Архіў

Ня сілай, а розумам

Гісторыкі дзівяцца: у 1920 годзе упяцёра меншае польскае войска здолела спыніць бальшавіцкую ваенную машыну. Бо Пілсудзкі меў такую дакладную інфармацыю пра ворага, якой да яго ня меў ніводзін палкаводзец ні ў адной вайне. Гутарка з польскім гісторыкам Грэгажам Новікам пра невядомыя старонкі польска-савецкага канфлікту. Вайны, якая абумовіла лёс Беларусі на ХХ стагодзьдзе. Яна двойчы пракацілася цераз краіну і пакінула па сабе пасечаны папалам край. Той падзел адгукаецца ў нас дагэтуль.

Унікнуць у сытуацыю праціўніка

— У 1920-м над Віслай здарыўся цуд?

— Я не люблю выразу «цуд над Віслай». Гэта прапагандысцкі штамп, выдуманы праціўнікамі Пілсудзкага. Яны ўнушалі, што Варшаву ад Тухачэўскага выратавалі ня талент палкаводцаў, сіла і патрыятызм арміі, а толькі ўмяшаньне вышэйшай сілы. Але прызнаюся, што і мне польска-бальшавіцкая вайна часам здавалася ланцугом звышнатуральных падзей. Так, 5 сакавіка 1920 г. польская армія ажыцьцяўляе складаную Мазырскую апэрацыю. Уладзіслаў Сікорскі (у той час камандуючы Палескай брыгадай, затым — 3-й і 5-й арміямі. — «НН») атрымаў загад разьдзяліць два расейскія франты — у Беларусі і ва Ўкраіне. Адносна невялікімі сіламі ён атакаваў бальшавіцкія атрады на Палесьсі.

— Ваенны геній.

— І гэта таксама. Іншы прыклад. Верасень 1920-га. Пачатак вялікай бітвы над Нёманам. Выдзеленая польская групоўка абышла бальшавіцкія пазыцыі праз тэрыторыю Літвы і спынілася ў Рудніцкай пушчы. Цярпліва чакае, пакуль саветы пачнуць адступаць. Як толькі прыходзіць загад аб вяртаньні для расейскага боку, нашы рушаць на іх тылы.

— Вы ня верыце ў геній палкаводцаў?

— На вайне ўсё вырашае выпадак. У 1920 г. магчымасьці авіяцыйнай разьведкі былі абмежаваныя. Дакладна было невядома, дзе непрыяцель і што ён зьбіраецца рабіць. Таму штабы стараліся ўнікнуць у сытуацыю праціўніка і прадказаць яго дзеяньні. Манэўраная вайна тады нагадвала паядынак, у якім у праціўнікаў завязаны вочы. Але нашы войскі ўвесь час пасьпяхова атакавалі ці ўхіляліся ад удару. Нашы штабоўцы ведалі значна больш, чым нам здавалася.

Перамога чалавечага розуму

— Адкуль такія высновы?

— Я працую ў групе на чале з палкоўнікам Маркам Тарчыньскім, якая вывучае і выдае дакумэнты польска-савецкай вайны. Калі мы чыталі штодзённыя «Зводкі аб непрыяцельскай сытуацыі», што перадавала польскае камандаваньне, то задумаліся: адкуль такая вялікая колькасьць зьвестак пра Чырвоную армію? Потым я натрапіў на дакумэнт канца ліпеня 1920 г. Найдраматычнейшы момант вайны — а тут шэсьць польскіх радыёстанцый зарыентаваны выключна на перахват.

— Што тут дзіўнага?

— Ва ўсёй польскай арміі было ўсяго 26 палявых радыёстанцый, і раптам шэсьць зь іх сталі выкарыстоўвацца выключна для прыёму! Гэта нерацыянальна! Бо радыёстанцыі служаць перш за ўсё для падтрыманьня сувязі паміж вайсковымі адзінкамі! Усё выглядае па-іншаму, калі прыняць гіпотэзу, што гэтыя шэсьць радыёстанцый ажыцьцяўлялі перахват апэрацыйнай карэспандэнцыі Першай коннай арміі С.Будзённага, што мелася з паўднёвага ўсходу (у савецкай і беларускай гістарыяграфіі — Паўднёва-Заходні фронт. — «НН») атакаваць польскія войскі, якія групаваліся пад Вепшай. Калі гэтыя шэсьць радыёстанцый былі ўключаны на перахват, значыць, мы мелі магчымасьць прынятыя радыёдэпэшы расшыфраваць. Тады я меў ужо амаль 100-працэнтную ўпэўненасьць. Не хапала доказаў.

— І Вы іх знайшлі.

— Здарыўся чарговы цуд. Палкоўнік Зыгмунт Козак з Цэнтральнага ваеннага архіву расказаў мне пра яшчэ не апрацаваныя дакумэнты польскай ваеннай разьведкі 1920 г. Там былі расшыфраваныя пры дапамозе Бюро шыфраў польскага Другога аддзелу Генштабу савецкія радыёдэпэшы. Цяжка ўявіць сабе больш пераканаўчы довад таго, што польскія крыптааналітыкі ўзламалі савецкія шыфравальныя ключы.

Пішацца «кепска» — чытаецца «добра»

— Колькі такіх дакумэнтаў захавалася?

— Некалькі тысяч расшыфраваных дэпэш. Мяркую, што іх было значна больш, але ня ўсе захаваліся. Так, гісторыкі, што займаюцца вайной 1920 г., згадвалі, што наша разьведка перахоплівала інфармацыю і дакумэнты бальшавікоў, але лічылася, што гэта былі адзінкавыя выпадкі. Да таго ж звычайна ўказвалася, што яны былі адкрытыя і толькі месцамі шыфраваныя.

