Меркаванні33

Беларуская глыбіня. Ад крамы да храма

Піша Павел Севярынец.

Праз тры дні знайшлі Яго ў храме,
Сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх
І распытваў іх.
Лукі 2:46

Час у Пружанах спыніўся. Разгублены. Не ведае, куды дацца. Быццам і новы год, але які ж ён, халера, новы — чым далей, тым болей у навінах праглядвае бэ-у. Усё вакол да агіды знаёмае, і няможна даўмецца, ну колькі яшчэ яно працягне, гэтае BY?!.

А між тым 2012-ты ад нараджэння Хрыстовага — забыты юбілей. 2000 гадоў таму, калі Ісусу споўнілася дванаццаць, бацькі падчас штогадовай пілігрымкі ў Ерусалім згубілі Яго — і ўрэшце адшукалі толькі ў святыні. Ён распытваў настаўнікаў і здзіўляў усіх сваім розумам. Адзіная падзея з жыцця Хрыста ад дзяцінства да 30-годдзя, адзначаная ў Евангеллях. Такім чынам, 2012: шукаеце Збаўцу? Ён у царкве.

Акурат 1-га студзеня, маючы колькі гадзінаў да вяртання ў каменду, вандрую па пружанскіх храмах, спрабую знайсці штосьці новае ў новым 2012-м. Пагатоў, нядзеля.

У Спаса-Праабражэнскай царкве на Горцы, дзе з часоў Вялікага княства хаваюць праваслаўных па левы бок вуліцы, а каталікоў — па правы, народу поўна. Што характэрна, дзясятая гадзіна ранку 1-га, а паху перагару — ані. Мужчынаў хіба траціна. Ціха: калі падчас набажэнства раптам звініць мабільны, айцец Ігар раскаціста папярэджвае: «Знайду, чый тэлефон — зашпурну так, што будзеце шукаць на каталіцкіх могілках!»

У пружанскім касцёле, дзе калісьці настаяцелем пачаў сваё пастырскае служэнне кардынал Казімір Свёнтак, дзе за саветамі зрабілі дыскатэку, у першы дзень новага года зранку занятыя ўсе лавы. Хор распяваецца польскімі калядкамі: «Сhwala na wysokości!..» Малады ксёндз-паляк гаворыць па-расейску, але галоўная імша — беларуская. Елка пры алтары, перавітая сінімі гірляндамі, мігціць у такт акордам аргана. Пружанцы тут апранутыя больш дыхтоўна; жанчыны выкшталцоныя — але мужчынаў яшчэ менш, мо кожны пяты, нават з улікам міністрантаў.

Як ні дзіўна, у пружанскіх крамах 1 студзеня пуста. Нявыспаныя касіркі ды шорханне некалькіх самотных наведнікаў: падаецца, гэтыя зайшлі ў святыню спажывецтва хіба што паводле штодзённага заведзенага рытуалу і марна спрабуюць сфакусаваць позіркі на паліцах.

Беларускае сэрца, якое пераганяла кроў па нагах, руках ды кішках, амывала найдаражэйшы страўнік, фільтравала з печані алкаголь, раптам стаілася ў трывожным чаканні. Штодня смакаваць кілбаску робіцца, як і ў 90-х, раскошай. Божа, куды ж цяпер, а?!

І вось на Усяночную на праваслаўнае Раство царква перапоўненая. Задуха.

Паспалітаму люду цікава, што ж адбудзецца роўна а дванаццатай. Стаяць, прыслухоўваюцца — да малітвы, да народу, да сябе.
Апоўначы запальваецца святло: Хрыстос нарадзіўся!

Цуд на Каляды.

Люд тоўпіцца, падымаецца на дыбачкі, каб угледзець — што там, у стаенцы пад елкамі. Нічога не бачна. Пад манатоннае чытанне натоўп паціху рассмоктваецца. На літургію застаюцца верныя. Здаецца, у 2012-м усё як заўжды.

І раптам — «дзінь-дзілінь!..» Дзіцячыя галасы. Школьны хор спявае беларускія калядкі! «Учора з вячора», «Ціхая ноч», «Маці Божа»… Пяць беларускіх, дзве расейскія і нават адна ўкраінская. Для поўнага беларускага міжмоўнага шчасця не стае хіба польскай — той самай, з касцёла. Цуд другі!

Нарэшце, цуд трэці. Пасланне Патрыярха Маскоўскага Кірыла чытаецца… таксама па-беларуску. Настаяцель старанна выгаворвае «ў» ды «р», і хіба што па выбухным «г» можна вызначыць: такое тут упершыню.

Беларускасць нараджаецца наноў там, дзе і належыць нацыі з 1000-гадовымі хрысціянскімі каранямі.

Раство ў глыбінцы заўжды больш цёплае і блізкае, чым у вялікім горадзе: усё-такі нараджэнне Госпада адбылося ў стайні, у яслях, у сям’і. Ды і пастухоў і мудрацоў на тысячу чалавек насельніцтва тут хіба што паболей.

Зрэшты, большасць беларусаў пакуль што дома. У краму ўжо няма з чым — даядаюць святочнае, у храм — няма дзеля чаго. Але ўжо робіцца ясна: чым глыбей крызіс, тым болей народу ўрэшце крэкне ды пойдзе пашукаць — дзе ж яны ўсё-такі згубілі Бога?

Уявіце сабе, слова «крызіс» па-грэцку азначае «суд». Так і ў Евангеллях — крызіс. Вось ужо год беларускія пратэстанты кажуць, што і рэжым, і народ праходзяць суд Божы. За ўсё. За злосць і абыякавасць. За п’янства. Праваслаўны атэізм. Цярпімасць да зла. Страх.

Крызіс — прамая дарога ад страўніка да сэрца, ад крамы да храма.

Яшчэ крыху — і беларускі народ будзе гатовы шукаць, дакуль не знойдзе. Ці гатовая царква?..

Як і калісьці — слухае і распытвае, не сціхае дзвюхтысячагадовым рэхам, прабірае мурашкамі па ўсім целе беларусаў Сам Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Пракаповіч на Полі цудаў

Беларуская глыбіня. Малітва на Плошчы

Беларуская глыбіня. Усмешка Васьковіча

Бкларуская глыбіня. Віскулі

Беларуская глыбіня. Папараць-людзі

Беларуская глыбіня. Шэсцьсот тамоў Крашэўскага

Беларуская глыбіня. Карані ў крыві

Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы

Беларуская глыбіня. Удых.

Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва

Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Каментары3

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы5

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску і Гродне можна ўзяць жывую ялінку на святы ў арэнду. Колькі гэта каштуе?2

Беларуска ўпала з чацвёртага паверха гатэля ў Тайландзе і атрымала цяжкія траўмы

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі20

Выйшаў на волю ліванец-хрысціянін, які правёў у турмах Асада 33 гады. Яго выкралі сірыйскія вайскоўцы5

«Усе будуць хадзіць «качкай», пакуль у цябе мазгоў не дадасца». Беларусы расказалі, як яны ці іх дзеці падвяргаліся булінгу1

Камуніст Сыранкоў пахваліўся, што сабраў 170 тысяч подпісаў5

Дзеяч апазіцыі ўзначаліў пераходны ўрад краіны Сірыі

На ўкраінскай вайне загінуў адзін з апошніх прадстаўнікоў карэннага народу Расіі — керэкаў11

МУС распавяло сваю версію, за што пасадзілі пярэваратня ў пагонах Згірскага6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы5

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы

Галоўнае
Усе навіны →