У аўторак будуць судзіць глыбоцкую журналістку Таццяну Смоткіну
Таццяну Смоткіну выклікаюць у суд Глыбоцкага раёна 28 ліпеня на 14.30. Хто будзе весці працэс, пакуль невядома. Позву даслалі заказным лістом.
«Я вырашыла, што адвакат мне не патрэбны — буду бараніцца сама. Збіраюся стаяць на тым, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права кожнаму грамадзяніну як здабываць інфармацыю, так і дзяліцца ёй з ішымі», — сказала Таццяна Смоткіна службе маніторынгу ГА «БАЖ».
На журналістку завялі адміністрацыйную справу пасля з'яўлення на сайце «Беларускага Радыё Рацыя» матэрыяла «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі».
«Гэта матэрыял пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі каналізацыйныя люкі, «ператварыўшы» іх у «чарапашак», «рыбак», «гузікі» ды іншыя забаўкі. За яго старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла 25 чэрвеня і склаў на мяне пратакол правапарушэння. Прычым не патлумачыў мне правы і абавязкі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, пра што я ў тым самым пратаколе і напісала заўвагу», — распавяла Таццяна Смоткіна.
Гэта пратакол разам з іншымі матэрыяламі справы міліцыя накіравала ў суд. Суддзі не пагадзіліся разглядаць дакументы, заўважыўшы памылкі ў іх афармленні. Матэрыялы вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю, і 10 ліпеня старшы інспектар Вячаслаў Барыла зноў выклікаў журналістку, каб нарэшце патлумачыць ёй правы.
Цяпер у адміністрацыйнай справе ёсць два асобныя пратаколы: уласна пра правапарушэнне і пра тое, што праз два тыдні пасля апытання ў міліцыі Таццяне Смоткінай нарэшце паведамілі, што яна можа карыстацца паслугамі адваката, знаёміцца з матэрыяламі справы, мае іншыя правы ды абавязкі.
Гэткім чынам у міліцыі паступілі і з незалежным журналістам Змітром Лупачам. У яго справе таксама былі два пратаколы, і суд не ўлічыў парушэння яго правоў з боку міліцыі. 23 ліпеня Лупача прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 22.9 КаАП ч.2 і аштрафавалі на 4, 5 мілёны рублёў.
Каментары