Тым часам знойдзеныя дакумэнты сьведчаць, па-першае, аб тым, што нашы крыптааналітыкі здолелі ўзламаць расейскія шыфры. Па-другое — што разьведка праціўніка вялася мэтадычна: ажыцьцяўляўся ўлік непрыяцельскіх вайсковых адзінак, асабовага складу, узбраеньня, настрояў. Зьвесткі разьмяркоўваліся па папках у адпаведнасьці з падзелам на франты, арміі і дывізіі. Дэпэшы паходзяць з розных узроўняў камандаваньня — ад штабоў дывізій, карпусоў і армій да камандзіраў франтоў, але трапляюцца таксама карэспандэнцыі найвышэйшага ўзроўню — камандаваньня Чырвонай арміі. Гэта выклікае забаўныя параўнаньні.

— Што пішуць тыя, хто на самым версе, а што тыя, хто ніжэй?

— Так. У калекцыі поўна расшыфраваных дэпэш Дняпроўскай флятыліі 1919—1920 г. Камандзіры ніжэйшага зьвяна дакладваюць, што пануе тыф, голад, салдаты ня маюць абмундзіраваньня, бунтуюць. Яны ня хочуць ісьці ў бой, бо няма ботаў, а на дварэ лістапад. Партызанскія атрады, утвораныя сялянамі, атакуюць патрулі, якія рэквізуюць жывёлу. Афіцэры лютуюць, што няма чаго есьці, а ім тым часам загадваюць правесьці «партыйны тыдзень» з нагоды гадавіны рэвалюцыі. А які рапарт ідзе да вышэйшага камандаваньня? Што настроі выдатныя, баявая гатоўнасьць высокая, а мясцовае насельніцтва падтрымлівае бальшавікоў, бо знаходзіцца пад прыгнётам польскіх паноў.

Добрыя ўзломшчыкі паходзяць з поліэтнічных краін

— Мы ведаем, хто расшыфраваў код «Энігма» — супэрскладаныя нацысцкія коды. Але хто ўзламаў шыфры бальшавікоў?

— Першым тут варта згадаць Юзафа Рыбака — да Першай сусьветнай вайны капітана разьведкі аўстра-вугорскай арміі. Пілсудзкі разгледзеў у ім паляка-патрыёта і, калі паўстала незалежная Польшча, забраў Рыбака зь Вены і паставіў на чале Цэнтральнага камандаваньня польскай ваеннай разьведкі. У дапамогу назначыў аднаго са сваіх найбліжэйшых паплечнікаў — публіцыста, перакладчыка, у будучыні міністра фінансаў Ігнацыя Матушэўскага. Гэтыя двое разам утварылі грымучую сумесь. Падпалкоўнік Рыбак завэрбаваў у польскую разьведку маёра Караля Балдэскула. Падчас Першай сусьветнай вайны ён быў шэфам радыёразьведкі дзяржаў Траістага саюзу на Ўсходнім фронце.

— Балдэскул — нейкае дзіўнае прозьвішча.

— Румынскае, але ён нарадзіўся ля Каламыі (украінскае Прыкарпацьце. — «НН»). Можа, па паходжаньні румын, можа, гуцул, а можа, усяго патроху? У 1918 г. па распадзе Аўстра-Вугоршчыны ён абвясьціў сябе палякам. Валодаў польскай, украінскай, нямецкай, францускай мовамі, не валодаў толькі расейскай.

— У камандаваньні арміі радыёразьведка і крыптаграфія апынуліся на належным узроўні.

— Гэта праўда. Напрыклад, геніяльны матэматык, капітан Віктар фон Маршэсэці ўзламаў падчас Першай сусьветнай вайны большасьць шыфраў царскай арміі. Балдэскул быў тады правай рукой палкоўніка Макса Ронге, кіраўніка аўстра-вугорскай разьведкі. Падчас Другой сусьветнай вайны большасьць афіцэраў аўстрыйскай разьведкі сустрэліся ў Абвэры (нямецкая разьведка. — «НН»), а Макс Ронге апынуўся ў канцлягеры Дахаў, бо Гітлеру служыць не хацеў.

Шматнацыянальная імпэрыя была цудоўным асяродзьдзем для крыптолягаў і крыптааналітыкаў.

— Хіба можа быць нейкае спэцыяльнае асяродзьдзе для крыптолягаў?

— Спэцыяліст па гісторыі крыптаграфіі, прафэсар Оксфардзкага ўнівэрсытэту Дэвід Каган, аўтар кнігі «Ўзломшчыкі кодаў», сьцьвярджаў, што добрыя спэцыялісты паходзяць з поліэтнічных і мультыкультурных краін. Бо там мусяць быць унівэрсытэты з высокім узроўнем выкладаньня матэматыкі і сяго-таго яшчэ: там павінна пісацца музыка. Паводле Кагана, найлепшыя ў крыптаграфіі — італьянцы, аўстрыйцы і палякі. Бо матэматыка — гэта лягічнае мысьленьне, а музыка — гэта сфэра ўяўленьня.

— А што здарылася з Балдэскулам?

— У 1922 г. ён пайшоў у адстаўку — і зьнік. Апошняя згадка аб ім тычыцца 1934 г., калі Балдэскул быў афіцэрам запасу. Немцы ў 1942 г. намагаліся яго адшукаць, але так і не знайшлі. Можа, памёр, а можа, уцёк.

Геній расшыфроўкі

— Вернемся да зараджэньня радыёразьведкі.

