Такім чынам расейскі ўрад адрэагаваў на пятнічныя заявы Аляксандра Лукашэнкі.
«Нафтавае замірэнне» між Расеяй і Беларуссю падыходзіць да канца, — піша блізкая да ўрадавых колаў газета. — Нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка і прэм'ер Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч настойваюць на павелічэнні паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ да 23 млн т, дамагчыся гэтага будзе вельмі складана. Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка нядаўна нават заявіў, што ў III квартале гэтага года аб'ём паставак склаў 5,75 млн т, што ўкладаецца ў выніковую колькасць нафты, на якую разлічвае рэспубліка. Але ўрад Расеі падрыхтаваў ужо ліст беларускаму боку пра нежаданне ўзгадняць павелічэнне паставак нафты на беларускія НПЗ у III і IV кварталах 2013 года.
— Сярод прэтэнзій расійскага ўрада — невыкананне беларусамі ўмоваў па вяртанні ўзгодненага аб'ёму нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты. Акрамя гэтага, беларусы зацягваюць рэалізацыю супольных інтэграцыйных праектаў, у тым ліку стварэнне СП паміж расійскім вытворцам грузавікоў КамАЗам і беларускім МАЗам, — паведаміла крыніца ва ўрадзе [Расія дабіваецца кантролю над рознымі сферамі беларускай эканомікі — НН].
Беларусь настойвае на неабходнасці захавання балансу паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ на ўзроўні 23 млн т нафты ў 2013 годзе. Перамовы пра гэта вядуцца з восені мінулага года. Расійскі ж бок не раз заяўляў пра сваю гатоўнасць накіраваць толькі 18,5 млн т нафты ў абмен на вырабленыя з яе 2,1 млн т нафтапрадуктаў стандарту «Еўра-3».
«Летась Расія злавіла Беларусь на тым, што тая экспартуе нафтапрадукты ў Еўропу пад выглядам растваральнікаў, — мяркуюць «Ізвестія». — Гэтыя тавары не абкладаюцца экспартнай пошлінай пры вывазе за межы Мытнага саюза, таму расійскі бюджэт недаатрымаў за іх парадку $ 1,5-2 млрд. Акрамя гэтага, да восені мінулага года не было і ніякіх абяцаных зваротных паставак нафтапрадуктаў. 300 тыс. т нафтапрадуктаў удалося вярнуць у IV квартале толькі пасля таго, як Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь».
«Нягледзячы на гэта, у 2013 годзе саюзная рэспубліка [так называюць Беларусь «Ізвестія» — НН] двойчы здолела дамагчыся ад расейскага ўрада працягу паставак нафты ў ранейшым аб'ёме (5,75 млн т з гадавога аб'ёму 23 млн т) на два першыя кварталы. Як паведаміла «Ізвестіям» крыніца ва ўрадзе, нягледзячы на эпізадычныя парушэнні ўмоваў у зваротных пастаўках нафтапрадуктаў у Расію, нафтапрадукты з Беларусі ў РФ у асноўным пастаўляліся. Аднак аб'ём рэалізацыі нафтапрадуктаў быў невысокім. Пад эпізадычнымі парушэннямі маюцца на ўвазе маніпуляцыі з цэнамі, прапанаванымі беларусамі на расійскіх біржавых таргах: расійскія кампаніі не купляюць прапанаванай беларусамі прадукцыі, бо ў большасці выпадкаў цана прапановы беларускага боку аказваецца вышэйшай за цану закрыцця папярэдняга дня», — пішуць «Ізвестія».
Канфлікт вакол паставак нафты і нафтапрадуктаў не адзіны момант, які паўплываў на рашэнне Расеі паставіць Беларусі [чарговы кітайскі] «нафтавы ультыматум". «Ізвестія» ўпрост пішуць, што «Беларусь усялякімі шляхамі імкнецца да зацягвання працэсу рэалізацыі супольных праектаў, высоўваючы новыя і змяняючы ўмовы ранейшых дамоўленасцяў».
