Урад Беларусі скароціць бюджэтныя расходы з-за недапаступлення даходаў.
Аб гэтым ішла размова 9 кастрычніка на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб бягучых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Кіраўнікі ўрада і Нацыянальнага банка праінфармавалі Лукашэнку аб асноўных падыходах у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця на канец гэтага і 2014 год. У іх аснове ляжыць збалансаванае развіццё, мэтазгоднае крэдытаванне эканомікі і якасны рост. Прэзідэнт падтрымаў названыя падыходы і адзначыў, што адказнасць за вынікі ажыццяўлення гэтай праграмы ляжыць на ўрадзе і Нацыянальным банку.
Кіраўніку дзяржавы таксама былі паведамленыя чаканыя вынікі выканання бюджэту 2013 года і падыходы па фарміраванні бюджэту наступнага года. Як было адзначана, за кошт пагаршэння знешняй кан'юнктуры рынку адбываецца істотнае недапаступленне даходаў у рэспубліканскі бюджэт. Таму ўрад скарэкціраваў бюджэтную палітыку да канца бягучага года і прапанаваў увесці шэраг абмежаванняў па фінансаванню расходаў. Аднак гэтыя абмежаванні не закрануць першачарговых плацяжоў, звязаных з падтрыманнем жыццёвага ўзроўню насельніцтва, з функцыянаваннем самой бюджэтнай сферы.
Строгія падыходы, якія былі прапанаваны ў рамках бюджэтнай карэкціроўкі, падтрыманы кіраўніком дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць паўсюднай эканоміі, большай эфектыўнасці і аддачы ад бюджэтных сродкаў.
Праект бюджэту на 2014 год будзе ў бліжэйшы час унесены на разгляд Лукашэнкі.
Каментары