А Арлуша прарываецца з усіх шчылінаў. Як раней прарывалася Палазкова. Метадам Стаса Міхайлава — масіравана, з усіх адтулінаў. Прарываецца і траўміруе, трэба сказаць.
Ёсць у мяне падазрэнне, што наогул любоў да паэзіі — гэта гісторыя супрацьстаяння кепскаму густу без мажлівасці перамагчы. І рана ці позна дзевачкі, дый хлопчыкі, у адзіным памкненні дастануць з шуфлядаў свае дзённікі з сардэчкамі і як загавор выкліку Люцыфера зачытаюць свой адзіны, агульны для мільярдаў арганізмаў верш пра каханне ці маму, поўны эталонна-асабістага болю, пяшчоты і «сродкаў выражэння». І гэта будзе канцом паэзіі ў тым выглядзе, у якім яе люблю, напрыклад я. Тады памяняюцца азначэнні і кепскі густ, які стане сінонімам глабалізаванай індывідуальнасці, пераможа канчаткова.
Ну, тут патрэбная рэтраспектыўка.
Памятаю, курсе на першым адзін аднакурснік, які прафесійна займаўся ўсім у свеце — ад паэзіі да фокус-покусаў — вырашыў узяць над мной шэфства. Ён пісаў вершы і, паколькі я «таксама пісаў», зацягнуў мяне ў Дом літаратара да Масарэнкі. Ну, каб я паглядзеў, як «твараць» мацёрыя. Там у іх быў літаратурны гурток.
Мацёрыя былі можа на пару гадоў старэйшыя за мяне, але адтуль я выйшаў смяротна хворы і ў пакутах памёр, а пасля гадоў 7 не пісаў вершаў наогул. Такім чынам, першая паэтычная траўма напаткала мяне ва ўзросце гадоў 17, і звалі яе Вольга Базылёва.
Вольгу Базылёву назвалі «найлепшай беларускай паэткай» — і гэта пры жыцці. Па рэгламенце Вольга спачатку рэцэнзавала вершы пачаткоўцаў словамі тыпу «ну… і няблага» і мімікай. А пасля паказвала, «як трэба». У частцы «як трэба» яна сядзела ў крэсле ў позе пытальнага знака і задуменна чытала верш, які пачынаўся так: «Твае зацукраваныя вусны».
А яшчэ хлопчыку, які пісаў вершы па-расейску (па-мойму добрыя),доўга і грунтоўна тлумачылі, што «вось калі б ты пісаў па-беларуску, то было б ого-го. А так – не о-го-го».
У кулуарах усе адзін аднаго хвалілі, але, відавочна, не чыталі. Карацей, сказаў бы Ванегут — такія дзялы…
Тады я думаў, што гэта была траўма, але, верагодна, божанька проста вырашыў зрабіць мяне мацнейшым.
Пасля Масарэнкі прыяцель пацягнуў мяне ў (па-мойму) «Чырвоную змену», дзе рэдактар за прыём вершаў прымушаў плаціць душэўнай раўнавагай. Нам ён прапанаваў паслухаць ягоную новую паэму. Мы слухалі, а ён хаатычна рухаўся па пакоі і чытаў.
Як кажуць, сюжэт народны, словы народныя.
Нешта там было пра вёску і яшчэ фігураваў «керагаз». Рэдактар чытаў і самазадаволена хіхікаў — гэта была «гумарэска», трэба думаць. Адпрацаваўшы паншчыну, мой прыяцель паклаў на стол стос паперы і сказаў, што гэта — «паэзія, з апошняга». Я аддаў старонак 10. Гэта было ўсё, што я назапасіў за гады. Наогул, я тады меў схільнасць назапашваць фуфло. Больш я туды не вяртаўся і лёсам сваіх опусаў не цікавіўся.
