць музыку. Праблема ў тым, што толькі там можна было паслухаць джаз. Міліцыя павінна бачыць у кожным наведвальніку госця, кліента, а не патэнцыйнага злачынцу. Ахова павінна быць, але яна павінна быць ненавязлівай, выбарачнай. Не патрэбна ў маёй 64-гадовай мамы правяраць заплечнік. Гэта неяк дзіўна.

«НН»: Правяраць выбарачна, як у метро?

АМ: Як у Кітаі. Там аграмадны трафік у метро, ёсць сканеры, але пры гэтым не ўтвараецца чэргаў. Усе кладуць сумкі на праверку, а праз 10 секунд забіраюць, ніякай затрымкі. Няма такога дурдома, як у Мінску. Пры гэтым там 100%-ая праверка. Які сэнс ад нашай праверкі, я не разумею.

Адным чалавекам шмат гадоў таму было сказана: «Мы пойдзем сваім шляхам». І гэта было ўспрынята літаральна. Замест таго, каб капіяваць удалыя рашэнні, мы прыдумляем уласныя ровары. Гэта ж тычыцца аплаты транспарту ў аўтобусах і тралейбусах. Ды купіце вы кітайскую сістэму, адаптуйце пад Беларусь! Гэта ж нашмат танней, чым распрацоўваць уласную сістэму.

«НН»: Трошку вернемся да турызму…

АМ: Я сам хацеў дагаварыць. Вось паглядзіце, колькі людзей стала прыязджаць у Вільню, калі туды сталі лётаць лаўкосты. Калі адмяніць візы, то лаўкосты сапраўды зацікавяцца лётаць сюды. Беларусь робіць пакуль усё, каб турыстаў тут не было. Трэба ўсміхацца, адпавядаць чаканням еўрапейцаў, размаўляць па-англійску. А то бачыш, як пытаюцца на мяжы па-руску: «Віза твая гдзе? Я спрашываю, гдзе віза?» І такую гісторыю я чую кожныя паўгода.

Калі я быў на Балі, дзе ёсць пляжы, пальмы, храмы, то супрацоўнік мяжы пытаецца ў мяне з усмешкай: на колькі ты да нас прыязджаеш? На тыдзень. А чаму так мала? Я звыкся, што я з Беларусі і мяне падазраюць у тым, што я хачу дзесьці застацца. Памежнік жа кажа: «Прыязджай на большы тэрмін, тут класна». На зваротнай дарозе сустракаю таго ж памежніка, які распытвае мяне, што спадабалася, раіць, куды з’ездзіць наступны раз. А грузіны на ўездзе ў краіну даюць табе бутэльку віна. Грузія за 11 гадоў зрабіла каласальныя крокі ў турызме, там камфортна падарожнічаць, там шыкоўныя турыстычныя цэнтры. А ведаеш, дзе турыстычны цэнтр у Мінску?

«НН»: Дзесьці ў Верхнім горадзе. Дзе дакладна — не скажу.

АМ: У дварах ці то на Рэвалюцыйнай, ці то Інтэрнцыянальнай. Прычым, калі я не памыляюся, ён працуе з панядзелка па пятніцу, а субота і нядзеля выхадныя. Гэтак жа нашы музеі працуюць ад 7 раніцы да 5 вечара. Хлопцы, вы сур’ёзна? Які турыст паедзе ў сядзібу Красны Бераг пад Жлобінам а 7-й раніцы?

«НН»: Ты часта згадваеш Кітай у якасці прыкладу. Нам сапраўды ёсць чаму вучыцца ў Кітая?

АМ: Ужо так. Ад вядзення бізнэсу і нават да свабоды слова. Калі я прыляцеў першы раз у Кітай, то чакаў пабачыць закрытую краіну, дзе не працуе інтэрнэт. А насамрэч Кітай гадоў на 10 абагнаў Еўропу, а Беларусь увогуле засталася ў мінулым стагоддзі. Летась я зноў быў у Кітаі, і яны зноў моцна вырваліся наперад. Банальны прыклад інтэрнэт-крамы Aliexpress, якой усе карыстаюцца. Транспартная сістэма там цудоўная і простая. У Кітаі вельмі развіты ўнутраны турызм. У нас гэта нават не разглядаецца нікім. Неяк мы прыехалі ў Мёры на балота Ельня — шалёна прыгожае месца. Мне здаецца, што гэта залатая жыла для турыстаў з Беларусі, Латвіі і Літвы, але дзе пераначаваць? У раённай гасцініцы ўзровень ніжэй за плінтус. І ўказальніка няма, як дабрацца да балота, да той сцежкі, дзе прагуляцца. 95% беларусаў нават пра гэтае месца ніколі не чулі.

