Меркаванні8686

Пяць нярускіх капеек, ці Пра карысць самаметамарфозы. Стась Карпаў пра тое, як адбылося перараджэнне Кібальчыч

Люблю халіварчыкі. Не таму, што ў мяне псіхалогія кантралёра, а таму, што халіварчыкі, ведаеце, дазваляюць і нават прымушаюць фармуляваць. На працягу апошніх некалькі дзён усе фармулявалі. Фармулявалі, фармулявалі і выфармулявалі. У першую чаргу Кацярына Кібальчыч абазначыла сваё стаўленне да адэптаў майдану і гэтых дурацкіх беларусаў, якія носяцца са сваімі лозунгамі, надыхаўшыся ўкраінскай газы.

У адрозненне ад іншых каментатараў, сам па сабе яе тэкст мяне цікавіць мала, паколькі ён уяўляе сабой праграмную заяву работніка праграмнага тэлеканала, які праграмуе высокадухоўны электарат. У тэксце казённы сарказм пра нейкія там «еўрапейскія каштоўнасці», пра адсутнасць цвёрдай рукі (якой па асабістых прычынах прагне калі не кожная жанчына, то праз адну) і шмат чаго нецікавага яшчэ. Усё гэта я чуў. Таму я ўсё пра іншае. А дакладней – мяне цікавіць схема, па якой чалавек становіцца «абаронцам планеты ад еўрапейскіх каштоўнасцяў». Такім калектыўным прылепіным – не па адметнасцях будовы галавешкі, а па свядомым выбары.

 Вось жыў сабе чалавек, жыў. А пасля – раз і пачаў пісаць пра крывавага карупцыянера Парашэнку.

Пра «рабят у балаклавах», каторыя «спальваюць жыўцом людзей у Адэсе», збіваюць кандыдатаў у прэзідэнты і грамяць амбасады. І каторыя – о жах! – пяюць «мацерныя частушкі» – на стадыёне. А вось чалавек кажа, што пазіцыя ў яго «не столькі палітычная, колькі этычная». О, як. Што з ім здарылася? Пульс у норме. Зрэнкі рэагуюць на святло. Страваванне нармальнае. Рэфлексы там усялякія. Ходзіць, функцыянуе, але, як кажуць, ужо – не торт.

Частушкі, чуеш ты. Фі.

Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.

На руінах, папялішчах,
На крывавых іх слядах
Хай груган іх косці ліча,
На бяседу соваў кліча
Баль спраўляць на іх касцях.

Няхай Гітлеру-вампіру
Клююць сэрца, смокчуць кроў;
Сыты быў людскім ён жырам,
П’яны быў крывавым вірам, —
Хай жа гіне звер звяроў!

Клічу вас я на пабеду,
Хай вам шчасцем свецяць дні,
Выразайце людаедаў,
Каб не стала іх і следу
На святой нашай зямлі.

Ла-ла-ла, канечне, няма, але чым горай на сутнасці?

Ну, няхай. Скажам шчыра – не найлепшы Ваш верш. Але скажыце, Янка, класна ж, што на Вас не знайшлося сваёй Кацярыны Кібальчыч. Яна б дала Вам томам Суворава па галаве і сказала б, што вінаваты ўсе. І займаць бок «партызанаў» — значыць, скакаць на касцях кожнай нявіннай ахвяры. Сказала б Вам, што Вы ўслаўляеце гулагі і тыранію «хлопцаў у варанках». Вось такая ў яе «не столькі палітычная, колькі этычная пазіцыя». Пасля пайшла б фактура з лічбамі па рэпрэсіях на адзін толькі 37-мы год. З працэнтамі яўрэяў у першым бальшавіцкім урадзе. Да.

І што ж нам рабіць? Калі канцэнтрацыйныя лагеры – вось на парогу. Калі, спаленыя вёскі і гета? Як нам, Іван Дамінікавіч, прымяніць такую выключную этычную пазіцыю нашай выключнай Кацярыны, а галоўнае — зноў жа — як яе (пазіцыю) вырасцілі ў нашым суворым клімаце?

А вырасцілі яе вось як.

Справа ў тым, што з дзіцячых гадоў мы ведаем, што сцуль гарохавы — гэта кепска. Гэта вялікі сорам і ганьба, таму быць сцулём не хоча ніхто.

