Расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў у інтэрв'ю РБК распавёў пра беларускі калійны праект, на рэалізацыю якога «Славкалій» мае намер прыцягнуць крэдыт Дзяржаўнага банка развіцця Кітая ў памеры 1,4 млрд даляраў, а таксама пра адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.
Цяпер, па словах Гуцэрыева, узгадняюцца апошнія дэталі наконт крэдыту. «Я думаю, да канца месяца падпішам крэдытнае пагадненне. Увесь праект ацэньваецца ў $1,6 млрд, з іх 85% прадставіць Банк развіцця Кітая, 15% ўкладуць інвестары, гэта значыць мы», — адзначыў ён, распавядаючы пра сваіх партнёраў па бізнэсе, гэта брат Саіт-Салам Гуцэрыеў і пляменнік Мікаіл Шышханаў.
Сваё жаданне ўзяцца за маштабны калійны праект Гуцэрыеў растлумачыў так: «Запасы вельмі вялікія: 3 млрд т, паводле заходняй класіфікацыі падліку запасаў. Крэдыт звязаны, будаваць будуць кітайцы і беларускія будаўнікі. Магутнасць першай чаргі мае скласці 2 млн т».
Пры гэтым бізнэсмен не выключыў магчымасць у перспектыве прадаць гэты актыў, у тым ліку камусьці з буйных сусветных гульцоў.
«Кожная здзелка з добрай прыбытковасцю, калі рэнтабельнасць на ўкладзены даляр складае 100% гадавых, магчымая. Усё можа быць прададзена на такіх умовах», — адзначыў ён.
Пры гэтым алігарх запэўніў, што з Лукашэнкам мае «добрыя працоўныя і чалавечыя адносіны, але не больш».
«Усё вельмі строга. Ён прэзідэнт дзяржавы, а я ўсяго толькі інвестар», — заявіў Гуцэрыеў.
«Славкалій» з'яўляецца кампаніяй — рэзідэнтам Беларусі, заснаванай ў 2011 годзе брытанскай GMC Global Energy plc Міхаіла Гуцэрыева. Кампанія, заручыўшыся падтрымкай беларускага ўрада, плануе пабудаваць горна-абагачальны комплекс магутнасцю ад 1,1 да 2 млн тон хларыду калію ў год.
У 2012 годзе Гуцэрыеў заяўляў, што інвестарам у праекце акрамя яго кампаніі выступіць адзін з расійскіх банкаў, у тым ліку Ашчадбанк Расіі. Агульны аб'ём інвестыцый можа дасягнуць 1,8—2 млрд даляраў. Аднак санкцыі ў дачыненні да расійскіх дзяржбанкаў перакрылі доступ да таннага фінансаванню на заходніх рынках капіталу. Мабыць, таму зараз у праекце з'явіўся Дзяржбанк развіцця Кітая.
Каментары