— Увесну і ўлетку 1919 г. Балдэскул стварыў сетку радыёпраслухоўваньня. Завэрбаваў сваіх калег з аўстрыйскай разьведкі. Але была праблема: бракавала крыптааналітыка — спэцыяліста па шыфрах, які ведаў бы расейскую мову. Неўзабаве падвярнуўся кандыдат. Зваўся Ян Кавалеўскі, паходзіў ён з Лодзі, дзе скончыў гандлёвы тэхнікум. Перад І сусьветнай вайной вывучаў хімію ў Льежы (Бэльгія). Падчас вайны служыў у расейскіх інжынэрных войсках, затым быў кіраўніком аднаго з атрадаў Польскай вайсковай арганізацыі ва Ўкраіне. Ваяваў пад Каневым, у дывізіі генэрала Жалігоўскага зрабіўся начальнікам разьведкі. Ужо тады цікавіўся ўкраінскімі шыфрамі на Падольлі. У жніўні 1919 г. трапіў у разьведвальнае бюро.

— Адкуль у хіміка зацікаўленасьць крыптаграфіяй?

— Гэта быў незвычайны лінгвістычны і матэматычны талент. Кавалеўскі ведаў францускую, нямецкую, расейскую і ўкраінскую мовы. Меў неймаверную фатаграфічную памяць. Калі ў канцы 1920-х ён стаў аташэ ў СССР, па памяці маляваў ваенную тэхніку на парадах на Краснай плошчы. З усімі падрабязнасьцямі.

Ужо ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі — калі адзначалася стагодзьдзе паўстаньня 1863 г. — Кавалеўскі расшыфраваў карэспандэнцыю паўстанцкага ўраду Р.Траўгута. Гэтыя шыфраграмы ляжалі ў архіве з XIX ст., і ніхто ня мог іх прачытаць — яны былі зашыфраваныя надзвычай складаным «нязломным» кодам, ключ да якога загінуў.

Талент Кавалеўскага, магчыма, не праявіўся б, калі б ня шлюб адной дзяўчыны. У жніўні 1919 г. начное дзяжурства ў шыфравальнай сэкцыі нёс сябар Кавалеўскага паручнік Станіслаў Срока, але ў яго сястры было вясельле. Кавалеўскі згадзіўся падмяніць. Ноччу пайшлі матэрыялы з радыёпраслухоўваньня, сярод іх — адкрытыя і зашыфраваныя расейскія дэпэшы. Гэта былі дэпэшы, зашыфраваныя ў форме лічбавых груп. Як быццам нехта перасылаў перамяшаныя нумары з тэлефоннай кнігі, але бяз прозьвішчаў. Кавалеўскаму было нудна на тым начным дзяжурстве, і ён вырашыў заняцца нечым накшталт крыжаванкі. Ён узяў за аснову расейскае слова «дивизия» і пачаў прымяраць яго да асобных фрагмэнтаў шыфраграм.

— Чаму менавіта «дивизия»?

— Тройчы паўтараецца літара «і». Такім чынам яму ўдалося знайсьці галосную і тры зычныя. Гэтыя літары цяпер трэба было накласьці на шыфравальную рашотку, што нагадвала табліцу множаньня. Расейскі шыфр быў даволі просты, яго асноўныя прынцыпы зьявіліся ў XVII—XVIII ст. Пазьней належала адпаведным чынам расьпісаць вялікую партыю шыфраграм на групы і дасьледаваць іх так званым мэтадам частотнасьці, г.зн. параўнаць частату асобных сымбаляў у шыфраграме з характэрнай для дадзенай мовы частатой ужываньня тых ці іншых літар.

Пад раніцу Кавалеўскаму ўдалося ўзламаць першы шыфравальны ключ. Ён пахваліўся знаёмым — і ў штабе пашырылася вестка, што ёсьць такі зух, які дзеля забавы ламае расейскія шыфры. Так у першую шлюбную ноч пані Срокі нарадзілася новая польская школа крыптааналізу.

Кавалеўскі неўзабаве ўзламаў ключы ня толькі бальшавікоў, але і белагвардзейцаў, украінскія ключы, а пазьней зацікавіўся чэхаславацкімі, літоўскімі і перш за ўсё нямецкімі шыфрамі. З часам ён прыцягнуў да працы прафэсараў Львоўскага і Варшаўскага ўнівэрсытэтаў. Пад канец вайны польскія шыфравальшчыкі разгадвалі расейскія дэпэшы хутчэй, чым самі расейцы.

Біць там, дзе наймацней забаліць

— Якое значэньне меў узлом шыфраў?

— Гэта можна параўнаць з гульнёй у покер, калі гульня ідзе на жыцьцё, а за сьпінай аднаго з гульцоў паставілі люстра. Люстра — гэта радыёразьведка. Зразумеўшы гэта, я па-іншаму паглядзеў на ход вайны 1920 г. Цяпер я ведаю ня толькі вынікі, але й матывы польскіх рашэньняў. Напрыклад, знакамітая нарада ў Бэльвэдэры 15 верасьня 1919 г., у якой — як сьцьвярджае біяграфія Пілсудзкага — упершыню зьявілася ідэя вырашальнага бою з Расеяй, падтрымкі ва Ўкраіне Пятлюры ды пазьнейшага паходу на Кіеў. Удзельнічалі ў ёй начальнік штабу, палкоўнік Станіслаў Галер (увесну 1940 г. генэрал Станіслаў Галер будзе расстраляны НКВД у Харкаве. — «НН»), маёр Ігнацы Матушэўскі, блізкі паплечнік Пілсудзкага Багуслаў Медзіньскі (пазьней — міністар ва ўрадах Пілсудзкага і Бартля, апошні маршалак перадваеннага Сэнату. — «НН»), які пакінуў запіс з той сустрэчы.