І дзеткі б’юцца, адрываюць адзін аднаму пампоны з шапачак і ставяць сінякі. Каб быць бясстрашнымі. Але вось час ідзе, дзеці растуць, і страх ужо зусім іншы, і пампон адрываць няма каму.

А страшна сказаць, страшна зрабіць. Бо звольняць з працы. Бо пасадзяць. Бо наступяць гумавым ботам на адухаўлёны твар. Але быць адважным хочацца ўсё так жа.

Бясстрашным змагаром за праўду, за ісціну. Дэміургам, крэаклам! Стваральнікам! І вось яно адвечнае галічаўскае: «Можешь выйти на площадь, Смеешь выйти на площадь?!» — не дае спакою.

Як жыць з гэтым? Калі ты ведаеш, што сцуль гарохавы? Што рабіць? Калі ты хочаш быць чалавекам, які мяняе свет, але баішся атрымаць каваным ботам у хлябальнік? Калі ты баішся страціць добрую працу? Лаяльнасць і павагу калег? Калі ты баішся, што праўда, будучы выказанай, разбурыць тваё жыццё?

Што рабіць таму, хто не ўстане жыць з гэтым дыскамфортам, ведаючы усё пра сябе сапраўднага?

А вось што. Трэба не пераконваць свет у сваёй праваце. Трэба пераканаць сябе ў тым, што свет правы. Што правы моцны. Што ў дадзенай сітуацыі праўда на баку сілы, і слабы адграбае таму, што ён фашысцкая гадзіна. Як тут не ўзгадаць Оруэла?

«Боль хлынуў у цела. Стрэлка, пэўна, падскочыла да сямідзесяці — сямідзесяці пяці. На гэты раз Уінстан заплюшчыў вочы. Ён ведаў, што пальцы зноў перад ім і іх зноў чатыры. Думаў ён толькі аб адным — як выжыць, дачакацца канца пакут. Ён ужо не заўважаў, крычыць ён ці не. Боль ізноў злёгку сціх. Ён расплюшчыў вочы. О'Браэн адводзіў рычажок.

— Дык колькі пальцаў, Уінстан?

— Чатыры. Я думаю, чатыры. Я ўбачу пяць, калі змагу. Я паспрабую ўбачыць пяць.

— А што б ты хацеў — сапраўды ўбачыць пяць пальцаў ці запэўніць мяне, што бачыш іх?

— Сапраўды ўбачыць».

А калі цябе не катуюць? Калі проста прапануюць быць у гурце прыемных ветлівых людзей, то што?

Трэба проста прайсці простую працэдуру, я называю яе «самаметамарфозай». Змяніць сябе згодна з патрабаваннямі асяродку.

І вось чалавек з этычнай пазіцыяй пачынае углядацца пільна-пільна, напрыклад, каб разгледзець фашыста, жыдабандэраўца, каб убачыць 5 пальцаў замест чатырох. Каб усё неяк склалася ў адну карціну, дзе ты на баку правых, дзе ты не сцыкло, дзе за вамі сіла, а вы разам супраць фашыстаў. Партызаны-партызаны…

Чалавек шукае бандэраўцаў. Фашыстаў. Але не бачыць, бо пакуль усё яшчэ не самаметамарфіраваўся. Ён усё яшчэ дурное няшчаснае сцыкло. Тады чалавеку прыходзіць выратавальная ідэя, падказаная тымі, хто дасягнуў гармоніі. «Аб’ектыўнасць»! О! Гэта салодкае слова. Гэты бальсан на раны, супакаенне і ключ любові да сябе. Аб’ектыўнасць.

Аб’ектыўна – гэта калі мы прызнаем для пачатку неідэальнасць любога боку.

Расія не ідэальная. О, так! Вайна, рускія маршы, алкагалізм, наркаманія, духоўныя скрэпы, нязменнасць улады, фашызм у хрэстаматыйным выглядзе, бяспраўе, галеча. Усё так. Але! Паглядзіце на Украіну! Ці ёсць там карупцыянеры? Ёсць! Ці пакутуюць падчас вайны невінаватыя? Канечне! Паміраюць! Сотні! Якая ўдача! Ці бываюць выпадкі супрацьпраўных дзеянняў салдатаў АТА падчас рэйдаў? О, да! На шчасце — бываюць! А каштоўнасці? Ну гэтыя, еўрапейскія каштоўнасці! Ці няма ў іхных спляценнях глупстваў і казусаў? А ці няма прыкладаў несправядлівасці там, у краінах чыстагану? Да! Алілуя! Слава і хвала! Як шмат такіх прыкладаў можна знайсці ў час глабальных інфармацыйных камунікацыяў! Так што ж цяпер?

