200 гадоў спаўняецца 10 кастрычніка адному з самых папулярных кампазітараў у свеце – Джузэпэ Вердзі.

Сярод 26 опер гэтага сына вясковага шынкара ёсць шэдэўры і яўныя няўдачы, але менавіта яго творы заслужылі любоў публікі ва ўсім свеце і складаюць аснову рэпертуара ўсіх оперных тэатраў. Беларуская Опера не выключэнне.

Наш тэатр доўгі час меў рэпутацыю тэатра вердзіеўскага – тэатра, у якім Вердзі займае вялікае месца, тэатра, у якім умеюць яго выконваць, багатага на вердзіеўскія галасы.

У гісторыю нашай Нацыянальнай оперы залатымі літарамі ўпісаны выдатныя пастаноўкі вердзіеўскіх опер і іх выканаўцаў.

Чаго варта хаця б пастаноўка «Аіды», зробленая Ларысай Александроўскай у 1953 годзе, якая больш за паўстагодззя ішла на сцэне галоўнага тэатра краіны.

У гэтым спектаклі адны з лепшых у сваіх кар’ерах вобразаў ў розныя гады стваралі лепшыя беларускія спевакі – Соф’я Друкер (Аіда), Лідзія Галушкіна і Святлана Данілюк (Амнэрыс) і інш. Велізарнейшы аўтарытэт заваяваў наш тэатр, паставіўшы ў 1964 годзе «Атэла» (рэж. Д.Смоліч), у галоўных партыях блістаў геніяльны Зіновій Бабій і вартыя яго партнёры – Тамара Шымко, Нінэль Ткачэнка (Дэздэмона), Ігар Сарокін (Яга) і інш.

Опернымі легендамі сталі выканаўцы «Травіяты» розных пакаленняў – у даваеннай пастаноўцы не было роўных Ларысе Аляксеевай (Віялета) і Ісідару Балоціну (Альфрэд), годнай эстафетай для іх сталі адпаведна Тамара Ніжнікава і Валерый Глушакоў.

У 1970-80-я гады ў беларускім тэатры ў операх Вердзі працавалі такія выдатныя артысты як Аркадзь Саўчанка, Юрый Бастрыкаў, сённяшняя сусветная знакамітасць Марыя Гулегіна і многія іншыя. Быў пастаўлены «Дон Карлас» (1979, рэж. М.Ізворска), а таксама «Баль-маскарад» (1988, рэж. С. Штэйн).

У апошнія два дзесяцігоддзі нашая вердзіеўская слава ўмацоўвалася сіламі Наталлі Рудневай, Нагімы Галеевай, Тамары Глаголевай, Ірэны Журко, Таццяны Кнутовіч, Марата Грыгорчыка, Мікалая Майсеенкі і шмат каго яшчэ. Сёння паспяхова выступаюць народныя артысты Беларусі Уладзімір Пятроў (выдатны Набука, Жорж Жэрмон, Граф дзі Луна і інш.) і Сяргей Франкоўскі (непараўнальны Герцаг і Манрыка), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна (бліскучая Абійгайль, Аіда, Амелія), Станіслаў Трыфанаў (моцны Набука, Аманасра, Рэната) і многія іншыя – ёсць ад каго атрымаць вялікае задавальненне, шукайце іх імёны ў праграмах.

Сёння ў Мілане і Нью-Йорку, Вене і Маскве, Парыжы і Лондане, Вільні і Кіеве – па ўсім свеце ў больш-менш оперных гарадах, дзе ёсць тэатр, які сябе паважае, адбудуцца ўрачыстасці з нагоды юбілея слаўнага кампазітара, які ўсё сваё доўгае і драматычнае жыццё імкнуўся да народнасці сваіх твораў і дабіўся яе.

Канцэрты, прэм’еры новых пастановак ці проста спектаклі. Наш тэатр якраз ганебна дае «проста спектакль», ніводным словам не ўспомніўшы юбілей ці прымеркаваўшы спектакль да яго. Тэатр зрабіў стаўку на юбілей іншага вялікага опернага кампазітара, антаганіста Вердзі – Рыхарда Вагнера і рыхтуе прэм’еру «Лятучага галандца», што адбудзецца ў снежні. Амбітныя планы.

Так ці інакш сёння вечарам у оперным будзе «Набука» і лепшым падарункам нам і самому юбіляру будзе выступленне ў сваёй кароннай партыі – партыі Абігайль, ці не самай складанай партыі для сапрана ў сусветным оперным рэпертуары, Ніны Шарубінай, лепшай беларускай опернай артысткі апошняга часу. У партыі Набука – любімец публікі Уладзімір Пятроў. Загучыць «Va, pensiero», песня свабоды. 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?