Паводле традыцыі гарадское свята праходзіць у другую суботу верасня. Сёлета Мінску спаўняецца 946 гадоў з моманту першага згадвання ў «Аповесці мінулых гадоў».

Асаблівасцю гэтага святкавання стаў перанос цэнтральных мерапрыемстваў у Верхні горад, які хутка будзе пешаходным.

Гарадскія ўлады вырашылі адмовіцца ад вялікіх сцэнічных пляцовак каля Палаца спорту і ў парку Перамогі. «Асноўныя блокі, тэмы свята сёлета прапанавана правесці ў раённых зонах — Лошыцкі парк, парк імя Паўлава, студэнцкая вёска, у якой пройдзе маладзёжнае свята. Мы імкнуліся максімальна перанесці акцэнты святочных мерапрыемстваў у раёны», — паведаміла журналістам у пачатку тыдня начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава.

Паводле яе слоў, 50 з 70 мерапрыемстваў пройдуць у сталічных раёнах.

Свята адкрыецца ўрачыстым ускладаннем кветак да абеліска «Мінск — горад-герой». Пасля цырымоніі кіраўніцтва горада ўручыць ключы ад аўтамабіляў, абсталяваных ручным кіраваннем, інвалідам ваенных дзеянняў у Афганістане.

Цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года» і святочны канцэрт пройдуць у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатра оперы і балета. Упершыню пасля заканчэння канцэрта на пляцоўцы перад тэатрам будзе паказаны творчы праект «Мінск. Гісторыя сучаснага горада», падчас якога будзе ажыццяўляцца 3D-праекцыя на будынак тэатра.

Асноўным месцам народных гулянняў 14 верасня стане Верхні горад, у якім будзе рэканструяваная эпоха канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў:

музыканты, рамеснікі, жывыя карціны, мастакі. На Ратушнай плошчы будзе паказана праграма завяршэння музычна-турыстычнага сезону. У скверы разгорнецца кніжная выстава беларускіх аўтараў. Вечарам (з 20.00 да 22.00) з песнямі пра Мінск выступіць Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

На праспекце Пераможцаў, на зялёнай зоне паміж абеліскам і Палацам спорту, пройдзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Мінск гістарычны». Праграмай прадугледжаны мерапрыемствы, якія перададуць атмасферу высакароднага сярэднявечнага рыцарства, умовы ваенных лагераў. Фіналам фестывалю будзе канцэртная праграма з удзелам ансамбляў сярэднявечнай музыкі і фаер-шоу, якое сёлета заменіць традыцыйны святочны салют.

На пешаходнай вуліцы Карла Маркса адбудзецца закрыццё фестывалю вулічных тэатраў Беларусі і блізкага замежжа. Удзельнікі пройдуць ад Міхайлаўскага скверу па вуліцы карнавальным шэсцем. Свята будзе доўжыцца два дні — 14 і 15 верасня.

У Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе адбудзецца свята народнай творчасці, выстава-кірмаш «Горад майстроў», а таксама фестываль «Марожаны бум» з удзелам усіх вытворцаў марожанага Беларусі.

У парку імя Горкага 14 верасня пройдзе фестываль нацыянальных культур.

Дзіцячыя праграмы будуць арганізаваныя на пляцоўцы каля Палаца дзяцей і моладзі, Дзіцячай чыгункі і ва ўсіх парках.

Паводле інфармацыі гарвыканкама, выязны гандаль на Дні горада расцягнецца больш як на пяць кіламетраў. Прыкладна 90 прадпрыемстваў грамадскага харчавання дадуць 25-працэнтную скідку на стравы ўласнага прыгатавання. У буйных гандлёвых прадпрыемствах Мінска на шэраг тавараў будуць давацца скідкі 15–30%.

Дзяржаўтаінспекцыя Мінска сёння будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Вадзіцелям у святочны дзень рэкамендавана па магчымасці адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту. Дабрацца да месцаў масавых гулянняў можна будзе на грамадскім транспарце, саставы якога будуць павялічаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?