Усяго патроху1111

Жыцьцё і сьмерць Паўліка Марозава

Мала хто ведае, што хлопчык, які загінуў 75 гадоў таму, быў беларускамоўны. Піша Вацлаў Шаблінскі.

3 верасьня 1932 г. ля ўральскай вёскі Герасімаўка, заснаванай перасяленцамі зь Беларусі, былі жорстка забітыя два мясцовыя хлапчукі. Гэтая крывавая гісторыя даўно б забылася, калі б аднаго з забітых ня звалі Паўлік Марозаў.

І сёньня бацькі называюць «паўлікамі марозавымі» празьмерна цікаўных нашчадкаў. Гэта імя ўсё яшчэ носяць некаторыя вуліцы былых савецкіх гарадоў, школы, дзіцячыя лягеры.

Кім быў Паўлік Марозаў? Што зрабіў? Чаму быў узьнесены прапагандай?

Нараджэньне легенды

Міт пра Паўліка ўзьнік хутка. Ад часу пагібелі хлопчыка не пасьпеў прайсьці год, як з друку выйшлі кніжкі Паўла Саламеіна «Ў кулацкім гнязьдзе» і Віталя Губарава «Адзін з адзінаццаці». (Пазьней выходзілі пад назвамі «Паўка‑камуніст» і «Паўлік Марозаў»). Яны склалі афіцыйны канон марозаўскай легенды. Вось яе кароткі зьмест: Паўлік вельмі рана стаў прыхільнікам новай улады і ўзначаліў піянэрскі атрад у сваёй вёсцы. Калі хлапчуку стала вядома, што ягоны бацька, старшыня сельсавету, дапамагае сасланым кулакам, ён выдаў бацьку органам, і выступіў на судзе. Потым Паўлік працягвае барацьбу з тымі, хто ня хоча здаваць хлеб дзяржаве. Піянэра і яго маленькага брата забіваюць родны дзед і стрыечны брат Даніла. Савецкі суд карае забойцаў.

Пра Паўліка сьпявалі песьні, ставілі спэктаклі і опэры. Называлі яго імем піянэрскія атрады і караблі.

Беларускія паўлікі

Вобраз дзіцяці‑даносчыка існаваў у савецкім мастацтве і да Паўліка, і пасьля. Так, Андрэй Александровіч напісаў верш пра піянэра Грышку, які паведамляе ў сельсавет, «што ягоны родны тата не плаціў даўно падатак… і заўсёды глядзеў гадам на савецкую ўладу». Творам на сюжэт пра Паўліка Марозава называюць аповесьць Алеся Якімовіча «Перамога», якая выйшла таксама ў 1932 г. Калізія — дачка супраць бацькі‑ворага савецкай улады — пакладзена ў аснову драмы Эдуарда Самуйлёнка «Пагібель воўка». Ня трэба думаць, што гэта ўсё было чыстай фантазіяй.

Чаму ж гісторыі пра Паўліка пашанцавала больш, чым іншым такім аповядам? Для мэтаў прапаганды найбольш падыходзіў сюжэт з трагічным канцом. Забойства малых дзяцей родным дзедам рабіла моцнае ўражаньне, асабліва на дзіцячыя пачуцьці. Важным было і тое, што бацька Паўліка быў ня простым ворагам, а замаскіраваным, які адначасова і працаваў супраць савецкай улады і ўвасабляў яе ў вёсцы. Менавіта такіх ворагаў і трэба было, на думку таварыша Сталіна, шукаць і выкрываць у першую чаргу.

Паўлікам вельмі хутка «завалодала» і антыкамуністычная прапаганда. Яго гісторыя расказвалася ў амэрыканскім падручніку «Камунізм», як прыклад таго, што камуністычная мараль адрозьніваецца ад агульначалавечай. Пісь¬меньнік‑эмігрант Кастусь Акула пісаў: «Каму стаіць помнік у Маскве? Паўліку Марозаву, які на бацькоў паклёпнічаў».