— Гэта тады Матушэўскі ў эўфарыі сказаў, што мы можам нават ісьці на Маскву? Шмат хто з гісторыкаў пісаў, што польскія палітыкі страцілі галаву.

— Матушэўскі ня быў схіль-ным да экзальтацыі. Размова адбылася 15 верасьня. З дакумэнтаў вынікае, што першая вялікая партыя савецкіх дэпэш Паўднёвай групоўкі XII арміі была расшыфраваная 12 верасьня — і якраз тады Кавалеўскі падрыхтаваў рапарт для начальніка Генштабу. Пра ўскрыцьцё шыфраў праціўніка мусіла быць праінфармаванае вышэйшае начальства — менавіта тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў нарадзе 15 верасьня. Якраз тады да іх дайшла інфармацыя — маем люстэрка, ведаем, што робіць праціўнік. Пілсудзкі і ягоныя суразмоўнікі ведаюць, што вайна з бальшавіцкай Расеяй непазьбежная, і вырашаюць, як гэтае люстра выкарыстаць.

— Матушэўскі гаворыць: мы такія моцныя, што можам ісьці на Маскву.

— Пісудзкі адказаў: «На Маскву ня пойдзем, бо што нам у Маскве рабіць? Маскалі застануцца маскалямі. Мы мусім ударыць там, дзе ім наймацней забаліць». Тым чулым месцам Расеі была ў той час — і застаецца па сёньня — Украіна.

— Для Польшчы ўзьнікненьне незалежнай Украіны — справа жыцьця і сьмерці. Зь Пераяслаўскай рады распачаўся працэс заняпаду Рэчы Паспалітай і ўмацаваньня імпэрскай магутнасьці Расеі.

— У 1923 г. на лекцыі ў Вышэйшай ваеннай школе Пілсудзкі сказаў, што пытаньне незалежнай Украіны — для Польшчы справа і палітычная, і стратэгічная. Па-першае, без Украіны Расея ня будзе вялікай дзяржавай, па-другое, Польшча ня ў стане ўтрымаць разьлеглага амаль на дзьве тысячы кілямэтраў фронту з Расеяй. Калі ўзьнікне незалежная Ўкраіна, частку гэтага фронту яна возьме на сябе. Памятаеце, што сказаў В.Юшчанка: няма вольнай Украіны бяз вольнай Польшчы, як няма вольнай Польшчы бяз вольнай Украіны? Тады было тое самае. Толькі цяпер ёсьць шанец, што ўдасца рэалізаваць запавет маршала Пілсудзкага.

— Але з Украінай годам раней палякі вялі крывавую вайну за Львоў.

— Украінцаў нацыянальныя дэмакраты (эндэкі) і большая частка грамадзтва называлі тады «гайдамакамі». Мала хто сур’ёзна ставіўся да іх прэтэнзій на дзяржаўнасьць. Але Пілсудзкі разважае так: нават нашы самыя крывавыя сутычкі тычыліся мяжы — далей на ўсход ці далей на захад яе пасунуць. Гаворка ішла пра тое, каму будзе належаць Львоў ці Камянец-Падольскі (на іх прэтэндавалі палякі) або Хелм, Пшэмысьль (на якія прэтэндавалі ўкраінцы). У канфлікце з Расеяй пытаньне заўсёды стаяла значна глыбей — пра існаваньне цэлага народу, пра зьвядзеньне Польшчы да ролі блізкага замежжа — сфэры ўплываў, «прывісьленскага краю».

Стратэгія Пілсудзкага

— Сапраўды Пілсудзкі ведаў усё? Адкуль такая ўпэўненасьць?

— Калі польская радыёразьведка ажыцьцяўляла перахват ва Ўкраіне і ўскрыла першыя шыфры, чаму б ёй не зрабіць гэтага ў Беларусі? І тут і там расейцы прымянялі аднолькавыя шыфры. Начальнікам разьведкі літоўска-беларускага фронту быў палкоўнік Юзаф Бэк — пазьней кіраўнік МЗС (1932—1939). Ён у студзені 1920-га тэлеграфаваў у Вярхоўнае камандаваньне аб «узрослай актыўнасьці савецкіх станцый», аб «прыёме цэлай масы радыёдэпэш несумненна апэратыўнага зьместу» і нагадваў пра неабходнасьць накіраваць у камандаваньне фронту спэцыялістаў па радыёразьведцы.

Плюс інфармацыйныя паведамленьні II аддзелу Вярхоўнага камандаваньня аб сытуацыі на ўсіх франтах, уключана зь літоўска-беларускім, з пачатку 1920 г. робяцца надзвычай дэталёвыя. Падрабязна падаецца асабовы склад да ўзроўню палка, роды ўзбраеньня, калібры артылерыі, ход бягучых перагруповак, узаемазамен, папаўненьняў.

— Гэтую інфармацыю маглі сабраць польскія разьведчыкі або яна магла паступіць ад дэзэртэраў.