У дзвярах ліфта прыяцель сказаў мне, паклаўшы руку на плячо: «Я адчуваю, што больш нічога не напішу. Разумееш, раней мяне р-р-рвало вершам. А цяпер — не рве.
Але праз пару дзён ён даказаў, што хваляваўся дарма. Разарвало яго у чарговы раз, калі мы сталі рабіць сценгазету на філфаку. Ён быў у захапленні ад Віктара Жыбуля (я і цяпер нярэдка сустракаю людзей, якія ў захапленні) і лічыў што паэзія — вось такая. Верш, які ён хацеў памясціць у нашу філфакаўскую сценгазету, мне не забыць ужо ніколі:
Задзяўбло як каханне звычайнае
І памкненні мае ўсе адчайныя.
Надакучылі тоны эратычнага пылу,
Лепш пайду (…трым-пым-пым) пакахаю гарылу.
Валасатая попа – хіба не лірычна?
Троху жахліва, але экзатычна.
Але наш творчы тандэм распаўся зусім не ад таго, што я праявіў цвёрдасць і сказаў, што ягоны верш — гаўно і ні разу не Жыбуль. Тыя, каторыя пішуць вершы, — яны наогул не схільныя казаць нешта карыснае. Яны дзейнічаюць у рамках закона захавання кампліментаў у прыродзе. Ім вядома, што кампліментаў у свеце нязменная колькасць і калі ты хочаш максімальна іх назапасіць для сябе — трэба час ад часу раздаваць пахвальбы астатнім. Дык вось тандэм наш распаўся не ад маёй прынцыповасці, а ад таго, што калі таварыш папрасіў мяне даць яму рэцэнзію на апошнюю порцыю паэзіі, то бок — выклянчыць кампліменты — я сказаў, што «вось тут у цябе рытм збіты». А гэтага паэты не даруюць нікому.
Яшчэ адну траўму мне нанёс Вячаслаў Пятровіч Рагойша. Я да гэтага часу стаўлюся да Вячаслава Пятровіча надзвычай цёпла і таму пераканаў сябе ў тым, што такую бесчалавечнасць мой выкладчык праявіў ненаўмысна: аднойчы ён запрасіў на лекцыю Змітрака Марозава, які пісаў санеты. Ён так і сказаў: я пішу санеты а пасля ён сказаў, што за лета напісаў дзесяць вянкоў санетаў і нават вянок вянкоў. А можа і вянок вянкоў вянкоў вянкоў. А пасля ён іх чытаў і заўважыў, што адарваўся ад народа. Я спытаў, што значыць адарвацца, а Змітрок адказаў, што калі ён у вёсцы ў бацькоў бачыць праз вакно, як сяляне аруць поле, а ён — стала быць — не арэ, то вось гэта і значыць: адарваўся.
А яшчэ да нас прыходзілі маладыя паэты (дабіваў Вячаслаў Пятровіч) — тыя, каторыя ад Масарэнкі. Я ад іх уцёк, але яны, так мовіць, контратакавалі. Адзін чалавек чытаў верш, дзе былі такія радкі «я гляджу ў люстэрка і бачу пытальны знак». Ну, ці нешта такое. Карацей — траўмавалі мяне і я амаль разлюбіў паэзію.
Прайшлі гады і я, як у галівудскім кіне, — паправіўся. Цяпер мяне не так проста траўмаваць, і нават калі нядаўна да мяне падышоў малады чалавек і папрасіў пачытаць і ацаніць вершы, прысвечаныя ягонай каханай, я, будучы страляным калачом, не разгубіўся і заявіў, што я сам вершы пра каханне не пішу — не ўмею — і таму, адпаведна, не магу ацаніць. За апошні час я амаль не пакрыўдзіў ніводнага паэта і таму дагэтуль жывы.
