Ірына Яравая

Ірына Яравая

Па паведамленнях расійскіх СМІ, дэпутат Дзярждумы Ірына Яравая разам з калегамі па «Народным фронце» ў панядзелак мае ўнесці на разгляд законапраект, які ўводзіць крымінальную адказнасць за крытыку дзейнасці войскаў антыгітлераўскай кааліцыі.

Паводле задумы дэпутата, прапанаваныя папраўкі закрануць часткі КК «Злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва».

Новы артыкул пад нумарам 354.1 будзе называцца «Рэабілітацыя нацызму».

«Савецкі Саюз разам з іншымі краінамі антыгітлераўскай кааліцыі змагаўся з фашызмам, і любыя спробы па-іншаму інтэрпрэтаваць і ацаніць ролю і значэнне Чырвонай Арміі ў гады Другой сусветнай вайны супярэчаць не толькі гістарычна аб’ектыўным звесткам, але і самому міжнароднаму прававому акту», — заявіла Яравая.

Як пішуць «Ведомости», дакумент прадугледжвае пакаранне для тых, хто адмаўляе прысуд Нюрнбергскага трыбунала, дзейнасць войскаў антыгітлераўскай кааліцыі «па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі», распаўсюджвае «заведама лжывыя» звесткі аб гэтай дзейнасці, абвінавачваючы вайскоўцаў у здзяйсненні злачынстваў, «у тым ліку са штучным стварэннем доказаў абвінавачвання».

Абвінавачаным у «рэабілітацыі нацызму» пагражаюць штрафы да 300 тыс. расійскіх рублёў (81 млн беларускіх) або да трох гадоў зняволення; пры выкарыстанні службовага становішча ці СМІ штраф узрасце да 500 тыс. руб. (135 млн беларускіх), а тэрмін зняволення — да пяці гадоў.

Расследаваннем такіх спраў зоймецца Следчы камітэт Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?