Выходзіць, што ўсе небязгрэшныя? А значыць? Значыць, усе няправыя? Так значыць, што? Значыць, гэтыя ў балаклавах пяюць частушкі… мацерныя частушкі, пакуль гінуць людзі, на вайне! Якая подласць з іх боку і якая ўдача для мяне! Якая палёгка.

А я?! А я што? Я не сцуль, госпадзі! Я больш не гарохавы сцуль! Я цяпер аб’-ек-тыў-ны! І усіх буду вучыць аб’ектыўнасці. Я буду вучыць усіх думаць, бо гэта цяжка.

Чалавек, які заканчвае працэдуру самаметамарфозы, не пазбаўляецца ніякіх іншых чалавечых якасцяў. Ён, дапусцім, будзе вельмі любіць беларускую мову ці абаранкі, калі да гэтага іх любіў.

Хаця, калі асяродак вырашыць, што беларуская мова – мова фашыстаў, а бублікі — сіянісцкі сімвал, то разлюбіць іх будзе не так цяжка, трэба проста паглядзець на іх пад правільным вуглом. З другога разу яно заўсёды лягчэй.

І вось ты ўжо лЮбы самому Прылепіну. А вось цябе выдзяляе з усіх іншых такая маральная ватэрлінія, як Дзіянаў. Гэта не нагода насцеражыцца. Гэта нармальна. І вось Расія – не набрынялая ад крыві балэба, якая раскачваецця над сусветнай мапай як метраном, вяшчаючы з вышыні галоўкі голасам Прылепіна/Праханава аб тым, як трэба суседзям свае Радзімы любіць. Не фекальны кластар, дзе жывуць людзі, якія жадаюць слёз, кахання, крыві, сэксу і асфіксіі адначасова. Гэта цытадэль духоўнасці, нелюбоўю да якой можна дэманстраваць толькі уласнае ўбоства. Трэба толькі пастарацца паглядзець на яе пад верным вуглом і Расія заззяе казачна і неверагодна загучыць.

Ах, як можна разгуляцца тады, калі самаметамарфоза закончана, і вочы бачаць роўна тое, што зручна бачыць! Жыды вінаватыя ў Асвенціме, хахлы — у страце Крыма і вайне з Раісай, насатыя — у тым жа, толькі ў профіль, бульбашы — у дыктатуры і страце мовы. І кожны раз гэта (што самае прыемнае) можна казаць з апломбам, «ім», зверху ўніз.

Трэба толькі пераканаць сябе. Адзін разок. І ўсё. І ты набываеш права з клёкатам, гартанна пісаць пра зверствы бандэраўцаў у Адэсе, пра крывавага карупцыянера Парашэнку, пра эйфарыю майданутых. Цэлы свет ты можаш узважыць і асудзіць разам і пафрагментна. Але там, у глыбіні ўсёй тэарэтычнай базы, якую чалавек падвёў пад сябе для таго, каб не прызнавацца сабе ў тым, што ён сцуль — ёсць адна бясспрэчная ісціна: Пуцін – х*йло. Ла-ла-ла-ла-ла-ла-ла-ла.

Каментары86

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы5

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу25

Часопіс Time абвясціў Трампа Чалавекам года1

84-гадовы Эдуард Ханок праспяваў «Царыцу» перад 15-тысячнай «Мінск-Арэнай»: ён прыйшоў на канцэрт Ганны Асці6

Орбан прапанаваў Пуціну абвясціць каляднае перамір'е і правесці буйны абмен палоннымі3

Палкоўнік з Вайсковай акадэміі Беларусі: Тое, што адбываецца ў Сірыі, гэта параза Расіі5

Смешны выпадак у «Мінск-Свет»: нейкі маладзён сцягнуў калядны вянок, але разлічыўся за гэта 10 рублямі

За год машына страціла амаль палову цаны. Уласнікі электрамабіляў скардзяцца, што іх машыны імкліва таннеюць8

Лосік схуднеў, Пачобут трымае марку, Аляксандраў выязджае на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-12

Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы5

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Галоўнае
Усе навіны →