Марозаў — беларус

У другой палове восемдзясятых зьяві¬лася кніга дысыдэнта Юрыя Дружнікава «Даносчык 001, або ўзьнясеньне Паўліка Марозава». Паводле вэрсіі Дружні¬кава, хлопчык зусім ня быў піянэрам, данесьці на бацьку яго падгаварыла маці, пакрыўджаная на мужаву здраду. Адказнасьць за сьмерць Паўла і ягонага брата Федзі Дружнікаў усклаў на чэкістаў, якія былі зацікаўленыя ў гучнай кампаніі супраць кулакоў. Кніга мела вялікі рэзананс. Для адказу сабраўся савет усесаюзнай піянэрскай арганізацыі. Але савецкім установам ужо ня верылі. У жніўні 1991 г. разам з жалезным Феліксам паляцеў і помнік Марозаву. Камуністы пачалі крычаць, што юнага піянэра забіваюць зноў. Пры гэтым усіх мала цікавіла, што ж адбылося на самай справе.


Паўлік Марозаў (зьверху) у цэнтры.
Зьлева ад яго - стрыечнік Даніла, меркаваны
забойца. За два гады да трагедыі

Пачатак драмы сям’і Марозавых узыходзіць да пачатку ХХ ст., калі тысячы беларусаў, заахвочаных расейскімі ўладамі (памятаеце прыстава з «Сну на кургане»: «У Сібір на перасяленьне», рушылі на асваеньне незанятых земляў. Сярод іх была і група сялянаў зь Віцебшчыны, якая дабралася да сёньняшняга Таўдзінскага раёну Сьвярдлоўскай вобласьці, і заснавала вёску Герасімаўка. Каляністы захавалі сваю мову. Беларуская гаворка герасімаўцаў прыводзіцца ў кнізе Саламеіна «Паўка‑камуніст». Пра беларускае паходжаньне Марозавых можна знайсьці амаль ва ўсіх кнігах пра Паўліка, але прапаганда гэта ня згадвала. Усесаюзны герой павінен быў быць «старэйшым братам».

Бацька родны і бацька хрышчоны

Сярод пасяленцаў вылучаўся моцны гаспадар Сяргей Марозаў. У мінулым «дзед Сярога» быў жандармам. Гэта не перашкодзіла яго сынам Трафіму ды Івану, бацьку Данілы — аднаго з забойцаў Паўліка, адным зь першых у Герасімаўцы перайсьці на бок саветаў і запісацца ў Чырвоную Армію. Асабліва вызначыўся Трафім, якога сем разоў ранілі. Таму, калі ў 1930 г. было вырашана зрабіць у вёсцы сельсавет, менавіта Трафіма праводзяць у старшыні. Трафім быў жанаты і меў разам з жонкай Тацянай пяць сыноў, старэйшым зь якіх быў адзінаццацігадовы Паўлік. Неўзабаве Трафім разводзіцца, каб ажаніцца з маладзенькай. У гэтым яго напэўна падтрымаў бацька, які не любіў першую нявестку.

Па тагачасных мерках Трафім быў пасьпяховым адміністратарам. Пры ім у вёсцы пачала працаваць школа, зьявіўся і піянэрскі атрад. Начальства было задаволенае дзейнасьцю старшыні і тройчы перазацьвярджала яго на пасадзе.

Узьнікае пытаньне пра прычыну заканчэньня пасьпяховай кар’еры Марозава‑ старэйшага? Якую ролю тут адыграў сын? І што ці хто прымусіў хлопчыка выступіць супраць бацькі? Дружнікаў лічыць, што маці, якая помсьціла мужу за развод. Але у кнізе Губарава «Паўлік Марозаў» маці гаворыць пра арыштаванага мужа: «Кахала ж яго. Здавалася, лепш за яго няма.»

Марозава не губляла надзеі вярнуць мужыка і не хацела ягонага арышту. У пошуках адказу на пастаўленыя пытаньні мы зьвярнулі ўвагу яшчэ на аднаго персанажа гэтай гісторыі — хроснага і дзядзьку Паўліка Арсена Кулуканава. Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, менавіта ён заплаціў золатам за забойства Паўліка і Федзі. У савецкіх кніжках Кулуканаў характырызуецца як самы багаты кулак і галоўны контрарэвалюцыянэр у вёсцы. Аднак некаторыя факты наводзяць на думку, што дзядзька Арсен быў хутчэй на баку хрэсьніка, а не старэйшых Марозавых. На судзе Кулуканаў заяўляе літаральна, што любіў Паўліка. Да таго ж грошы, якія Кулуканаў быццам бы абяцаў за забойства, як прызнаў Даніла Марозаў, на чыіх сьведчаньнях і будаваліся абвінавачваньні, забойцы так і не атрымалі. Няўжо не папрасілі авансу ?

