Крымінальная справа заведзена па інцыдэнце з 16-гадовай дзяўчынай у Бабруйску, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.
Прадстаўнік УСК патлумачыла, што справа заведзена па ч.1 арт.339 "Хуліганства" КК Беларусі. Зараз праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні.
Інцыдэнт здарыўся ў Бабруйску.27 ліпеня а 6-й гадзіне 16-гадовая Наталля выйшла з хаты на традыцыйную ранішнюю прабежку і не вярнулася. На тэлефон не адказвала. Вячаслаў Шэлег падаў заяву пра знікненне ў міліцыю. Наталля праз некалькі гадзін знайшлася ў лесе, збітая, абмазаная фарбай, з парванай вопраткай і без абутку.
Яна распавяла, што калі займалася на турніку да яе ззаду нехта падышоў і ударыў моцна па галаве. Наталля згубіла прытомнасць.Ачнулася яна ў лесе з разбітай патыліцай. Увесь твар і рукі былі абмазаныя чорнай фарбай, падобнай на тую, якая выкарыстоўваецца пры адбітках пальцаў. У дзяўчыны таксама знялі і забралі абутак, ключы і мабільны тэлефон. Каля дзвюх гадзін Наталля блукала па лесе і выйшла на дарогу ў раён Шчаткава — гэта прыкладна 20 км ад яе дому.
Вячаслаў Шэлег адвёз дачку ў траўмапункт. У дзяўчыны падазрэнне на страсенне мазгоў.
Сам Шэлег звязвае знікненне дачкі са сваёй актыўнай палітычнай дзейнасцю. Вячаслаў Шэлег — бабруйскі прадпрымальнік, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Каментары