Трохметровы конус афіцыйна трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса.
Нарвежскі вырабнік марозіва Hennig Olsen прадставіў рэкордна вялікі пачастунак. Трохметровы конус дастаўлялі гледачам на верталёце, распавядае NRK.
Вышыня марозіва склала афіцыйна рэкордныя 3 метры 8 сантыметраў. Яно ўтрымлівала 1080 літраў ўласна ванільнага марозіва, 40 літраў бруснічнага джэму і 60 літраў шакаладу, а адзін толькі бісквітны конус важыў 75 кг.
На яго выраб спатрэбілася чатыры месяцы.
Верталёт з марозівам сустракалі каля 9 тысяч гледачоў. Пасля рэгістрацыі рэкорду яны атрымалі па кавалку марозіва. Папярэдняе рэкордна вялікае марозіва, згатаванае ў 2011 годзе, мела вышыню 2,81 метры.
Ці стала марозіва найцяжэйшым у свеце, невядома. У 2014 годзе ў штаце Вісконсін (ЗША) было прадстаўленае «чыстае» (без конуса, джэму ці шакаладу) марозіва вагой 1365 кг. Нарвежскае марозіва ў залежнасці ад рэцэпту і крытэраў узважвання (толькі ўласна марозіва ці дадаткі таксама) можа быць лягчэйшым ці цяжэйшым.
Каментары