— Шмат інфармацыі польская разьведка атрымлівала ад салдат — палякаў і расейцаў, якія перайшлі на процілеглы бок. Але так званая асабовая разьведка не магла раўнамерна ахапіць усяго фронту. Колькі мусіла быць шпіёнаў, каб польскі бок ведаў, хто камандуе, хто зьяўляецца палітычным камісарам, у якім стане знаходзяцца вайсковыя адзінкі, якія пляны? Групаваньне расейскіх войскаў на фронце з таго часу ідэнтычна адлюстроўвалася на расейскіх і польскіх штабных картах…

Калі я дасьледаваў дакумэнты, падумаў: «Калі б Ленін і Троцкі, Сталін і Будзённы, а таксама камандуючыя франтамі ў Беларусі й ва Ўкраіне былі агентамі польскай ваеннай разьведкі, яны і то не былі б такія эфэктыўныя, бо ня мелі такіх дэталёвых зьвестак». Пілсудзкі меў такую дакладную інфармацыю, якой да яго не валодаў ніводзін палкаводзец ні ў адной вайне. І ён выдатна выкарыстоўваў яе ня толькі ў ваенных дзеяньнях, але і ў прыняцьці палітычных рашэньняў.

— Як?

— Мы падыходзім да падзеі, якая гісторыкамі — у залежнасьці ад іх сымпатый — трактавалася ці як геніяльны ход, ці як зьбег акалічнасьцяў. Пад велізарным палітычным націскам Пілсудзкі ў сакавіку 1920 г. паведаміў расейскаму боку, што мірныя перагаворы з бальшавікамі распачне, але ў якасьці месца іх правядзеньня прапанаваў Барысаў за Менскам. Тыя адказалі: можа, сустрэнемся ў любым іншым месцы, але толькі не ў Барысаве. Пілсудзкі адказвае: Барысаў — менавіта такое «любое месца».

— Пра што гаворка?

— У студзені 1920 г. Пілсудзкі пачаў атрымліваць інфармацыю, што камандаваньне Чырвонай арміі перамяшчае на польскі фронт атрады з Каўказу, з-над Дону, Уралу. Дзеля чаго гэтая канцэнтрацыя? Каб пачаць мірныя перагаворы? Пілсудзкі вырашыў гэта скарыстаць. Польская разьведка ўстанавіла, што ў Барысаве сканцэнтравана цяжкая артылерыя. Такая сіла выкарыстоўвалася для прарыву фронту, а ўтаіць яе было досыць цяжка. Барысаў злучаны чыгуначнай магістральлю са Смаленскам, і на гэтай магістралі ў сакавіку 1920 г. зьявіліся два новыя ангельскія бронецягнікі, адбітыя ў Дзянікіна.

Пілсудзкі, кажучы бальшавікам: «Панове, паразмаўляем пра мір у Барысаве», — гаворыць як у покеры: «Увага, правяраю». Праціўнік адказаў: «Пас». Тады Пілсудзкі пераканаўся, што Троцкі і Ленін толькі пускаюць пыл у вочы з сваім мірам, а самі рыхтуюцца да вайны.

Пілсудзкаму і беларусам не хапіла трох дзён

— Аднак расейцы да сёньня настойваюць, што хацелі міру.

— У 1990-я Анджэй Новак зь Ягелёнскага ўнівэрсытэту знайшоў у расейскіх архівах датаваны сярэдзінай студзеня 1920 г. расейскі плян вайны з Польшчай. Пілсудзкі меў рацыю. Ведаючы пра канцэнтрацыю бальшавіцкіх войскаў, ён мусіў сам нанесьці папераджальны ўдар. 25 красавіка пачаўся Кіеўскі паход.

— Пілсудзкі атакаваў на поўдні. Рушыў у напрамку Кіева, тады як савецкія сілы пад камандаваньнем Тухачэўскага канцэнтраваліся ў Беларусі.

— Ён не памыліўся. Польска-ўкраінскі наступ на Кіеў пачынаецца 25 красавіка. Двума днямі раней Пілсудзкі атрымлівае данясеньне радыёразьведкі, што ў раёне Віцебск—Ворша—Полацак праслухоўваньне зарэгістравала пяць новых бальшавіцкіх радыёстанцый, разьмешчаных у глыбокім тыле. Тады яны яшчэ не працавалі, толькі ўтварылі сетку. На наступны дзень Вярхоўны галоўнакамандуючы даведаўся, што там дзейнічае ўжо ня пяць, а дзесяць станцый — што, з усяго відаць, сьведчыла пра два камандаваньні армій і каля васьмі дывізій. Гэта былі новыя сілы Тухачэўскага, якія таемна групаваліся для вайны з Польшчай. Пілсудзкі вырашыў перашкодзіць гэтаму, нягледзячы на тое, што 25 красавіка пачалася ўкраінская апэрацыя. Польскія легіёны мусілі ўдарыць па арміі Тухачэўскага — мэтад пакрокавага наступленьня з поўдня ў паўночным напрамку. Галоўны наступ у Беларусі меўся пачацца 17 траўня з поўдня на поўнач у кірунку Магілёва, Воршы, а можа, і Полацку. Атакаваць мусілі атрады, згрупаваныя на поўдні Беларусі, а таксама выслабаненыя з кіеўскай апэрацыі і перамешчаныя чыгункай. Тухачэўскаму давялося б тады адбіваць атаку з тылу, і ён апынуўся б у цяжкім становішчы. Аднак, рэагуючы на трагічную сытуацыю на поўдні, галоўнакамандуючы Чырвонай арміяй Сяргей Каменеў пачаў слаць драматычныя дэпэшы Тухачэўскаму. У іх загадвалася неадкладна атакаваць палякаў, каб палегчыць становішча ва Ўкраіне. Тухачэўскі трохі марудзіў, казаў, што негатовы, што атрады неўкамплектаваныя, бракуе амуніцыі, але рушыў.

Савецкая атака распачалася 14 траўня. Да пачатку польскага наступу не хапіла трох дзён. Можа, гэтыя тры дні вырашылі лёс незалежнай Украіны. Норман Дэвіс напісаў: калі б польскае наступленьне пачалося раней, гісторыя магла б пайсьці па-іншаму.