Адной з галоўных цяжкасьцяў пры рэканструкцыі падзеяў зьяўляецца адсутнасьць дакладнага тэксту паўлікавых паказаньняў. Існуе каля трыццаці варыянтаў тэксту прамовы, якую быццам бы сказаў хлопчык супраць бацькі. Прывядзем адзін з варыянтаў: «Дзядзечкі! Мой бацька рабіў яўную контрарэвалюцыю…. і яшчэ хачу сказаць, што мой бацька прысабечвае кулацкую маёмасьць, нядаўна ўзяў ложак у кулака Кулуканава і хацеў узяць стог сена». Чым цікавы гэты тэкст? Найперш, ён рэзка супярэчыць афіцыйнай вэрсіі, што Трафім Марозаў — абаронца кулакоў, і ў прыватнасьці, Кулуканава. Атрымоўваецца, што Паўлік выступіў супраць роднага бацькі дзеля хрышчонага.Такое быць магло. Калі праўда, што ні бацька, ні дзед не дапамагалі Паўліку, яго братам і маці, і першым, да каго мог зьвярнуцца хлопчык, быў хрышчоны. Паўліка і дзядзьку магла аб’¬ядноўваць нелюбоў да сквапнага старшыні, які ў сваёй чэрствасьці не шкадаваў і родных . Ці не хрышчоны падбіў Паўла выступіць супраць бацькі? Ці не таму Марозавы літаральна топяць на судзе Кулуканава?

Усё гэта толькі вэрсія. Аб’ектыўная ацэнка будзе магчымаю, толькі калі будуць надрукаваныя сапраўдныя паказаньні Паўліка і іншыя матэрыялы па справе Трафіма Марозава. Напэўна можна сьцьвярджаць толькі адно, Трафім быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня і больш не вярнуўся ў вёску. Ня трэба сьпяшацца мяняць у гісторыі Марозавых плюсы на мінусы. Калі Трафім сапраўды дапамагаў раскулачаным, то рабіў гэта не па закліку сэрца, а за грошы.

У піянэры — дзеля гаспадаркі

Дакумэнты пра сакрэтную дзейнасьць старшыні трапілі ў органы хутчэй за ўсё без удзелу Паўліка, і хлопчык толькі пацьвердзіў ужо вядомае. Абурае, безумоўна, калі сын выступае супраць бацькі, але ня варта забываць, што Трафім першым разарваў роднасныя сувязі, пакінуўшы сям’ю без дапамогі.

Прынята лічыць, што Паўліка забілі за паказаньні супраць бацькі. Але паміж судом над Трафімам і забойствам прайшло паўгоду. Значыцца, паказаньні, прынамсі, не адзіная прычына.

Савецкая літаратура рамантызавала загінулага піянэра, малявала яго вундэркіндам, абаронцам справядлівасьці, узорам сумленнасьці. Пазьней Паўліка пачалі называць «хуліганам» і «ідыётам». Сьцвярджалі, што ён так і не вывучыўся чытаць, як доказ недаразьвітасьці прыводзілі і ягоную беларускую гаворку. Паўлік наўрад ці адставаў у разьвіцьці ад сваіх вясковых аднагодкаў. Пасьля сыходу бацькі менавіта Паўлік павінен быў стаць на чале гаспадркі і клапаціцца пра маці і братоў.

Такое жыцьцё павінна было навучыць, што і « родзічы па крыві могуць быць ворагамі» (М. Горкі). А значыць, спадзявацца трэба толькі на сябе і трымацца моцнага. Самай моцнай на той час была савецкая ўлада. Уступленьне ў піянэры было для Паўла натуральным, бо давала падставы разьлічваць на ўладу.

Улада запатрабавала дапамогі ў адказ. Зь іншымі піянэрамі Паўлік расклейваў пагрозы‑папярэджаньні тым, хто не хацеў плаціць вялікія падаткі, здаваць хлеб дзяржаве. Абавязковай умовай уступленьня ў піянэры лічылася адрачэньне ад Бога, і, паводле сьведчаньняў, Паўлік быў першым бязбожнікам у вёсцы. Гэта не магло ня выклікаць варожага стаўленьня.

Спрэчка за бацькаўшчыну

Але чаму забілі Федзю, які на бацьку не даносіў, піянэрам ня быў, у Бога верыў (маці паставіла на магіле малодшага сына крыж)?