Далей «Ізвестія» ў лоб пералічваюць прадпрыемствы, на якія Расія хоча накласці руку.
«У прыватнасці, гэта датычыць праекта развіцця ААТ «Гродна Азот», кантрольны пакет якога беларускі дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» збіраецца прадаць расійскай кампаніі.
Таксама крыніца адзначыў слабое прасоўванне працэсу стварэння сумеснага аўтамабільнага холдынгу «Расбелаўта» на базе расійскага ААТ «КамАЗ» і беларускага ААТ «МАЗ». Бакі яшчэ ў 2012 годзе дасягнулі дамоўленасцей і сфармулявалі іх у Канцэпцыі супрацоўніцтва, аднак беларускі бок выстаўляе ўсё новыя патрабаванні. Напрыклад, прапануе захаваць асобна за МАЗам маркетынгава-збытавую структуру, права на правядзенне даследаванняў і распрацовак па стварэнні новай тэхнікі са стварэннем навукова-тэхнічнага цэнтра з доследнай вытворчасцю ў Мінску, дамагаецца абавязковага выкарыстання аўтакампанентаў беларускай вытворчасці на ўзроўні не менш за 40%. Акрамя гэтага, беларускі бок хоча мець магчымасць інвеставаць у развіццё МАЗа як асобнага гаспадарчага суб'екта з прыналежнымі да яго прадпрыемствамі парадку $ 1,2 млрд да 2020 года.
Газета ўзгадвае заяву Аляксандра Лукашэнкі, зробленую ў часе звароту да нацыянальнага сходу 19 красавіка. Лукашэнка заявіў, што сумняваецца ў мэтазгоднасці зліцця МАЗа і КамАЗа, паказаўшы на тое, што гэта магчыма толькі на выгадных умовах.
— Прыходзяць людзі, я ў іх пытаюся: што мы атрымаем ад гэтага аб'яднання, акцыянавання, а яшчэ — перадай акцыі за бясцэнак? Мяне пачынаюць інфармаваць, што за імі [КамАЗам] стаяць замежнікі, яны з'яўляюцца там акцыянерамі і яны будуць зацікаўлены, каб МАЗ апусціць, зачыніць. Ім не трэба лішніх канкурэнтаў. Я — прэзідэнт Беларусі, і я на гэтую бандыцкую акцыю, інакш не назавеш, не пайду», — сказаў Лукашэнка.
Далей «Ізвестія» пішуць: «Прадстаўніца расійскага віцэ-прэм’ера Аркадзя Дварковіча Алія Самігуліна сказала, што пытанне нафтавых балансаў на III і IV кварталы пакуль рана абмяркоўваць і канкрэтныя рашэнні з гэтай нагоды будуць бліжэй да чэрвеня. Што да інтэграцыйных праектаў, то гэтае пытанне разглядалася падчас перамоваў Аркадзя Дварковіча і першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі і найбольшыя спрэчкі выклікае СП КамАЗа і МАЗа.
Акрамя гэтага, рознагалоссі ёсць і па праекце інтэграцыі Мінскага завода колавых цягачоў у структуру расійскага абаронна-прамысловага комплексу (АПК). Расійскі бок настойвае на гарызантальнай інтэграцыі з прадпрыемствамі АПК, такімі як КамАЗ і «Уралвагонзавод». Мінск, у сваю чаргу, прапануе праект вертыкальнай інтэграцыі і пашырэння супрацоўніцтва з расійскімі прадпрыемствамі, такімі як «Карпарацыя», Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі, «Канцэрн СПА «Алмаз-Антэй», НВА «Сплаў» і НПК «Канструктарскае бюро машынабудавання», — заключаюць «Ізвестія».
Расія не першы раз пагражае скарачэннем паставак нафты ў Беларусь. Пастаўкі нафты й газу на льготных умовах забяспечваюць стабільнасць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Ведаючы гэта, Масква ўпэўненая, што паступова даб’ецца сваіх бізнэс-мэтаў у Беларусі.
Каментары