Праваслаўнае малако і глазураваныя сыркі.
Свята месца на прылаўках расійскіх крам, спусцелае ў выніку забароны на імпарт прадуктаў харчавання з шэрагу краін, могуць запоўніць прадукты, вырабленыя ў манастырскіх гаспадарках Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). У Маскоўскім Патрыярхаце (МП) лічаць, што яны ўжо гатовыя да гэтага, цяпер справа за рытэйлерамі.
Манастыры МП РПЦ могуць заняцца імпартазамяшчэннем у харчовай сферы і забяспечыць гандлёвыя сеткі краіны аналагамі замежных прадуктаў, увоз якіх на тэрыторыю краіны забаронены ў сувязі з эмбарга.
Як мяркуе намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемадзеянні царквы і грамадства Раман Багдасараў, для пачатку працэсу неабходна, каб «прыйшоў рытэйлер і сказаў, што хоча, сказам, наладзіць продаж лінейкі праваслаўнай прадукцыі — ад малака да глазураваных сыркоў».
Па словах прадстаўніка МП, насельнікі манастыроў ўжо сталі вырошчваць больш гародніны і збожжа, разводзіць рыбу і зрабілі багацейшым асартымент сваіх сыроў, у лік якіх увайшлі мацарэла, качота, рыкота. Частка гаспадарак ужо плануе выйсці ў гандлёвыя сеткі і пастаўляць прадукцыю ў Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя гарады.
«Манастырскія гаспадаркі могуць гэта вырабляць», — адзначае Багдасараў.
Акрамя таго, па словах царкоўнага дзеяча, гаворка ідзе не толькі пра харчаванне, манастырскія гаспадаркі змогуць пастаўляць на расійскі рынак і іншыя тавары. «Гэта могуць быць праваслаўныя інтэр'еры, каб людзі мелі магчымасць купіць мэблю, зробленую ў нас, больш танную і адпаведную традыцыям, а не толькі італьянскую або нямецкую», — кажа ён.
Каментары