Магчыма, браты Марозавы сталі ахвярай канфлікту, які ўзьнік яшчэ да іхнага нараджэньня. Калі іх бацькі толькі ажаніліся, Тацяна дамаглася, каб муж аддзяліўся, узяўшы частку бацькавага надзелу. Пасьля арышту Трафіма дзед Марозаў хацеў вярнуць сваю зямлю, супраць чаго былі Тацяна і Паўлік. Для абодвух бакоў пытаньне было зьвязана з праблемай выжываньня. Калгасу ў Герасімаўцы яшчэ не было і «ўлада зямлі» была ў сіле .

На баку дзеда быў старэйшы ўнук, дзевятнаццацігадовы Даніла, сын дзядзькі Паўліка Івана. Даніла не хаваў варожасьці да стрыечнага брата і, калі Паўліка і Федзю знайшлі мёртвымі, вяскоўцы паказалі менавіта на Данілу. Даніла «раскалоўся»: саўдзельнікамі ён назваў дзеда, бабку, Кулуканава, і роднага бацьку Івана. Усе яны былі асуджаныя на сьмерць.

Ці справядлівы быў прысуд? На целе забітых знайшлі сьляды барацьбы. Значыць, забойца быў не нашмат мацнейшы за свае ахвяры і хутчэй за ўсё дзейнічаў адзін. Гэта ізноў выводзіць на Данілу. Свае меркаваньні наконт Кулуканава мы ўжо выказвалі. Марозавы‑старэйшыя не любілі Паўліка, але ці настолькі, каб прыняць удзел у забойстве ўнукаў? Выказваліся гіпотэзы пра чэкісцкі сьлед, пра помсту раскулачаных, якім Трафім выдаваў даведкі.

Жывыя атрыбуты

Сьмерць зрабіла з Паўліка «сьвятога пакутніка» піянэрскага руху, вечнага аднагодка ўсіх піянэраў. Тацяна Марозава стала жывым атрыбутам сынавага культу. Апошнія гады правяла каля Артэку, расказваючы піянэрам пра сына. Яна памерла на пачатку васьмідзясятых. Але наўрад ці яе жыцьцё было шчасьлівым. Малодшы сын Раман загінуў на вайне. Сярэдняму Аляксею давялося прайсці ГУЛаг. На службе ў войску страціў здароўе ўнук Паўлік.

Паўліка цяпер найбольш памятаюць у Герасімаўцы. Часы марозаўскага культу для герасімаўцаў — «залатая пара». «Быў Пашка добры, і мы патрэбныя былі», — кажуць яны. Каля дзесяці гадоў таму праваабарончае таварыства «Мэмарыял» зьвярнулася з хадайніцтвам па рэабілітацыі сялянаў: Сяргея, Ксеніі, Данілы Марозавых і Кулуканава Арсенія з‑за недаказанасьці віны. Генпракуратура Расейскай Фэдэрацыі пакінула ранейшы прысуд у сіле, прызнаўшы марозаўскую справу выключна крымінальнай і пад дзеяньне закона «аб рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» не падпадаючай.

P.S.

Гісторыя Паўліка перапісвалася і перапісваецца шмат разоў. Зразумець, што праўда, а што прыдумка — няпроста. Я адабраў тое, у чым сыходзяцца розныя крыніцы. Паўлік для мяне не ідэалягічны ідэал, а рэальны хлопчык з трагічным лёсам, і я ня бачу патрэбы рабіць страшную рэчаіснасьць яшчэ больш чорнай. Калі ў каго ёсьць заўвагі: «няхай мяне паправяць».

Каментары11

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, колькі афіцэраў у беларускае войска сёлета прызвалі з запасу1

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах1

Квіткі на цягнік з Мінска ў Калінінград за дзень падаражэлі ў 2-3 разы

Праз тры гады змагання за свае правы першай сям’і беларусаў у Грузіі канчаткова адмовілі ў прытулку8

У Ашмянскім раёне мужчына лінуў бензінам у печку, каб лепш гарэла1

ФІФА «аддала» Крым Расіі падчас лёсавання кваліфікацыі ЧС-20261

Дачцэ Сяргея Далідовіча дазволілі выступаць на Кубку свету па біятлоне за каманду ўцекачоў з Беларусі

Парламент Грузіі прыняў закон аб забароне масак на пратэстах1

У футбольным сімулятары ад Раналду ёсць беларуская мова4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Галоўнае
Усе навіны →