NASA абрала наступную пасля Плутона мэту «Новых Гарызонтаў»
Новай мэты «Новыя Гарызонты» дасягнуць 1 студзеня 2019 года.
Пасля даследавання Плутона NASA амаль дакладна скіруе апарат New Horizons да аб’екта 2014 MU69 ў поясе Койпера. Спецыялісты агенцтва парэкамендавалі аб’ект камандзе апарата, але тая зацвердзіць яго канчаткова толькі пасля дадатковай экспертызы.
2014 MU69 — невялікі астэроід дыяметрам каля 45 км, гэта класічны аб’ект пояса Койпера, адзіны аб’ект, які «Новыя Гарызонты» дакладна змогуць дасягнуць. Ад Плутона да яго мільярд міль.
А ад нас да «Новых Гарызонтаў» на сёння 3 млрд міль.
Да адкрыцця 2014 MU69 у кастрычніку 2014 года з «пасляплутонаўскай» мэтай былі праблемы: іншага кандыдата, 2014 PN70 можна было дасягнуць з імавернасцю 97%, спатрэбілася б выдаткаваць на змену хуткасці ўдвая больш паліва. Да астатніх кандыдатаў шанцы даляцець былі яшчэ меншыя. Меншы расход паліва дасць магчымасць правесці больш даследаванняў і застрахавацца ад непрадбачаных сітуацый.
New Horizons быў запушчаны ў 2006 годзе, дасягнуў Плутона ў 2015-м. Дзякуючы місіі сабрана 50 Гб інфармацыі, якая будзе перадавацца на Зямлю да 2017 года і дазволіць выявіць, ці мае Плутон падлёдны акіян. Апарат паказаў чалавецтву, што Плутон мае сэрцайка, рассечанае скаламі.
У студзені 2019 года New Horizons мае дасягнуць сваёй наступнай мэты, патраціўшы прыблізна траціну наяўнага паліва. Магчыма, далей апарат скіруюць на новыя аб’екты. Завяршэнне місіі запланаванае на 2026 год.
Каментары