Меркаванні99

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Піша Павел Севярынец.

    І птушка знаходзіць сабе жытло,
    і ластаўка гняздо сабе, дзе
    пакласці птушанят сваіх, каля
    алтароў Тваіх,
    Госпадзе сіл,
    Цару мой і Божа мой!
    Псалом 83:4

О, гэта праца — падсобным рабочым у Вялікай канцэртнай зале ластаўчынага ціўкання імя Міхася Забэйды-­Суміцкага!

Былы ангар савецкай вайсковай тэхнікі, а цяпер склад аўтазапчастак у Купліне аблюбавалі ластаўкі. Насамрэч гэта першае, на што звяртаеш увагу: па-над гасподай цяжкага, зубчастага, пачварна перакручанага, ашчэранага мёртвага жалеззя — імпэтныя роспісы і ціўканне дзясяткаў ластавак. Прыслухаешся — філармонія. Пад дахам — гнёзды, гнёзды, гнёзды. Выходзіш са склада — і літаральна з­-за вуха куляй выстрэльвае бліскучая птушка, і слых узлятае ў нябёсы: што-­што?..

Хіба ж можа быць інакш на радзіме найвялікшага беларускага опернага тэнара, раскручанага для сучаснасці ўнікальным дыскам народных спеваў «Ластаўкі ў стрэсе»? Там, дзе табе наканавана адбываць два гады ў жалезабетонным амфітэатры, збудаваным для рову савецкіх танкаў, а цяпер поўным пяшчотнага посвісту, ды яшчэ побач з інжынерам-аднавяскоўцам і цёзкам Вялікага Міхася? Ягоны бацька бачыў жывога Суміцкага і дагэтуль напявае ягоныя арыі.

Чаму мне пашчасціла трапіць менавіта сюды? Большасць «хімікаў» працуе ў Пружанах і навакольных калгасах. Пешкі, калі найкарацейшым шляхам, з каменды да горада 40 хвілінаў. Падпісваеш адмысловы «маршрут руху асуджанага», дзе пазначаецца, па якіх вуліцах трэба перамяшчацца.

Найперш — да дырэктара Палацыка, пружанскага краязнаўчага музея, маладога Юрыя Зялевіча. Бяседа прыязная, але кароткая: яму, вядома, адкуль трэба ўжо патэлефанавалі. Цэнтральная бібліятэка з партрэтамі славутых беларусаў у фае: Саюз беларускіх пісьменнікаў і кніжкі гэта, канечне, добра, але, выбачайце, вакансіяў няма (і ў вачах у кіраўнічкі адчайнае: «вы ж разумееце…»).

Разам з пчаляром Міколам Папекам заходзім у «Раённыя будні» (так паэтычна называецца галоўная газета сённяшняй Пружанчыны): калі будзеце нешта пісаць без палітыкі — прыносьце, але… Маючы на ўсё пра ўсё тры гадзіны часу, лётаеш па тых канторах, толькі ластаўкі ціўкаюць увушшу. Грузчыкам у краму — о, нам непітушчыя трэба, бяруць, бяруць! — але ўжо назаўтра робіцца ясна, што «кадры рашаюць усё»: э-э, выбачайце, не можам. Ды хоць дворнікам, падмятаў жа пісьменнік Платонаў вуліцы — не-не-не, гэта нейкая вулічная акцыя атрымліваецца!

Горад Пружаны для палітычнага ссыльнага зачынены: кастрычніцкая ж рэвалюцыя неўзабаве. Карацей, ластаўкі ў стрэсе.

Актывісты дэмакратычнага руху ў глыбінцы грукаюцца ў дзверы працадаўцаў гадамі і чуюць у лепшым выпадку: ізвініце, мы ўсё з вамі панімаем, нооо…

Няхай. Дамаўляемся з Тайсам, паўднёваафрыканскім пратэстанцкім місіянерам, што побач, у тым жа былым вайсковым гарадку разводзіць авечкі ды трымае кавярню «Афрыка». Пастухом, як Давід, ды яшчэ ў хрысціяніна… Тэма біблейская — чаму б не.