Апошняя траўма — Арлуша, які стары хрэн і жыве чорце дзе. Але, чарцяка, функцыянуе і гэтым фактам…
Я мог зразумець, калі людзі павальна любілі Веру Палазкову. Гэта такая жанчына-Грышкавец. Палазкова-Грышкавец пад выглядам таго, што пад выглядам банальнасцяў кажа сур’ёзныя рэчы — кажа банальнасці. Вось. За тое дае магчымасць людзям неглыбокім разгледзіць у сябе надрыў і глыбіню. Мае права, хаця я не люблю паэзіі з палавой прыкметай, але гэта праблема хутчэй мая.
Але Арлуша. Цытаваць Арлушу — у любой сітуацыі — гэта як публічна распранацца.
І справа не ў тым, што аматар Арлушы — гэта чалавек, для якога папярэдняе азнаямленне з паэзіяй пачалося і закончылася на «маленькій мальчік рыбку уділ», гэта чалавек які не проста мае ступень эстэтычнай інваліднасці, але гатовы змагацца за сваё права яе папулярызаваць. Шчыра кажучы, калі я прачытаў верш Арлова на смерць Нямцова, які перапошчвалі тысячы і тысячы аматараў краснага слова, я думаў, што дно, яно выглядае вось так.
Ох. О-хо-хоюшкі.
Это случилось в Москве сегодня.
Не промахнулись стволы подлецов.
В строю российской Небесной Сотни
Правофланговым — Борис Немцов.
…Теперь про войну и коррупции кариес,
Про антимайдановских мотокрыс
Пишите Боре, вот новый адрес:
Небесная Сотня. Немцов Борис.
Справа ў тым, што не так даўно іншы вядомы расійскі майстар слова, хоць і палярна зараджаны (Ілля Рэзнік) пісаў верш, каторы з энергіяй ухвалення творчасці Арлушы высмейвала ўсё прагрэсіўнае чалавецтва. У сваім нятленным заслужаны і гэдэ і тэпэ увастае на абарону расійскай творчай нцілігенцыі, якую «санкцыянавалі».
Ну далей у тым жа духу.
Как тень багряного заката,
Спустилась весть на рижский брег:
— Вам не менять рубли на латы,
Персоны звездные «нон-грата»
Иосиф, Лера и Олег.
Сей жест надменный и спесивый
(В душе презренье и тоска!) —
Удар трусливый по России,
Что полон злобы и бессилья,
Тупой удар исподтишка.
То бок, мне не ясна, чаму ў першым выпадку гэта быў геній, а ў другім сорам-сорам. Я, дапусцім, лічу, што у базе абодвух вершаў — твор Мішкі з «По секрету всему свету». Памятаеце, там дзе у іх стырылі ровар-тандэм:
«Не плачьте вы, Денис и Ваня.
Мы горю скажем твердо — нет,
А завтра всем двором мы с вами
Построим новый велсипед».
Гэты злабадзённы пафас. Гэтая поза рупара прыгнечаных і прыніжаных…
Наогул, ёсць вершы — анекдоты. На злобу дня, пасмяяцца. Я ўсё разумею: гісторыя памфлетаў — гісторыя старая і не без перлінаў, трэба сказаць. Але не бывае ці не павінна быць пакутаў на злобу дня.
Год таму наш герой піша пра збіты боінг, але, як і здараецца з паспяховымі камерцыйнымі праектамі, за першай часткай трэба выпускаць другую і другая з’явілася вось толькі што. Называецца яна «пасляслоўем да рэквіема па МН-17». Усё такая ж пафасная, бязлітасная і бессэнсоўная як рускі бунт.
Некалі ў вёсках была прафесія плакальшчыцаў. Звычайна, гэта былі такія бабулі, якія за невялікія грошы бадзяліся ад пахавання да пахавання і галасілі над абсалютна незнаёмым нябожчыкам імітуючы па замове цэлую гаму эмоцыяў.
Але прафесійныя плакальшчыцы, што ў вёсцы, што на Данбасе — не мастацтва. Не мастацтва.
Каментары