Зараз Windows з прадукту ператворыцца ў сэрвіс.
«Цяпер мы выпускаем Windows 10, а праз тое, што Windows 10 гэта апошняя версія Windows, мы ўсе працуем над Windows 10», — такую загадкавую фразу сказаў Джэры Ніксан, распрацоўшчык-«евангеліст» Microsoft, перадае The Verge.
Фраза значыць, што Microsoft не працуе адначасова над яшчэ адной версіяй Windows — як падчас выпуску Windows 8.1 працавала над Windows 10. Пасля «дзясяткі» кампанія не плануе «наступную Windows».
Цяпер распрацоўшчыкі могуць вольна казаць пра абнаўленні Windows, бо ніякага «вялікага сакрэту» няма — Windows будзе атрымліваць паступовыя, невялікія абнаўленні. У якасці прыкладу прыводзіцца браўзер Chrome, які абнаўляецца рэгулярна, але без гучных прэзентацый і рэвалюцыйных змен.
Гэта можа гучаць як адмова ад Windows ці спроба яе «забіць», але на самой справе гэта сведчыць аб змене бізнес-мадэлі. Ад мадэлі рэгулярнага продажу новых праграмных прадуктаў Microsoft пяройдзе да мадэлі «Windows як сэрвіс».
Windows 11 ці Windows 12 не купіш. Прыйдзецца купляць падпіску на Windows на яшчэ адзін год.
Падрабязнасці схемы распаўсюду невядомыя. Магчыма, схема будзе падобнай да сённяшняга распаўсюду пакету праграм Office 365. Таксама невядома, як аперацыйная сістэма будзе працаваць у выпадку неаплаты.
***
Папярэднюю версію Windows 10 можна бясплатна паспрабаваць ужо сёння. Яна мае цесную інтэграцыю настольнага камп’ютара і мабільных прылад, галасавы асістэнт Cortana, браўзер Edge (раней вядомы як Project Spartan), перапрацаванае меню «Пуск» ды мноства іншых навінак.
Выхад настольнай версіі Windows 10 чакаецца летам 2015 года, мабільнай — крыху пазней.
Каментары