Спыніць «Непераможную армаду»

— Пілсудзкі недаацаніў савецкую Расею?

— Ён ведаў, што гісторыя дае яму ўнікальны шанец разыграць украінскую карту і тым самым гарантаваць польскую незалежнасьць на дзесяцігодзьдзі. Перад ім толькі стаяў выбар, рызыкнуць ці чакаць, нічога ня робячы. Ён рызыкнуў.

— Ці мела Польшча шанцы ў жніўні 1920 г., калі армія Тухачэўскага падышла да Варшавы?

— Усе ацэньвалі іх як невысокія. Агульны ваенны патэнцыял абедзьвюх дзяржаў улетку 1920 г. не даваў Польшчы шанцаў: Расея — 5 млн чалавек пад ружжом, Польшча — 900 тыс. Розьніца ў колькасьці непасрэдна на польскім фронце не была вялікай, але Расея мела велізарную рэзэрву. Польская армія адступае. Небывалыя маштабы набыло дэзэртэрства. Тысячы польскіх жаўнераў, набраных зь сялян, дэзэртавалі. Яны ўцякалі на жніво.

Былі легендарныя студэнты ды гімназісты, якія ў жніўні 1920 г. пад Радзімінам гераічна ўтрымлівалі бальшавіцкія атрады. Яны былі накіраваны на фронт адразу пасьля прызыву. Калі дасьведчаныя афіцэры знаходзяць мэтазгодным пасылаць у бой 16-гадовых падлеткаў, гэта сапраўды крытычная сытуацыя.

Праціўнікам камандаваў Тухачэўскі, пазьней адзін з найвыдатнейшых савецкіх тэарэтыкаў вайны. Разам зь ім у шэрагах Чырвонай арміі змагаецца каля 30 тыс. дасьведчаных царскіх афіцэраў, дывізіямі і арміямі камандуюць выпускнікі царскай Акадэміі Генштабу. Армія нядрэнна ўзброеная і аснашчаная — у Расеі па-ранейшаму напоўніцу працуюць збудаваныя пры дапамозе французаў перад 1914 г. фабрыкі па вытворчасьці зброі і амуніцыі. Да таго ж у расейцаў багаты досьвед, назапашаны ў барацьбе з інтэрвэнцыямі. А ў Польшчы вырабляліся толькі штыкі і карпусы гранат, усё астатняе трэба было завозіць, а пастаўкі зброі блякаваліся заходнеэўрапейскімі камуністычнымі рухамі, прафсаюзамі. Баставалі докеры ў Гданьску, транспарт блякавалі Нямеччына і Чэхаславаччына.

— А сувязь?

— Уласна, гэта адзін з козыраў: кожная дывізія мае ў распараджэньні канец тэлеграфнага дроту. Тэлеграфныя перагаворы нельга падслухаць, у адрозьненьне ад радыёкарэспандэнцый, хіба што праціўнік падключыцца непасрэдна да лініі.

Выкарыстаны шанец

— Яшчэ да 13 жніўня 1920 г. здавалася, што мы прайгралі?

— Таму Польшча, насуперак пазыцыі Пілсудзкага, і згаджалася на прыніжальныя ўмовы міру. Гаворка ішла пра хвіліну перадыху, пра часовае перамір’е, пра затрыманьне чырвоных. Чэскі прэзыдэнт Томаш Масарык перасьцерагаў Захад ад удзелу ў абароне Польшчы — справа гіблая і «гэта толькі зьнішчыць аўтарытэт вялікіх дзяржаў».

— Якое значэньне мела ўтрыманьне армій Тухачэўскага ў прадмесьцях Варшавы 14—15 жніўня?

— З пункту гледжаньня маральнага стану польскай арміі — вельмі важнае. Таксама гэта дало Пілсудзкаму час на падрыхтоўку кантранаступу, які рушыў з-над Вепшы. Лёс вайны вырашаўся пад Вепшай, а не пад Радзімінам. Параза не зрабіла вялікага ўражаньня на савецкае камандаваньне. Расейцы падрыхтавалі чарговую атаку. Варшаву з поўначы абкружалі тры расейскія арміі: III, XV і IV, а таксама конны корпус Гая Бжышкяна, што меліся паўтарыць манэўр І.Паскевіча 1831 г. і, перайшоўшы Віслу, атакаваць Варшаву з захаду. Нічога не было перадвызначана. Падрыхтаваная Пілсудзкім контратака з-над Вепшы 16 жніўня, якая ў канчатковым выніку разьбіла фронт Тухачэўскага, была манэўрам крайне небясьпечным. Ён атакаваў, праўда, слабыя савецкія групоўкі — Мазырскую групу, — але ў любы момант у тыл і крыло яго войска магла ўдарыць Першая Конная армія.

— Чым была Конармія?

— У той час гэта была найлепш аснашчаная адзінка Чырвонай арміі. Конная армія — гэта былі ня толькі казакі і тачанкі, але і цудоўная артылерыя, авіяразьведка, бронецягнікі. Ідучы на польскі фронт, Конная армія налічвала звыш 30 тыс. чалавек, у тым ліку 16 тыс. лінейных салдатаў, так званых шабель. Яна мела трыццаць палявых радыёстанцый — больш, чым уся польская армія. Гэта давала ёй магчымасьць падтрымліваць сувязь і ўзаемадзеяньне ў руху, а рух быў яе козырам. Конармія выкарыстоўвала найноўшыя дасягненьні шыфраваньня ў радыётэлеграфіі: спэцыяльнае абазначэньне квадратаў мапаў, крыптонімы дывізій, часта зьмяняла пазыўныя радыёстанцый. Усё гэта абцяжарвала ўзлом шыфраў і чытаньне яе карэспандэнцый. Але палякі з гэтым справіліся.