Чаму нашы чыноўнікі так неахвотна ўсё робяць? У іх вялізныя пенсіі. А ініцыятыва пакараная, усе баяцца за сваю задніцу, любыя новаўвядзенні выклікаюць страх. Вось да нас прыйшло таксі Uber. Здавалася б, клас! Усе падумалі: ваў, таксі стане таннейшым і зручнейшым. Аказваецца, у нас ёсць заканадаўства, якое замінае, каб у нас з’явіўся Uber X. Таму ў нас ёсць толькі Uber Black для багатых людзей. Па ідэі, Міністэрства транспарту павінна памяняць заканадаўства. І дзе гэта? Нідзе!

«НН»: Ты заклікаў уладальнікаў кавярняў і рэстаранаў арганізаваць прагляд лекцыі Святланы Алексіевіч. Многія адгукнуліся?

АМ: Шмат у каго банальна няма тэлевізараў. Ніхто не сказаў не. Гэта важна. Мне здаецца, што нямала адгукнулася, яны падзякавалі за прапанову. Я лічу гэта станоўчым досведам. Рэакцыя ўладальнікаў рэстаранаў мне спадабалася. Мой касяк, вядома, быў, што я не прапанаваў гэта KFC ці «Бургер Кінгу».

«НН»: Як табе рэакцыі на прысуджэння Алексіевіч Нобеля?

АМ: Гэта трындзец! Наша дзяржава заняла пазіцыю ігнаравання, непрыгожы ігнор. Можна было б банальна асвятляць у СМІ. Сорам! Гэтыя вядучыя пасля такога павінны сысці з журналістыкі. Алексіевіч зрабіла для Беларусі больш, чым Міністэрства культуры за 24 гады. Васіль Быкаў зрабіў больш. Алексіевіч — гэта цудоўная магчымасць заклікаць сюды турыстаў, палепшыць імідж краіны. Што рабіла ўлада? Ігнаравала! Ігнаравала! Ігнаравала! І гнабіла.

А тое, што было абмеркаванне яе выступу, кніг, то гэта здорава. Быў дыялог, якога нам так не хапала. Ігнараваць можна было раней, калі не было інтэрнэту — цяпер так дзейнічаць нельга.

«НН»: Апошняя твая прапанова тычылася закрыцця граніцы з Расіяй, зрабіць гэтую мяжу сапраўднай.

АМ: Я даўно пра гэта кажу. Ад пачатку вайны ва Украіне. Я хачу, каб гэтае пытанне задалі Лукашэнку на прэс-канферэнцыі. Гэтае пытанне да яго трэба данесці з боку барацьбы з наркаманіяй, якую ён вядзе. Калі гаварыць пра кантроль тавараў, то можа быць успрынята інакш. А свабодны доступ да наркотыкаў ідзе якраз з Расіі. Тэма наркотыкаў адназначная.

«НН»: Мінск, Беларусь усё ж становяцца еўрапейскімі?

АМ: Становяцца нягледзячы ні на што. Бо Беларусь — гэта Еўропа.

Каментары48

«Аказваецца, і на тым баку ёсць людзі». Маці Івана Падрэза ўсё ж не высяляюць

«Аказваецца, і на тым баку ёсць людзі». Маці Івана Падрэза ўсё ж не высяляюць

Усе навіны →
Усе навіны

«Ты русский язык понимаешь?» Мужчына на возеры ўгаворваў лебедзя аддаць яму лаўку ВІДЭА4

Адчуюць на сабе не толькі чаўнакі і перагоншчыкі. Як новыя абмежаванні ад ЕС адаб'юцца на простых беларусах15

Маркаў заклікаў замясціць YouTube, Telegram, Instagram і TikTok беларуска-расійскімі сацсеткамі13

Абноўлены «Белсат» спыніць вяшчанне праз спадарожнік?13

З міжнароднай версіі «Яндэкс Картаў» прыбралі беларускую мову9

У цэнтры Мінска з'явілася астуджальная арка ВІДЭА

Пад Масквой разбіўся пасажырскі самалёт Sukhoi Superjet-1009

Мінулая ноч у Мінску была «агурковай». Гэта як?2

Джэніфер Лопес і Бэн Афлек выставілі на продаж шыкоўны асабняк у Беверлі-Хілз ФОТЫ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аказваецца, і на тым баку ёсць людзі». Маці Івана Падрэза ўсё ж не высяляюць

«Аказваецца, і на тым баку ёсць людзі». Маці Івана Падрэза ўсё ж не высяляюць

Галоўнае
Усе навіны →