Але назаўтра з самага ранку — выклік у дзяжурку і загад: прыбыць на працу ў фермерскую гаспадарку «Бардо», у 300 метрах ад каменды. «Бардо», арандуючы былыя ангары, вырошчвае бульбу, бычкоў і гандлюе запчасткамі. Сховішчы, склады, майстэрні і — о, цуд! — Вялікая канцэртная зала імя Забэйды­Суміцкага.

У Вялікую канцэртную залу ўвесь час наведваюцца слухачы: дырэктары, інжынеры, кіроўцы з гаспадарак усяго раёна. Пружанскі райаграсэрвіс, пракаповіцкае «Отечество», фермер-місіянер Тайс, Аранчыцкая птушкафабрыка… Апошнім часам меламанаў усё больш — грошай усё менш, а склад «Бардо» можа выпісаць матэрыяльныя каштоўнасці паводле безнаяўнага разліку ці ў доўг.

«Як жа ён дастаў!» — скрозь зубы, пад ластаўчын пошчак, падсвістваюць дырэктары. «Калі ўжо, калі?!» — ціўкаюць і ўзводзяць вочы да ластаўчыных гнёздаў прыватнікі.

Склад аўтазапчастак — памерам з добры супермаркет. Падшыпнікі, дэталі МАЗаў ды трактараў «Беларус», сельгастэхнікі; гума, балты ды гайкі, фільтры ды фарба — аж да шуфляў і звонкіх гаечных ключоў. Пакуль пакупнікі слухаюць ластавак, мая справа — знайсці дэталь, аформіць паперы, выгрузіць ды падпісаць новыя порцыі халоднага жалеззя і раскласці яго так, каб ластаўчын свіст зрабіўся яшчэ больш пранізлівым.

Вось, значыць, дзеля чаго ў «амерыканцы» давялося сядзець з буйным прадпрымальнікам, што марыў разгарнуць на мяжы з Беларуссю еўрапейскі аўтасэрвіс з продажам запчастак, дырэктарам фірмы, спецыялізаванай на метале, ды галоўным інжынерам Мінскага трактарнага (ён да драбніцаў распавядаў тэхналагічны працэс, трэба ж было слухаць!)…

Курэй у Пружанах апошнім часам не дастаць. Кладаўшчык Леанідавіч летуценна аглядае дах:

— Ластаўка — істота Божая, грэх кранаць. А вось голуб, хоць і птушка міру, але часам бралі тут паветраную стрэльбу, білі ды ў бытоўцы гатавалі. Ох і смачна!

Ластаўкі радочкам, нотамі ля скрыпічнага ключа, уса­джваюцца на лініі дроту і расшыфроўваюць тэлефонныя паведамленні шалёным цёхканнем.

Крызіс, крызіс, кошты, курс рубля… Не свісці, грошай не будзе!

Але што ім, насельнікам неба, тыя рублі.

Насамрэч глядзяць яны на сумятлівых, спалоханых, раздражнёных людзей згары, са шкадаваннем — і гэтак жа звонка і пранізліва, як і сто гадоў таму, у часы Забэйды­-Суміцкага, з беларускай глыбіні славяць Госпада Бога.

Глядзі яшчэ: Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Каментары9

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Усе навіны →
Усе навіны

Макрон збіраецца ў Польшчу для абмеркавання планаў міратворчай місіі ва Украіне5

«Афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем». Прадстаўнік КДБ расказаў пра перспектывы абмену зняволенымі10

Спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па Беларусі не лічыць працэс атрымання польскіх візаў складаным і дарагім8

У пад'ездзе віцебскай шматпавярхоўкі на людзей кідаюцца пацукі1

Лукашэнка падпісаў праўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Што мяняецца?1

Новы міністр Чарнецкі збіраецца паляваць на ворагаў у беларускай культуры10

Марзалюк: Калі хто кажа, што Мураўёў ледзь не стваральнік беларускай дзяржавы, то гэта поўная лухта25

У Магілёве сілавікі наведваюць адрасы прапіскі тых, хто выехаў з Беларусі

Вядомы гомельскі сілавік судзіцца з УУС і МУС1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Галоўнае
Усе навіны →