— Ці складалі нейкія шыфры асаблівую цяжкасьць для польскай разьведкі?

— Польскае бюро шыфраў мае ў распараджэньні каля ста шыфраў, узламаных і здабытых падчас вайны 1919—1920 г. Былі шыфры лягчэйшыя і цяжэйшыя. Цяжэй за ўсё было ўскрыць сыстэмы з так званымі гамафонамі — дубляванымі шмат разоў абазначэньнямі для кожнай літары, камбінаваныя літарна-складовыя сыстэмы. Для іх нельга было прымяніць згаданы вышэй мэтад дасьледаваньня частаты літар. Цяжка было разгадваць камбінаваныя сыстэмы, заснаваныя на адначасовым выкарыстаньні кодаў і шыфраў. Нагадаем, у кодах групай лічбаў замяняюцца цэлыя словы, у шыфрах — асобныя знакі (літары і лічбы) ці склады. Урэшце, расейцы ўжывалі мэтады падвойнага шыфраваньня. Вельмі складаным быў шыфр савецкай сеткі шпіёнаў, якія высылалі праз агентаў паведамленьні з тэрыторыі Польшчы, — між іншым, адзін з ключоў абапіраўся на фрагмэнт «Варшавянкі»; але шыфры гэтай сеткі таксама былі ўскрытыя.

Сталін меў свае пляны

— На руку Пілсудзкаму ў жніўні 1920 г. былі і церці між камандаваньнем Паўднёва-заходняга фронту і Тухачэўскім. Ці была справа толькі ў асабістым канфлікце паміж камісарам гэтага фронту Сталіным і Тухачэўскім?

— Прычыны былі глыбейшыя. Войскі Тухачэўскага — гэта армія тэхнакратычная, стварэньне Троцкага, аўтара ідэі арганізацыі Чырвонай арміі пры дапамозе царскіх генэралаў і штабістаў, — словам, прафэсіяналаў. На Паўднёва-заходнім фронце дамінавала так званая царыцынская група: бальшавіцкія камандзіры, што бралі ўдзел у абароне Царыцына ад «белых» казакоў. На абароне Царыцына збудавалі свае легенды Сталін, Варашылаў, Будзённы. Шмат хто з афіцэраў паўднёвага фронту — унтэр-афіцэры царскай арміі. Яны не для таго рэзалі ў 1917 г. сваіх камандзіраў, каб служыць у Чырвонай арміі пад камандаваньнем былых царскіх афіцэраў — Каменева, Лебедзева й Тухачэўскага! У Сталіна таксама былі іншыя пляны ў дачыненьні да Польшчы.

— Якія?

— З Тухачэўскім ішоў рэвалюцыйны ўрад з Фэліксам Дзяржынскім і Юліянам Мархлеўскім на чале. Яны лічылі, што Польшча зробіцца чарговай савецкай рэспублікай. Частка ўраду, што адказвала за ідэалёгію, была дужа зьдзіўленая: насуперак тэорыі камунізму польскія рабочыя і сяляне змагаюцца на фронце і не пераходзяць на бок чырвоных.

У сваю чаргу Сталін у чэрвені піша Леніну, што Польшча «не заслугоўвае гонару далучэньня да Савецкай Расеі ў якасьці рэспублікі», і прапануе зрабіць яе савецкім сатэлітам. То бок для яго гэта нібыта каляніяльная вайна.

Гэта была жорсткая вайна. Палякі не былі анёламі, але Конная армія вяла татальную вайну. Казакі рэдка бралі палонных. Яны забілі палонных у Жытоміры, у захопленым Бярдзічаве спалілі палявы шпіталь разам з шасьцюстамі параненымі і пэрсаналам.

Сталін спаборнічае з Тухачэўскім і за тое, хто панясе паходню рэвалюцыі ў Эўропу. Калі Тухачэўскі павінен захапіць Варшаву, дык Сталін хоча здабыць іншы важны горад — Львоў. Калі Тухачэўскі павінен прынесьці рэвалюцыю ў Нямеччыну, дык Сталін з Будзённым хочуць прынесьці яе ў Вугоршчыну і Аўстрыю. Таму Будзённы пад уплывам Сталіна ігнаруе загад ісьці на Варшаву. Ён не падпарадкоўваецца Тухачэўскаму.

— Гэта гісторыкі ведаюць…

— Але яны ня ведаюць, што Пілсудзкі выдатна ўсьведамляў гэтую сытуацыю. Ёсьць дакумэнт, датаваны 19 жніўня, які даводзіць, што ўсе супярэчнасьці ў вярхах савецкага камандаваньня адсочваў паручнік Кавалеўскі і інфармаваў пра іх непасрэдна начальніка дзяржавы.

«І перакладалі на мову наваха»

— Але ж расейцы напярэдадні Варшаўскай бітвы таксама мелі сваю, і досыць пасьпяховую, разьведку. Што яны ведалі пра падрыхтоўку Пілсудзкага?

— Многае, але ня ўсё. Пры забітым у ваколіцах Дубенкі афіцэру-сувязісту маёру Драёўскаму знайшлі загады перагрупаваць польскія войскі Трэцяй і Чацьвёртай арміі над Вепшам. Гэта было апісаньне падрыхтаванага Пілсудзкім кантранаступу.

— Тухачэўскі павёў сябе бесклапотна і інфармацыю пакінуў без увагі?

