Тэрміны і параметры чарговага пераразліку пенсій у Беларусі пакуль не вызначаны.
Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса Яшкова.
Згодна з заканадаўствам, пенсіі павышаюцца па двух падставах: у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і ростам сярэдняй заработнай платы.
У сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму пераразлічваюцца мінімальныя працоўныя пенсіі і сацыяльныя пенсіі, а таксама надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій. Як правіла, такі пераразлік праводзіцца штоквартальна (у бягучым годзе зроблена тры пераразлікі - з 1 лютага, 1 мая і 1 жніўня).
Пераразлік пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ажыццяўляецца з улікам росту сярэдняй заработнай платы і фінансавых магчымасцей дзяржавы.
Сёлета такія пераразлікі былі зроблены з 1 лютага і 1 жніўня. У сярэднім пенсія па ўзросце вырасла на 13,4%.
Рашэнне аб чарговым пераразліку пенсій будзе прымацца з улікам трох фактараў - рост сярэдняй заработнай платы, змяненне велічыні БПМ і фінансавы стан дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, падкрэсліла Ларыса Яшкова.
У Беларусі расходы на выплату пенсій складаюць каля 10% ВУП - больш за Br6,5 трлн штомесяц.
Пенсіі атрымлівае амаль траціна насельніцтва Беларусі — звыш 2,7 млн чалавек.
Каментары