Нечаканы фільм нью-ёрскага інтэлектуала Вудзі Алэна распавядае пра выпадак, наканаваньне й канфармізм. Небагатага інструктара па тэнісе прывячаюць у заможнай сям’і. У героя (Джонатан Рыс Мэерз) ёсьць шанец зрабіць імклівую кар’еру, ажаніўшыся з арыстакраткай Хлояй. Але ягоныя пачуцьці належаць пекнай амэрыканцы (Скарлет Ёхансан).
Матч-пойнт (Match Point).
Вялікабрытанія–ЗША, 2005, каляровы, 124 хв.
Жанр: драма.
Адзнака: 9,5 (з 10).
Нечаканы фільм нью-ёрскага інтэлектуала Вудзі Алэна распавядае пра выпадак, наканаваньне й канфармізм. Небагатага інструктара па тэнісе прывячаюць у заможнай сям’і. У героя (Джонатан Рыс Мэерз) ёсьць шанец зрабіць імклівую кар’еру, ажаніўшыся з арыстакраткай Хлояй. Але ягоныя пачуцьці належаць пекнай амэрыканцы (Скарлет Ёхансан).
Каліграфічны шэдэўр Вудзі Алэна абсалютна клясычны – як раманы ХІХ ст., нетаропкія, глыбінна-псыхалягічныя, загрувашчаныя сацыяльнаю крытыкай. Неверагодная чысьціня кадру, абэртоны пачуцьцяў, дакладнасьць і далікатнасьць. Назваць гульню Скарлет Ёхансан геніяльнай – значыць выказацца надзвычай сьціпла. Сэксапільная, знэрваваная, з суіцыдальным комплексам Мэрылін Манро – у багатых ангельскіх інтэр’ерах, дзе яна застанецца чужаніцаю.
У канфлікце Старога й Новага Сьвету пераможа Эўропа, але аўтар стужкі – амэрыканец, і эўрапейскі шэдэўр працінаюць контравэрсійныя спасылкі, якія сьведчаць пра «культурную» старасьць. Героі Вудзі Алена – гэта Раскольнікавы эпохі постмадэрну, калі канфармізм абвянчаны з кляўстрафобіяй, абгортка замяняе душу, а пакуты сумленьня выглядаюць ілюзіяй.
«Матч-пойнт» – гэта шэдэўр, але ў часы Макдоналдсаў – гэта шэдэўр толькі на адзін прагляд.
Андрэй Расінскі
Каментары