Супрацоўніка «КП в Беларуси» затрымалі за фатаграфаванне будынка Акадэміі навук
Міліцыянтаў выклікаў ахоўнік будынку, які заявіў пра забарону фатаграфавання і забраў у Дзмітрыя Ласько пашпарт.
Інцыдэнт адбыўся а 20-й гадзіне 26 лютага. Супрацоўнік «Комсомольская правда в Беларуси» збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынку прэзідыума Акадэміі навук на праспекце Незалежнасці ў Мінску, але быў затрыманы ахоўнікам будынку.
«Ахоўнік заявіў, што фатаграфаванне адміністрацыйнага будынку забаронена, і папрасіў прад’явіць дакументы. Я прад’явіў яму пашпарт, які ён адразу забраў сабе і выклікаў супрацоўнікаў міліцыі. Міліцыянты, што з’явіліся на месцы праз колькі хвілінаў, пацвердзілі забарону на фатаграфаванне, пасадзілі мяне ў службовую машыну і даставілі ў аддзяленне», — распавёў Дзмітрый Ласько.
Дзмітрыя Ласько адвезлі ў Першамайскае РУУС, дзе пратрымалі да поўначы. Па словах супрацоўніка газеты, міліцыянты вельмі пільна разглядалі ўсе фотаздымкі з фотаапарата, цікавіліся прафесійнай дзейнасцю і склалі пратакол апытання.
«Міліцыянты спасылаліся на нейкую пастанову міністра ўнутраных спраў Беларусі ад 25 лютага 2015 года, паводле якога нібыта забаронена фатаграфаваць адміністрацыйныя будынкі. Спачатку яны хацелі забраць у мяне усе флэш-карты з фотаапарата, але потым вырашылі гэтага не рабіць. Вызвалілі мяне апоўначы», — дадаў Дзмітрый Ласько.
Каментары