— Так апісвалі гэтую сытуацыю гісторыкі. Тухачэўскі недаацаніў сілу польскага ўдару і занадта позна даў загад адступаць.

Затое гэта ацаніла польскае камандаваньне. У 1921 г. начальнік Генэральнага штабу генэрал Уладыслаў Сікорскі адзначыў паручніка Кавалеўскага Крыжам «Virtuti Militari». Пры гэтым сказаў яму: «Гэта за выйграную вайну» — і падміргнуў.

— Паручнік Кавалеўскі пасьля вайны праслухоўваў што-небудзь яшчэ?

— Яго падначаленыя кантралявалі расейскую дыпляматычную карэспандэнцыю падчас Рыскай канфэрэнцыі ў 1921 г., а ён сам зрабіўся начальнікам разьведкі камандаваньня абароны плебісцыту ў Сылезіі і ўзначаліў разьведку ІІІ Сылескага паўстаньня — там, хутчэй за ўсё, займаўся ўзломам нямецкіх шыфраў. А з 1923 г. ён ужо ствараў крыптаграфічную службу ў Японіі. Атрымаў найвышэйшы ордэн імпэрыі — ордэн Узыходзячага Сонца V клясы. Праз пэўны час Польшча сумесна зь Японіяй ажыцьцяўляла праслухоўваньне радыёграм савецкай Расеі з тэрыторыі Маньчжурыі. Гэтае супрацоўніцтва польскай і японскай разьведак прыносіла плён нават у гады Другой сусьветнай вайны. Польскія разьведчыкі працавалі пад прыкрыцьцём у дыпляматычных прадстаўніцтвах дзяржавы Маньчжоў-Го, кантраляванай Японіяй, а дыпляматычныя каналы японскага аташэ ў Бэрліне служылі для перасылкі польскіх разьведпаведамленьняў у Швэцыю і адтуль у Вялікабрытанію.

— Відаць, Кавалеўскі кепска даў рады арганізацыі японскай крыптаграфіі, бо японцы амэрыканскіх шыфраў не ўзламалі.

— Але японцаў хвалявалі тады шыфры савецкія. Амэрыканцы дэпэшы шыфравалі і дадаткова перакладалі на паміраючую мову індзейцаў наваха, не падобную ні на якую іншую мову. У арміі ЗША служылі індзейцы з гэтага племені. Яны так цаніліся, што да кожнага зь іх прыстаўляўся індывідуальны разьведчык. Ня толькі для таго, каб іх ахоўваць, але і каб забіць, калі была рызыка, што перакладчык можа трапіць у рукі ворага.

Яны дапамаглі расшыфраваць «Энігму»

— Наколькі тое, што польская разьведка рабіла ў 1920-я, паўплывала на дзейнасьць тых польскіх крыптолягаў, якія расшыфравалі «Энігму»?

— У канцы 1920-х у Познанскім унівэрсытэце распачаўся набор людзей, якія валодалі нямецкай мовай, маглі думаць па-нямецку і адначасова былі выдатнымі матэматыкамі. Сярод іх апынуліся Мар’ян Раеўскі, Генрык Зыгальскі і Ежы Ружыцкі. Вядома, што ўжо з пачатку 1920-х польскае Бюро шыфраў намагалася ламаць нямецкія так званыя транспазыцыйныя шыфры і шыфры двайных дзельнікаў. Гэта былі шыфравальныя сыстэмы, якія адрозьніваліся ад расейскіх. Пра ўзлом нямецкіх шыфраў сьведчыць хоць бы просьба аб дапамозе ў гэтай сфэры, скіраваная ў Францыю на пачатку 1920 г.

— Ці сутыкаліся будучыя ўзломшчыкі кодаў «Энігмы» з супрацоўнікамі Бюро шыфраў часоў польска-бальшавіцкай вайны?

— Несумненна.

— Посьпехі польскіх крыптолягаў не засьцераглі ад паразы ў 1939 г.

— Войны, як і партыя ў покер, не выйграюцца з дапамогай аднаго люстэрка, для перамогі патрэбны яшчэ моцныя карты. Як бы там ні было, расшыфроўка «Энігмы» дапамагла хаўрусьнікам выйграць вайну.

Паводле «Gazety Wyborczej»

Доктар Грэгаж Новік — намесьнік дырэктара Вайсковага бюро гістарычных дасьледаваньняў, галоўны рэдактар штоквартальнага часопісу «Przegląd historyczno-wojskowy» («Гістарычна-вайсковы агляд»), чалец групы па вывучэньні дакумэнтаў польска-савецкай вайны 1919—1920 г., аўтар кнігі «Перш чым узламалі «Энігму»… Польская радыёразьведка падчас вайны з бальшавіцкай Расеяй 1918—1920 г.», прэзэнтацыя якой адбылася сёлета.

Алег Латышонак: Беларусь на сваім баку

Цывільнае беларускае насельніцтва ў гэтай вайне ня брала нічыйго боку. Дый бязладзьдзе было, многія людзі яшчэ не павярталіся ў родныя мясьціны зь бежанства. А нацыянальна сьведамыя беларусы, асабліва зь Беласточчыны, ваявалі за БНР у арміі Булак-Балаховіча, адагналі бальшавікоў аж за Мазыр. І былі пасьля раззброеныя палякамі. Многія балахоўцы разам зь мясцовымі сялянамі потым у 20-я бралі ўдзел у БНРаўскай партызанцы ў Белавескай Пушчы.

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску23

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

Гродзенскі музей купіць карціну мясцовага мастака пра вайну з сімвалам Z9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску23

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →