У беларускага начнога неба таксама ёсць свая адметнасць. Гэта серабрыстыя аблокі — надзвычай прыгожая нябесная з’ява, якая была адкрытая беларусам і якая лепш за ўсё бачная з беларускіх шырот.

Вельмі часта даводзіцца чуць: а чым беларускае зорнае неба адрозніваецца ад неба другіх краін? Ці ёсць на ім штосьці такое, што не бачаць ў іншых кропках Зямлі? Так, далёка не ўсе прыгажосці ночы даступныя ў Беларусі. Хоць маляўнічыя палярныя ззянні часам і з’яўляюцца на нашым небасхіле, усё ж іх хараство не параўнаць з нарвежскімі нябеснымі феерверкамі. Няхай мы і можам любавацца Млечным Шляхам, але наўрад ці яго выгляд можа параўнацца са свячэннем цэнтра нашай Галактыкі ў паўднёвых шыротах. Але бадай існуе адна нябесная з’ява, для якой беларускія шыроты з’яўляюцца найлепшым месцам для назіранняў. Гэта серабрыстыя аблокі.

Цёплай чэрвеньскай ноччу выйдзіце на вуліцу. Блізу апоўначы навокал ужо цёмна, але ноч так і не наступае — Сонца не апускаецца глыбока пад гарызонт і паўночная частка небасхілу працягвае слаба свяціцца. Усе зямныя аблокі даўно ўжо пагрузіліся ў цень і выглядаюць цёмнымі ці нават чорнымі. Але раптам у паўночнай частцы неба паступова з’яўляецца пярэсты ўзор, хвалі і завіткі, якія быццам свецяцца самі. Гэта і ёсць серабрыстыя аблокі, якія плывуць на вышыні 80 кіламетраў над зямной паверхняй. Падумаць толькі — гэта практычна адкрыты космас! Калі б вы апынуліся на такой вышыні, то неба над галавой было б абсалютна чорным, а пад нагамі ляжаў бы блакітны акіян зямной атмасферы. Насамрэч серабрыстыя аблокі не свецяцца, а проста адбіваюць сонечнае святло: калі вы іх бачыце, то яны зараз знаходзяцца дзе-небудзь высока над Скандынавіяй і проста асвятляюцца прамымі сонечнымі промнямі.

Загадкавыя аблокі былі адкрытыя ў 1885 годзе Вітольдам Цэраскім (дарэчы, ён родам са Слуцка). Але нягледзячы на тое, што з’ява даследуецца ўжо больш за сотню год, вучоныя дагэтуль не маюць адзінага меркавання адносна іх прыроды. Вядома толькі, што яны складаюцца з крышталікаў вадзянога ільду, з’яўляюцца толькі пару разоў на год улетку і толькі ў высокіх шыротах. Выклікае ў навукоўцаў пытанні і той факт, што паводле сучасных ўяўленняў, вадзяны пар з зямной паверхні папросту не можа падняцца так высока. У сувязі з гэтым многімі прапаноўваюцца ідэі, што серабрыстыя аблокі ўтвараюцца з матэрыяла разбураных ледзяных метэарытаў. Другія ж вучоныя мяркуюць, што летам вільгаць усё ж такі можа падымацца на такую вышыню дзякуючы асабліва магутным узыхозячым патокам паветра. Трэція кажуць, што вільгаць на такой вышыні і так ёсць, але яе кандэнсацыю ў аблокі выклікаюць метэорныя часцінкі ці зямны пыл: вядома, што пасля выбуху вулкана Кракатау серабрыстыя аблокі некаторы час былі асабліва яркімі і частымі.

Вывучаць гэтую з’яву досыць цяжка, бо стратасферныя зонды не ў стане падняцца так высока, а для спадарожнікаў Зямлі гэтая вышыня занадта нізкая. Таму нават аматарскія назіранні з розных кропак зямнога шара могуць мець навуковую вартасць, а папулярныя timelapse-відэаролікі (дзе час паскараецца ў дзесяткі-сотні разоў) з’яўляюцца адзіным спосабам даследаваць рух паветра на такіх вышынях. Таму калі надыдзе лета, сачыце пастаянна за паўночнай часткай начнога неба і неўзабаве і вы ўбачыце прывіднае ззянне загадкавага «срэбра» — адной з самых таямнічых і самых беларускіх нябесных з’яў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?