Суд у Магілёве спыніў справу незалежнай журналісткі Аліны Скрабуновай
Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Алена Волкава 27 ліпеня спыніла справу незалежнай журналісткі Аліны Скрабуновай, абвінавачанай у незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ, з прычыны заканчэння тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання.
Нагадаем, 23 ліпеня суд пачаў разгляд адміністрацыйнай справы Скрабуновай, якую супрацоўнікі Ленінскага РАУС абвінавацілі ў дачыненні да вырабу відэасюжэтаў для замежнага СМІ — тэлеканала «Белсат» без акрэдытацыі ў МЗС як замежнага журналіста. У падрыхтаваных Скрабуновай інтэрв'ю гаварылася пра сітуацыю, у якой апынуліся работнікі збанкрутаванага прадпрыемства «Строммашына». Матэрыялы ўвайшлі ў рэпартаж, які выйшаў у эфір 26 мая. Судовае пасяджэнне двойчы пераносілася паводле хадайніцтва журналісткі з-за немагчымасці прысутнасці яе адваката і было прызначанае на 27 ліпеня.
Сёння на пасяджэнні Скрабунова заявіла, што не рыхтавала 26 мая інтэрв'ю з указанымі міліцыяй асобамі, бо ў той дзень на «Белсаце» ўжо выйшаў рэпартаж, у падрыхтоўцы якога яе вінавацяць. Дата зносін Скрабуновай з тымі, у каго яна брала інтэрв'ю, на судзе ўстаноўленая не была.
Згодна з матэрыяламі справы правапарушэнне, якое ставіцца ў віну Скрабуновай, было ўчыненае 26 мая, а тэрміны для накладання адміністрацыйнага спагнання мінулі 27 ліпеня, гаворыцца ў сённяшнім рашэнні суда Ленінскага раёна. З-за гэтай прычыны суддзя Волкава спыніла адміністрацыйны працэс у дачыненні да журналісткі.
«Рашэннем суда задаволеная, хоць хацелася б, каб прычына была іншая, таму што лічу абвінавачанне незаконным», — заявіла БелаПАН Скрабунова. Яна таксама ўказала, што пры падрыхтоўцы матэрыялаў яе адміністрацыйнай справы маёр міліцыі Сініцкі дапусціў шмат парушэнняў. «Паспрабую пакараць міліцыянера, які дапусціў гэтулькі парушэнняў, — гэта маёр міліцыі Сініцкі. Ён падрабіў дакументы ў маёй справе, пра што я інфармавала суд і прасіла праглядзець відэаздымку майго знаходжання ў РАУС. Таму што ў РАУС былі адны дакументы, а ў судзе былі зусім іншыя», — адзначыла незалежная журналістка.
Паводле яе слоў, паказанні сведак у справе былі няправільна аформленыя і не мелі законнай сілы. «Я пра гэта згадала. Калі ж у судзе 23 ліпеня я стала глядзець справу, то ўбачыла, што пратаколы допыту былі поўнасцю перапісаныя, прычым не больш познім, а больш раннім днём, гэта значыць, тут чыста падробка», — заявіла Аліна Скрабунова, адзначыўшы, што з матэрыялаў справы зніклі зробленыя ёю заўвагі на адміністрацыйны пратакол.
Каментары