У мінскай піраговай-кавярні «Штоле», той, што ля парку Горкага, працуе беларускамоўны афіцыянт.
Калі я зайшла туды сонечным восеньскім ранкам, афіцыянтаў аказалася двое, абодвум мужчынам далёка за 30. Які з іх той, што мне патрэбны? А можа быць, сёння ўвогуле не ягоная змена. Але я трапіла! «Які пірог жадаеце? Гарбату чорную, зялёную, зёлкавую?» — запытаўся мужчына і так прыемна ўсміхнуўся. Я вырашыла не губляць часу і пагутарыць з ім, пакуль кліентаў было няшмат.
Яго завуць Сяргей Сачыўка, ён высокі, падцягнуты, з яскравымі вачыма і прыемнай усмешкай. Жанаты, дарэчы, мае дачку. Пачаў сваю працу ў «Штоле» з тых часоў, як яны толькі пачалі з’яўляцца ў Мінску.
— А вы даўно беларускамоўны? — спыталася я.
— Ды не, стаж мой — адзін год толькі.
— Адзін год? Але ўражанне такое, што вы гаворыце па-беларуску ўсё жыццё. Што ж вас падштурхнула?
— Усяго патрошку. Цікавасць да мовы з’явілася даўно. Калі прыйшоў з арміі, адчуў страшную прагу да літаратуры і пачаў чытаць усё, што траплялася ў рукі.
У 90-я шоргаўся па кнігарнях і набываў беларускія кнігі. Набыў нават слоўнік, каб перакладаць ды чытаць. Пераломным момантам стала кніга Міколы Ермаловіча, пасля якой мне стала не сорамна быць беларусам.
— А як людзі ставяцца да вашай беларускамоўнасці?
— Вельмі пазітыўна. Я здзівіўся нават. Часта дзякуюць за мову.
— Мова змяніла вас?
— Я пачаў адчуваць сябе часткай чагосьці вялікага і вартага.
Працадаўца падтрымлівае Сяргея. Дома сям’я спачатку здзівілася такому рашэнню: не кожны дзень чалавек прачынаецца, а з ягоных вуснаў ліецца ўжо іншая мова. Але цяпер яго дачка-школьніца рыхтуецца здаваць ЦТ па-беларуску.
— А цяжка было перайсці на мову? Я сама першыя некалькі месяцаў амаль не размаўляла ні з кім, так складана было падабраць словы.
— У мяне тое самае было. Адчуваў сябе тармазнутым. Галоўнае, чытаць у гэты час шмат і мець сілы не адмовіцца ад задумы. І, напэўна, усе складанасці забываеш, калі бачыш, як удзячна на цябе глядзяць людзі і як ім гэтага не хапае.
Пакуль гутарылі, ля кас сабраўся натоўп, Сяргей быў вымушаны ісці на дапамогу. Па ўсёй кавярні разносілася прыгожая беларуская мова.
Каментары