Намеснік міністра абароны РФ: Узброеныя сілы Беларусі і Расіі мусяць быць гатовыя да сумесных дзеянняў
Расія і Беларусь у снежні правядуць кансультацыі па пытанні размяшчэння расійскай авіябазы на беларускай тэрыторыі.
Пра паведаміў журналістам у пятніцу намеснік міністра абароны РФ Анатоль Антонаў, піша РИА Новости.
«Мы плануем у снежні правесці кансультацыі па гэтым пытанні, на дадзены момант ужо правялі рэкагнасцыроўку месцаў магчымага размяшчэння авіябазы», — сказаў Антонаў на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
Паводле яго слоў, расійскія вайскоўцы плануюць сумесна з беларускімі калегамі таксама падрыхтаваць праекты адпаведных пагадненняў для стварэння сумеснай прававой базы ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
«Я думаю, што наша ваеннае супрацоўніцтва з Беларуссю не павінна выклікаць ні ў каго пытанняў, — у нас Саюзная дзяржава, пра што вельмі часта ўсё забываюць», — дадаў намеснік кіраўніка Мінабароны.
Паводле яго слоў, асноўная задача такога супрацоўніцтва — зрабіць так, каб Узброеныя сілы Беларусі і РФ былі гатовыя да сумесных дзеянняў.
«Акрамя таго, прапрацоўваем на адным з беларускіх аэрадромаў базаванне дзяжурнага звяна расійскай знішчальнай авіяцыі. Гэтую працу мы завершым у самы бліжэйшы час», — адзначыў Антонаў.
Каментары