Кінафармат «4х4»
«Эрас» («Eros»)
ЗША—Італія, 2004, каляровы і ч/б, 104 хв.
Жанр: эратычная драма.
Адзнака: 7 (з 10).
Стыльны, вытанчаны, хаця й крыху акадэмічны фільм ад трох знакамітых кінарэжысэраў (кожны зьняў па навэле), прысьвечаны каханьню й эрасу.
У навэле Мікелянджэлё Антаніёні «Небясьпечная нітка здарэньняў» адчужаныя саракагадовыя муж і жонка сустракаюць прыгожую жанчыну, якая купаецца ў вадаспадзе. У гісторыі «Рука» ад Вонг Кар-Вая малады кравец закаханы ў элітную прастытутку. Стывэн Содэрбэрг прапануе іранічны погляд на псыхааналітыка, пацыента — і прыгажуню са сноў.
Італьянскі патрыярх творыць свой фільм холадна й эратычна; пачуцьцьёвае павуціньне адультэру не такое простае, як здаецца на першы погляд, але жарсьці сплеценых целаў хаваюць самоту, пра якую заўжды Антаніёні сьпяваў.
Стыль «Рукі» — пранізьлівая мэлядрама зь мінулых часоў, спакойная й ціхая.
Содэрбэргава гісторыя стылёва адрозьніваецца ад папярэдніх навэл Антаніёні й Кар-Вая, нават гуляецца з чорна-белым колерам, але арганічна ўлучаная ў карціну.
«Кроў і косьці» («Chi to hone»)
Японія, 2004, каляровы, 144 хв.
Жанр: псыхалягічная драма.
Такешы Кітана ўвасабляе ў фільме жорсткага й небясьпечнага Гаспадара, мужа, бацьку, шэфа, фінансавага бізнэсоўца зь нізоў — які ідзе да ўлады па галовах і растаптаных пачуцьцях.
Карціна Саі Ёчы дэманстравалася на Маскоўскім кінафэсьце ў праграме «Азіяцкі экстрым».
«Пінжак» («The Jacket»)
ЗША, 2005, каляровы, 102 хв.
Жанр: містычны трылер.
Герой карціны — вэтэран вайны — трапляе ў клініку і пасьля экспэрымэнтаў, якія лекары праводзяць над ім, набывае здольнасьць бачыць і мяняць сваю будучыню.
Каментары