Тэфлон -– цудоўны матэрыял! Уявіце сабе: да яго не ліпне тлушч і бруд, не прыгарае ежа, скатваецца вада… Ці дзіва, што яго ўсё больш вакол нас? Сучаснаму чалавеку ўнікнуць тэфлону цяжка, амаль немагчыма. Абшыўка самалёта, крэмы ад прышчоў, вопратка для турызму, мікрасхемы ў камп'ютарах, зубныя ніці, упакоўкі прадуктаў харчавання, пена для тушэння пажару, мэбля, матрасы для хатніх жывёлак, сродкі для мыцця посуду… Спіс літаральна бясконцы. Але найбольш нас цікавіць, зразумела, тэфлонавы посуд: ці бяспечна ім карыстацца?
Пачнём з таго, што з 2004 года на прадпрыемстве DuPont у гарачых тэфлонавых цэхах людзі працуюць у рэспіратарах. Бо пары тэфлону (а дакладней, перфторактанавай кіслаты) пачынаюць выдзяляцца ўжо пры нагрэве да 202 градусаў. Мікраскапічныя часцінкі пры гэтым трапляюць у лёгкія, выклікаючы смерць у птушак, а ў людзей — сімптомы палімернай дымавой гарачкі, упершыню зафіксаванай на заводзе ў 1950 годзе.
Эксперты Environmental Working Group выявілі, што тэфлонавая патэльня ўжо за 2—5 хвілін награваецца значна мацней, чым указвае вытворца.
Не ўсе навукоўцы лічаць даказаным, што накапленне тэфлону ў арганізме прыводзіць да зніжэння здольнасці зацяжарыць. Але кампанія-вытворца ўжо выплаціла мільённыя кампенсацыі людзям, чыё здароўе падарваў тэфлон, які накопліваецца ў чалавечым целе, патэнцыйна можа выклікаць рак. І вельмі цяжка выводзіцца.
Прыпёртае фактамі, кіраўніцтва кампаніі нават паабяцала спыніць вытворчасць тэфлонавых патэльняў з 2015 года. Ці знайшлі яны альтэрнатыву цуда-матэрыялу? Пабачым. Але варта ўжо сёння прытрымлівацца простых правілаў.
1. Калі адмовіцца ад тэфлонавага посуду цалкам на карысць чыгунных патэльняў, керамічных гаршчкоў ды рондляў з нержавейкі не атрымліваецца, хаця б не перагравайце патэльню: пакрыццё ад гэтага пашкаджаецца хутчэй, чым ад шкрэбання відэльцам. Мяняйце патэльню раз на 1—2 гады, нават калі на ёй няма відавочных дэфектаў, і адразу ж -– калі дэфекты ёсць.
2. Не купляйце ежу хуткага прыгатавання ў пакунку для разагрэву ў мікрахвалёўцы -– упакоўка ўтрымлівае тэфлон.
3. Вопратку з тэфлонам вы, зразумела, не грэйце да 200 градусаў, але не варта рабіць яе штодзённай.
4. Калі на крэме, пене, лаку вы бачыце «fluoro», «perfluoro» ці PTFE — там утрымліваецца тэфлон. Ці будзеце наносіць яго на цела — вырашаць вам.
Нарэшце, вы можаце зрабіць экалагічнае антыпрыгарнае пакрыццё сваімі рукамі). Змяшайце і ўзбіце міксерам 1 шклянку мукі, столькі ж кулінарнага тлушчу альбо топленага масла, столькі ж алею (аб’ём павялічыцца ўдвая). Дадавайце муку, пакуль не дасягняце густаты смятаны. Наносьце на паверхню посуду тонкім слоем пэндзлікам перад запяканнем мяса ці рыбы. Страва не падгарыць, а посуд лёгка адмыецца.
Каментары