ЗША, Кітай, Японія і Еўропа адмянілі пошліны на хайтэк. Мы гэта наўрад ці адчуем.
Сусветная гандлёвая арганізацыя (WTO) дамовілася аб паступовым скасаванні з 2016 года пошлін на высокатэхналагічную прадукцыю. Пагадненне было дасягнутае 18 ліпеня, пра што пісаў Reuters, сусветная прэса звярнула на яго ўвагу 27 ліпеня, пасля афіцыйнага падпісання.
54 краіны-сябра WTO дамовіліся не браць мытныя зборы за смартфоны, планшэты, гульнёвыя кансолі і яшчэ амаль дзве сотні найменняў хайтэк-тавараў. Тэхніка ў гэтых краінах мае патаннець. Праўда, сярод паўсотні краін няма Расіі ці Беларусі.
Абарот рынку высокатэхналагічных тавараў перавышае трыльён даляраў. Краіны, што падпісалі пагадненне (а гэта ЗША, Кітай, Японія, краіны Еўрапейскага саюзу і іншыя, агулам 90% сусветнага ІТ-рынку), страцяць немалыя грошы. Але маюць набыць больш: адмена пошлін выкліча падвышэнне тэмпаў росту высокатэхналагічнага сектару ды стварэнне новых працоўных месцаў. ІТ-гіганты падтрымалі рашэнне.
Расія не далучылася да пагаднення, пажадаўшы абараніць айчыннага вырабніка. Беларусь не ёсць сябрам WTO, але бярэ ўдзел у Мытным саюзе з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам і Расіяй. Калі мы і адчуем падзенне цэн праз іх зніжэнне на Захадзе, яно будзе досыць невялікім праз уласныя мытныя зборы.
Каментары