Таксама гэтую структуру называюць «замкам».
Міжпланетная станцыя New Horizons сфатаграфавала на найвялікшым спадарожніку Плутона Хароне незвычайную структуру — упадзіну з выпукласцю ў цэнтры, паведамляе NASA.
Гара ва ўпадзіне мае, мяркуючы па фота, вышыню ў некалькі соцень метраў. Сфатаграфаваны ўчастак, як паведамляецца, мае даўжыню 390 кіламетраў.
Здымак быў атрыманы з адлегласці 79 тысяч кіламетраў ад паверхні Харона за паўтары гадзіны да максімальнага збліжэння з Плутонам.
Паходжанне «прышчыка» нявызначанае. Побач з ім заўважныя кратары, але ў дастаткова малой колькасці, што дазваляе казаць пра актыўныя геалагічныя працэсы на Хароне. Узрост кратараў ацэньваецца ў 100 млн год.
Гэта не першая незвычайная геалагічная структура, знойдзеная на Хароне: днём раней навукоўцы пабачылі на фота New Horizons «Мордар» — цёмную вобласць ля паўночнага полюсу. Сусветную папулярнасць раней атрымаў здымак «сэрцайка» на Плутоне.
***
Чакаецца, што New Horizons прапрацуе яшчэ 5-7 год. Апарат быў запушчаны ў студзені 2006 года, у 2007-м праляцеў міма Юпітара. Пасля пралёту міма Плутона апарат нацэліцца на адзін з іншых аб’ектаў Поясу Койпера — поясу лёдных астэроідаў, у які ўваходзяць і Плутон з братам Харонам.
Каментары