Цэнтрвыбаркам апублікаваў спісы ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Гэта пералік тых людзей, якія на працягу месяца будуць стаяць у пікетах і хадзіць па кватэрах, каб сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.
Фота Сяргея Гудзіліна.
Сярод актывістаў мала вядомых асобаў, аднак нават сухія лічбы даюць выдатную карціну беларускага палітычнага жыцця.
У ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі 10 430 чалавек. Як яны набіраліся — невядома, бо абвесткі аб пошуку актывістаў не публікаваліся ў адкрытым доступе. Таямніца раскрываецца пры аналізе гендарнай прыналежнасці сяброў ініцыятыўнай групы.
Сярод «прыхільнікаў» Лукашэнкі 8673 жанчыны і 1757 мужчын. Прапорцыя складае 83:17. У 2010 годзе назіралася падобная сітуацыя, 81:19. Гэта неймаверныя лічбы! Яны дапушчальныя толькі ў выпадку, калі кандыдат мае яркую гендарную праграму, напрыклад, прадстаўляе жаночую партыю.
Зрэшты, раўнютка такая прапорцыя мужчын і жанчын сустракаецца ў зборніку Белстата, прысвечанаму адукацыі. Сярод настаўнікаў у беларускіх сярэдніх школах працуе 83% жанчын і 17% мужчын. Супадзенне?
У цэлым мужчыны ў сілу тых ці іншых абставінаў праяўляюць большую палітычную актыўнасць за жанчын. Такая тэндэнцыя назіраецца бадай ва ўсіх краінах свету. Рада Еўропы дэкларуе ў якасці адной з мэтаў давядзенне долі жанчын ва ўладзе да 40%.
Чым вышэйшы ўзровень улады, тым доля жанчын становіцца меншай. Напрыклад, сярод дэпутатаў беларускіх мясцовых саветаў летась было абрана 46% жанчын. У палаце прадстаўнікоў гэты паказчык зніжаецца да 26%, жанчын-міністраў — дзве.
Факт у тым, што ні на адной прыступцы палітычнай актыўнасці жанчын не бывае больш за мужчын. Аналіз спісаў ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты пацвярджае гэтую думку.
Напрыклад, сярод зборшчыкаў Анатоля Лябедзькі 62% мужчын, у Сяргея Гайдукевіча — 60%. У Сяргея Калякіна і Таццяны Караткевіч — па 57%. Кандыдат Жанна Раманоўская з нерэпрэзентатыўнай малой ініцыятыўнай групай мае ў спісе 53% мужчын. У Віктара Цярэшчанкі — 50,4%.
Падобная карціна назіралася і ў 2010 годзе. Напрыклад, у ініцыятыўнай групе Міколы Статкевіча было 62% мужчын, у Андрэя Саннікава — 64%. Некаторыя кандыдаты находзіліся крыху далей ад сярэдняй велічыні (у Гайдукевіча тады было 52% мужчын, у Цярэшчанкі — 70%), аднак ні ў кога з прэтэндэнтаў жанчыны ў спісах не пераважалі.
То бок усе апаненты ўлады (тыя, хто хаця б заклікаюць галасаваць за сябе, а не за Лукашэнку), маюць сярод сваіх актывістаў 55—60% мужчын.
А што ж Мікалай Улаховіч, пра набор у ініцыятыўную групу якога не было вядома да апошняй хвіліны падачы дакументаў у ЦВК? Ягонае «Беларускае казацтва» — ушчэнт мужчынская арганізацыя, аднак у ініцыятыўнай групе лідара толькі 29% мужчын. Гэтая лічба куды бліжэй да паказчыкаў Лукашэнкі.
* * *
Доля мужчын і жанчын у ініцыятыўных групах
№ | Кандыдат | Група | Доля мужчын | Доля жанчын |
1 | Аляксандр Лукашэнка | 10577 | 17% | 83% |
2 | Сяргей Гайдукевіч | 2481 | 60% | 40% |
3 | Таццяна Караткевіч | 1993 | 57% | 43% |
4 | Сяргей Калякін | 1510 | 57% | 43% |
5 | Мікалай Улаховіч | 1426 | 29% | 71% |
6 | Анатоль Лябедзька | 977 | 62% | 38% |
7 | Віктар Цярэшчанка | 946 | 50,4% | 49,6% |
8 | Жанна Раманоўская | 110 | 53% | 47% |
Каментары