Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў у ходзе відэабрыфінгу 20 кастрычніка.
«На гэтым тыдні чакаецца вельмі няўстойлівае надвор'е: пахаладанне, мокры снег з дажджом, галалёдныя з'явы, парывісты вецер, скачкі атмасфернага ціску, да канца тыдня істотнае ўзмацненне маразоў», — сказаў сіноптык.
Паводле яго слоў, «у аўторак пад уплывам цыклона і яго пастаянных спадарожнікаў атмасферных франтоў будзе сыра, ветрана: на большай частцы тэрыторыі дажджы, ноччу па Віцебскай вобласці месцамі моцныя дажджы, днём у паўночных раёнах краіны магчымы мокры снег». Тэмпература паветра на працягу сутак плюс 6—12°С, днём у паўднёвых раёнах да плюс 14°С.
«У сераду, па меры адходу цыклона на Балканы з паўночнымі вятрамі, пачынаючы з паўночна-ўсходніх раёнаў, накіруецца арктычны холад і пачнецца пахаладанне: ноччу месцамі, днём пераважна па паўднёва-заходняй палове кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег), у асобных раёнах слабы галалёд», — паведаміў Рабаў. Тэмпература паветра ноччу мінус 3 — плюс 4°С, днём 0 — плюс 6°С; па паўднёвым захадзе ноччу плюс 5—10°С, днём плюс 7—12°С.
«Далей уладу над надвор'ем возьме халодны скандынаўскі антыцыклон, які будзе змяшчацца ў паўднёвым напрамку. Ён будзе адціскаць ападкі на поўдзень, але пры гэтым узмацняць маразы», — адзначыў спецыяліст.
У чацвер па паўднёва-заходняй палове ападкі (дождж, мокры снег). Месцамі галалёд, на дарогах галалёдзіца. У асобных раёнах узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ноччу 0 — мінус 7°С, днём мінус 2 — плюс 3°С, па паўднёвым захадзе на працягу сутак плюс 1—5°С.
У пятніцу антыцыклон будзе ўзмацняць свой уплыў і прынясе надвор'е пераважна без ападкаў, толькі па поўдні кароткачасовы снег, мокры снег, слабы галалёд. На дарогах месцамі галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу 0 — мінус 7°С, па паўночным усходзе да мінус 10°С, днём мінус 3 — плюс 3°С.
Паводле слоў Рабава, «у выхадныя чакаецца больш спакойнае надвор'е, спыненне ападкаў, але далейшае ўзмацненне маразоў».
Будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 4—10°С, месцамі да мінус 11—15°С, днём мінус 3 — плюс 3°С.
Каментары