У Мінску з аўкцыёну пойдзе гісторыка-культурная каштоўнасць па Кастрычніцкай, 16
Аўкцыён па продажы комплексу будынкаў па вул. Кастрычніцкай, 16 праводзіцца ўпершыню. Пра тое, што раён забудовы вуліцы Кастрычніцкай варта выкарыстоўваць больш эфектыўна, гаварылася не раз. Цэнтр горада, каларытныя прамысловыя будынкі пачатку ХХ стагоддзя — ідэальная пляцоўка для стварэння культурна-забаўляльнай прасторы. Трымаць тут сучасную вытворчасць не выгадна — помнікі архітэктуры перабудоўваць забаронена ахоўным заканадаўствам, таму вытворцам не разгарнуцца.
І цалкам лагічным выглядае тое, што «ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання маёмасці ААТ «МЗОР» — кіруючая кампанія холдынгу «Белстанкаінструмент» выставіла чатыры свае будынкі на таргі.
Пачатковы кошт лота 116.153.808 беларускіх рублёў з ПДВ — крыху менш за 11 мільёнаў даляраў. Агульная плошча адміністрацыйна-бытавых і вытворчых карпусоў — амаль 7000 квадратных метраў. Аб'екты месцяцца на ўчастку плошчай больш за 9,5 гектара, ён перадаецца прадаўцу на права часовага карыстання (па 2019/12/31). У лота ёсць абцяжаранне ў выглядзе дамоваў арэнды (нагадаем, у адным з будынкаў месціцца бар «Хуліган»).
У мэтах захавання цэласнасці гісторыка-архітэктурнага комплексу «будынкі былога металаапрацоўчага завода», якія з'яўляюцца па класіфікацыі трэцяй катэгорыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці, прадаюцца адным лотам.
— У адпаведнасці з генеральным планам г. Мінска вытворчы комплекс ААТ «МЗОР» падлягае вынасу, — растлумачыў прадстаўнік арганізатара аўкцыёну. — Горадабудаўнічым праектам прадугледжана трансфармацыя існуючай вытворчай забудовы прадпрыемства з размяшчэннем інвестыцыйных участкаў для будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага комплексу, выставачна-музейнага комплексу і шматузроўневай аўтастаянкі. будынак былога металаапрацоўчага завода, уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў РБ, захоўваецца, ён падлягае рэстаўрацыі і прыстасаванню для стварэння музейна-асветніцкага комплексу.
Так як прадмет аўкцыёну з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, новы ўласнік маёмасці абавязаны на працягу аднаго месяца падпісаць ахоўныя абавязацельствы.
Арганізатар аўкцыёну — ЗАТ «Цэнтр прамысловай ацэнкі». Аўкцыён адбудзецца 5 лістапада 2014, заяўкі прымаюцца да 3 лістапада.
Прыклад ператварэння прамзоны ў гандлёвы цэнтр можна разгледзець на прыкладзе гандлёвага цэнтра ў Беластоку.
Каментары