.
Жанр: баявік, трылер, прыгоды
Рэжысёр: Крыстафер МакКуоры
У ролях: Том Круз, Джэрамі Рэнер, Сайман Пег, Рэбека Фергюсан, Вінг Рэймз, Шон Харыс, Алек Болдуін, Сайман МакБерні, Том Халандэр
ЗША, 131 хв.
Адзнака: 7,5
Атрад «Місія невыканальная» распускаюць, і агент Ітан Хант (Том Круз) вымушаны працаваць у адзіноце, а яго калегі разыходзяцца хто куды.
Але менавіта ў гэты час на сусветную сцэну зноў выходзіць «Сіндыкат» — міжнародная сетка высокапрафесійных спецагентаў і забойцаў, якія доўга палявалі на каманду Ханта. Іх называюць «ізгоямі», і яны паставілі перад сабой мэту — усталяванне новага сусветнага парадку. Дзеля гэтага зламыснікі гатовыя правесці серыю тэрактаў. Аб’яднаўшыся з брытанскай агенткай Ільзай Фаўст (Рэбека Фергюсан), Ітан з камандай, якая збіраецца зноў і дзейнічае насуперак усім шпіёнскім арганізацыям, прыступаюць да новай місіі па выкрыцці «Сіндыкату» і яго кіраўніка Саламона Лэйна, усведамляючы, што не могуць давяраць нават сабе.
Амерыканскі акцёр і прадзюсар Том Круз выпусціў новую частку кінасерыяла, удзельнікам якога з’яўляецца на працягу амаль 20-ці гадоў. Шпіёнскі баявік гэтым разам здымалі ў Вялікабрытаніі, Аўстрыі і Марока. Брытанскую агентку сыграла шведка Рэбека Фергюсан, падобная да шведскай актрысы Інгрыд Бергман.
Практычна ўсе трукі і баявыя сцэны ў фільме былі выкананыя самім Томам Крузам — акцёр адмовіўся ад дублёраў.
За час здымак ён шэсць разоў атрымліваў траўмы. Самастойна выканаў свае трукі падчас кіравання аўто і калега Круза Сайман Пег.
Дарэчы, падчас аднаго з даўніх заданняў Ханта дзеянне адбываецца на тэрыторыі Беларусі. У адной з эпізадычных роляў тут з’явіўся беларус Дзяніс Харошка, які цяпер жыве ў Лондане. Здымкі гэтай сцэны адбываліся ў брытанскім Лінкальншыры.
Сюжэт фільма адсылае да класічных баевікоў, дзе мінімум спецэфектаў і шмат каскадзёрскіх трукаў. Закручаны сюжэт і баявітыя героі прывабяць аматараў кіно пра шпіёнаў.
Каментары