Як праходзіць збор подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду? «Савецкая Беларусія» апублікавала падборку рэпартажаў з абласных цэнтраў — Гомель, Брэст, Магілёў, Гродна.
Як карэспандэнты газеты Адміністрацыі прэзідэнта апісваюць збор подпісаў за розных кандыдатаў?
Вось прамова, у якой выбаршчыца тлумачыць, чаму падтрымлівае Лукашэнку: «Убачыла фота ля пікета, падышла і падтрымала. Наш прэзідэнт — чалавек канкрэтны, і я таксама. Мае дзеці бясплатна адвучыліся ў вышэйшых навучальных установах, знайшлі працу. Я працую. Няма дэфіцыту. Усё спакойна. Дзяцей колькі стала нараджацца! Дамы будуюць, школы, дарогі, стадыёны. Значыць, кіраўніцтва краіны нармальна робіць сваю працу. І гэта моцны козыр кандыдата Лукашэнкі ў барацьбе за новы прэзідэнцкі тэрмін».
Таксама ў Гомелі нехта падпісаўся за Сяргея Калякіна. З якой матывацыяй, паводле «СБ»? «Твар прыемны.
А калі шчыра, мне хочацца, каб на выбарах быў выбар. Кожны грамадзянін Беларусі можа вылучаць сваю кандыдатуру. У нас шмат разумных і таленавітых людзей. Трэба даць ім магчымасць прадставіць свае палітычныя праграмы і тады ўжо выбіраць», – адзначае хатняя гаспадыня.
Пераносімся ў Брэст. Там «СБ» знайшла чалавека, які пакінуў подпіс за Таццяну Караткевіч: «Хочацца падтрымаць жанчыну. Сімпатычная».
А што ў трэцяга кандыдата ад апазіцыі, Анатоля Лябедзькі?
«Некаторыя з мінакоў здалёку разглядаюць агітацыйныя плакаты і ідуць далей. Пажылы мужчына, доўга ўчытваўся ў біяграфію прэтэндэнта, у нейкі момант махнуў рукой:
«А, усё ясна – ён жа дэпутатам Вярхоўнага Савета ужо быў».
Праўда, што ясна, чалавек не патлумачыў. Да століка з перадвыбарнай агітацыяй падыходзяць два нецвярозыя таварышы: «Вы тут подпісы збіраеце? Давайце, свае паставім. Але вы нам 10 тысяч дайце, вельмі не хапае», — расказвае магілёўскі карэспандэнт.
Як вынікае з матэрыяла «СБ», з асноўных кандыдатаў толькі Лябедзька не можа сабраць галасы ў сваю падтрымку. Гэта не першы выпадак, калі лідар АГП становіцца мішэнню ў матэрыялах прапагандыстаў. Тэлеканал АНТ паказаў выпуск праграмы «Как есть», прысвечанай Лябедзьку.
Каментары