Некаторыя кампаніі Швецыі вырашылі ўвесці для сваіх супрацоўнікаў 6-гадзінны працоўны дзень, піша ВВС.
Паменшыўшы такім чынам працоўны дзень на 2 гадзіны, кіраўнікі кампаній спрабуюць павысіць прадукцыйнасць працы супрацоўнікаў. На заробак новы графік не паўплывае. Працаўнікі ў сваю чаргу павінны адмовіцца ад карыстання сацыяльнымі сеткамі і ад асабістых званкоў у працоўны час.
Саўладальнік адной з кампаній Джымі Нілсан падкрэсліў, што вельмі складана быць сабраным і сканцэнтраваным на працягу 8 гадзін. Таксама ён адзначыў, што падобны эксперымент будзе доўжыцца 9 месяцаў, пасля чаго будзе ацэненая яго эканамічнасць і тое, наколькі такая схема працы падыходзіць супрацоўнікам і кліентам.
Мадэль 6-гадзіннага працоўнага дня ўжо не першы год прымяняецца ў Швецыі. Так, у сэрвісным цэнтры кампаніі Toyota змены механікаў былі скарочаныя больш за 10 гадоў таму, пасля чаго кампанія абвясціла аб хуткім росце прыбытку.
Яшчэ адзін прыклад — дом састарэлых на захадзе Швецыі, дзе 80 медсясцёр перайшлі ў лютым на 6-гадзінны працоўны дзень. Пры гэтым 80 медсясцёр ў іншым такім жа доме састарэлых працягваюць працаваць звычайныя 8 гадзін на дзень. Вядучы кансультант Бенгт Лорансан, які з'яўляецца адным з арганізатараў эксперыменту, распавёў, што медсёстры з 6-гадзінным графікам працы бяруць менш бальнічных і адчуваюць меншы стрэс.
Каментары