Меркаванні1010

Беларуская глыбіня. Віскулі

Піша Павел Севярынец

    Ісус спытаўся яго:
    як тваё імя?
    Той сказаў: «Легіён»,
    бо шмат дэманаў
    увайшло ў яго.
    Лукі 8:30

Друзлы ўсходні чалавек з чорнымі вачыма купляе ў нас на складзе ў Купліне жалеззе.

— Герой, — ціхенька піхае мяне локцем галоўны інжынер Максімавіч, — ваяваў у Прыбалтыцы, Югаславіі, Чачні…

— Што, праўда? — пытаюся.

— Ну.

— Як у французскім «Замежным легіёне»?

— Легіёне? Ну так, як у легіёне.

— І людзей забівалі?

— А як і ўсе.

— І цяпер пайшлі б?

— Канечне.

— А чаму?

— Я прысягу даваў.

— Каму, Савецкаму Саюзу? Дык Савецкага Саюза ўжо няма.

Друзлы ўсходні чалавек ускідвае на мяне чорныя-чорныя вочы і бахае ва ўпор:

— А што, лепш каб туды Амерыка ўлезла?!

Разваліўся, рассыпаўся СССР, а яго асколкамі, вінцікамі і цэлымі механізмамі, быццам запчасткамі нейкага гіганцкага кібарга-трансформера, Беларусь дагэтуль проста кішыць.

Савецкі Саюз знік роўна 20 гадоў таму. Тады назва маленькай вёсачкі Віскулі ў Пружанскім раёне, у глыбі Белавежскай Пушчы, з нясцерпным віскам успарола ўвесь свет. Тое, што не ўдалося ніводнаму магутнаму ворагу савецкай імперыі, раптам адбылося ў Беларусі.

Калі чуеш «Віскулі», увушшу — рэзкае вясковае рэха: дзень, калі б’юць кабана.
Ён крычыць, раве знадрыўна, аж душу выварочвае — і свінні па ўсёй вёсцы пачынаюць масавы суладны віск. Пералівісты, шматгорлы, дзікі, у гулкім марозным паветры асабліва жудасны. Віскулі на ўсё наваколле. Як у Евангеллі, калі Ісус выгнаў легіён бесаў з вар’ята ў гурт свіней, і тыя ашалелі, «і кінуўся гурт з урвішча ў мора, і патануў».

Днямі праз Пушчу пусцілі новую дарогу — Брэст—Гродна. Прыгажосць. Краявіды. Падземныя пераходы ў месцах міграцый жывёлаў. Турыстычныя знакі. Ціха, урачыста. І ніхто не вішчыць.

Пушча, заўсёднае, з часоў Вітаўта, логвішча загнаных беларусаў — змоўшчыкаў, канфедэратаў, паўстанцаў, партызанаў, сховішча Урублеўскага, Харэўскага, Рагулі, Урбановіча; радзіма Нямцэвіча, Карпінскага, Крашэўскага, Панятоўскага… Месца грандыёзнага забою зуброў і ласёў для Вялікай вайны перад Грунвальдам; паляўнічы рай Жыгімонта Аўгуста, Мікіты Хрушчова, Леаніда Брэжнева; зямля, зрытая на невымерную глыбіню сакрэтнымі бункерамі і ракетнымі шахтамі.

Толькі ў глыбокіх беларускіх лясах ды балотах магчыма было ўтапіць такую аграмаду зла.

Памятаю: мне чатырнаццаць, за акном бела-бела, светла-светла ад снегу, свежа-свежа, і навіна: СССР больш няма. Беларусь.

Маленькі, утульненькі паляўнічы дамок. Крыштальныя кілішкі. Светлы, свежы бел-чырвона-белы сцяжок. Упалявалі-такі звера!

    Векавечны напеў, далячыняў смуга
    У чаканні зары, што заблішча
    сляпушча…
    Як свая мне твая векая туга,
    Белавежская пушча,

    Белавежская пушча!

А такое ж хараство, асабліва ў снежні!

Ох, як сёння хочацца ім, чыё імя легіён, каб ані Белавежскай пушчы, ані таго снежаньскага дня не было ніколі! Саюзная дзяржава… Мытны саюз… Еўразійская эканамічная прастора… Еўразійскі саюз… І агукаецца: Віскулі, Віскулі, Віскулі!

Зноў імперыя? Ласкава запрашаем у Белавежскую пушчу.

З часоў Вавілонскай вежы чалавецтва будуе каласальныя імперыі, а Госпад іх разбурае. Светла, ціха і лёгка. СССР, найвялікшая ў гісторыі бязбожная імперыя, была разбураная ў Беларусі гэтак жа, як і калісьці Егіпецкая, Асірыйская ці Рымская: надыходзіць час, і з подыхам духу спаруды людской пыхі рассыпаюцца ў прах.

Чалавечая веліч вечна пнецца адгарадзіцца ад свабоды, любові і праўды бетоннымі сценамі, бункерамі, грудамі зброі і горамі трупаў. Але на зямлі ёсць месца, дзе ў туманнай смузе, цудам, быццам прывіды, знікаюць цені і сцены, змрок і страх, лютасць і самае зло — і, як тады, у Гадарынскай краіне на беразе Галілейскага мора, людзі раптам спыняюцца перад пранізлівым адчуваннем: тут Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Віскулі

Беларуская глыбіня. Шэсцьсот тамоў Крашэўскага

Беларуская глыбіня. Карані ў крыві

Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы

Беларуская глыбіня. Удых.

Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва

Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Каментары10

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Усе навіны →
Усе навіны

«Афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем». Прадстаўнік КДБ расказаў пра перспектывы абмену зняволенымі10

Спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па Беларусі не лічыць працэс атрымання польскіх візаў складаным і дарагім8

У пад'ездзе віцебскай шматпавярхоўкі на людзей кідаюцца пацукі1

Лукашэнка падпісаў праўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Што мяняецца?1

Новы міністр Чарнецкі збіраецца паляваць на ворагаў у беларускай культуры10

Марзалюк: Калі хто кажа, што Мураўёў ледзь не стваральнік беларускай дзяржавы, то гэта поўная лухта25

У Магілёве сілавікі наведваюць адрасы прапіскі тых, хто выехаў з Беларусі

Вядомы гомельскі сілавік судзіцца з УУС і МУС1

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй44

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Галоўнае
Усе навіны →