«Я абслугоўваў ангельскага караля»
Чэскі клясык трымае марку, хаця й не зьдзіўляе новымі вынаходкамі.
Малады хлапец распачынае кар’еру ў перадваеннай Чэхаславаччыне. Узьлёт адбудзецца ў часы акупацыі, калі героя прызначаць афіцыянтам у нацысцкі цэнтар па ўзнаўленьню арыйскай расы…
Клясык чэскага кіно Іржы Менцэль хаця й не зьдзіўляе вялікімі вынаходкамі, але годна трымае марку свайго гумарнога стылю. Трагікамічныя недарэчнасьці, пацешны мантаж палюбоўных сцэнак – і вайскова-ідэалягічных практыкаваньняў, прыватны чалавек – у жорнах гісторыі, які зь лёгкасьцю абмінае ўсе пасткі – і ставіць пад пытаньне сур’ёзнасьць вялікіх падзей.
Менцэль іранізуе над усялякім патасам, а сямейныя абавязкі пад партрэтам Адольфа Гітлера – адзін з сама сьмешных зьдзекаў над нацыянал-сацыялізмам у гісторыі кіно.
Лёгкая пачуцьцёвасьць, неглямурная эротыка, цёплы гумар Багуміла Грабала – прыйдуцца даспадобы аматарам добрага эўрапейскага кіно.
Сэансы ў кінатэатры "Перамога".
Таксама на экранах "Загана на экспарт".
Каментары