"Маладая была ў чорным", "Апошняе мэтро"
З рэтраспэктывы Франсуа Труфо.
З рэтраспэктывы Франсуа Труфо.
12 кастрычніка 2007, пятніца
Маладая (Жанна Маро) аўдавела адразу пасьля вянчаньня. Невядомыя застрэлілі ейнага мужа на царкоўным ганку. Дэпрэсія магла завершыцца самазабойствам, але гераіню выратавалі. І цяпер справа ейнага жыцьця – помста. Крок за крокам, разважліва – яна забівае кожнага зь пяці вінаватых. І нішто ня можа яе спыніць…
Задоўга да Ўмы Турман, якая з асалодаю адпомсьціла Білу, была Жанна Маро – стрыманая, пачуцьцёвая – францускі абраз незалежнага эўрапейскага кіно. Крымінальная карціна Труфо прасякнутая пяшчотай, лірызмам – і візуальнай выкшталцонасьцю.
Ляціць у паветры фата, мсьцівіца апранае касьцюм паляўнічай-Дыяны, выгінаецца чорны рот, няздольны на споведзь…
Гісторыя помсты пададзеная Труфо з тактам, болем – і адстароненым холадам.
26 кастрычніка 2007, пятніца
Акупаваны нацыстамі Парыж. Актрыса Марыён Стэйнэр (Катрын Дэнёў) хавае свайго мужа-габрэя ў склепе тэатру. Пад ягоным кіраўніцтвам яна ставіць п’есу. Але нечакана гераіня закахалася ў актора Бэрнара (Жэрар Дэпард’ё).
Вялікі фільм пра любоў, адказнасьць, чалавечнасьць – і мастацтва, якое дапамагае застацца людзьмі. Сюжэт, немагчымы для сённяшняй Беларусі.
Натхнёныя “Апошнім мэтро” Аляксандар Качан і Андрэй Кудзіненка складалі сцэнар навэлі, дзеяньне якой адбываецца ў менскім тэатры падчас акупацыі. Але фільм ня быў зьдзейсьнены праз фінансавыя цяжкасьці.
Фільмы дэманструюцца ў Музэі кіно, сэансы а 15.00 і 18.30
Каментары