Прыйшоў час аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швецыяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 25 чэрвеня даверчыя граматы шведскага пасла Марціна Оберга. «Беларусь заўсёды выступала за ўзважаны, станоўчы і прагматычны дыялог з усімі краінамі».
Швецыя, адзначыў Лукашэнка, адыгрывае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Еўропы. «Яе голас важка гучыць у Еўрасаюзе. Ды і мы ніколі не ўтойвалі, што нам ёсць чаму павучыцца ў Швецыі», — дадаў ён.
Марцін Оберг з ліпеня 2013 года працаваў у Мінску ў рангу часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі, а ў канцы красавіка гэтага года быў прызначаны паслом.
Як вядома, у жніўні 2012 года паміж Мінскам і Стакгольмам здарыўся дыпламатычны канфлікт. Прычынай стала рашэнне беларускіх уладаў не працягваць акрэдытацыю шведскаму паслу Стэфану Эрыксану, якога Мінск абвінаваціў у дэструктыўнай дзейнасці.
Каментары