У Мінску адзначаецца тэндэнцыя да зніжэння ўтрымання ў атмасферным паветры аксіду вугляроду і цвёрдых часціц, паведамілі ў санітарна-эпідэміялагічнай службе сталіцы.
Па словах спецыялістаў, на працягу апошніх гадоў захоўваецца стабільна нізкім утрыманне ў атмасферным паветры дыяксіду серы, бензолу, 1,3-бутадыена, ксілолу. Сумарны паказчык забруджвання атмасфернага паветра ў Мінску адпавядае дапушчальнай ступені забруджвання атмасферы.
Найбольшая забруджанасць паветра фарміруецца паблізу магістраляў з інтэнсіўным рухам аўтатранспарту. У ходзе кантролю за якасцю атмасфернага паветра ў студзені-кастрычніку гэтага года санэпідслужбай даследавана больш за 6,6 тысяч пробаў паветра на прымагістральных тэрыторыях і тэрыторыі жылой забудовы. Доля пробаў з канцэнтрацыяй забруджвальных рэчываў вышэйшай за гранічна дапушчальную знаходзіцца на ўзроўні 4,6%, што адпавядае аналагічнаму перыяду 2014 года. У структуры такіх пробаў больш за 70% прыпадала на фармальдэгід.
Між тым нагадаем, што сёлета Мінск і ваколіцы неаднаразова накрываў смог. Пах гару і адсутнасць магчымасці нармальна дыхаць тлумачыліся «неспрыяльнымі метэаралагічнымі ўмовамі».
Каментары