Грамадства3131

Пяць прычын, чаму Асмалоўка не павінна быць знесеная

Стала вядома, што новы праект забудовы Асмалоўкі прадугледжвае поўны знос квартала. Ці маюць гэтыя домікі ў цэнтры Мінска гісторыка-культурную каштоўнасць, мы паразмаўлялі са знаўцам Мінска, мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім, аўтарам кнігі «Асмалоўка: дамы і мары».

1. Людзі

Там вырасла тры пакаленні людзей, якія не хочуць з’язджаць з Асмалоўкі. Для людзей гэта не проста родны дом, але бацькоўскія і дзядоўскія парогі. Не разумець права людзей на гэтую маёмасць, на сямейную памяць — гэта бесчалавечна і амаральна.

2. Архітэктура

Гэты архітэктурны ансамбль уяўляе сабой міжнародную каштоўнасць. Праекціроўшчыкі, архітэктары былі з Украіны і Расіі: Міхаіл Ручко, Абрам Даніляк і акадэмік Міхаіл Паруснікаў. Апошні шмат пабудаваў ў Маскве, Ленінградзе, Харкаве, а таксама ў Мінску на праспекце Незалежнасці.

Ёсць такі самы квартал-блізнюк у Днепрадзяржынску ва Украіне, але там ён быў пабудаваны для работнікаў гіганцкага хімічнага камбіната. І, канечне, за гэтыя гады быў дабіты дашчэнту.

Нешта падобнае захавалася ў Эстоніі, Латвіі, Літве і там іх рэнавіравалі. Яны аберагаюцца, сталі часткай ландшафту.

Асмалоўка — гэта адзінае месца, дзе падобны комплекс будынкаў застаўся цэлым кварталам. У свой час яго рабілі найлепшыя архітэктары з Кіева, Харкава, Масквы і наш зямляк Міхаіл Асмалоўскі, які ў 1945—1951 гадах узначальваў Упраўленне спраў архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР. Менавіта ягонае прозвішча і дало народную назву — Асмалоўка. І тое, што гэты квартал, які адзіны ацалеў на прасторах экс-СССР у сваёй цэласнасці, цудам, дзякуючы спецыфічнаму статусу, ужо само па сабе важна.

Гэта таксама ілюстрацыя стылю, як у той час мыслілася, пра лад жыцця, пра камфорт. Усё тое, каб звацца помнікам архітэктуры, у Асмалоўкі ёсць.

3. Мемарыяльная значнасць

Спачатку гэтыя кварталы будаваліся для вайскоўцаў побач са штабам Беларускай вайсковай акругі (цяперашнім Міністэрствам абароны). Туды планавалася пасяліць высокапастаўленых афіцэраў, генералітэт. Там пажылі героі Савецкага Саюза, маршалы. Сярод іншых — родны брат Пятра Машэрава Павел, ён там пражыў усё жыццё.

А яшчэ адзін квартал Асмалоўкі аддалі Упраўленню па справах мастацтва. Быў такі Лютаровіч, які кіраваў гэтай установай. Таму і жыллё іранічна назвалі «пасёлкам Лютаровіча». Туды пасялілі вернутых з эвакуацыі народных мастакоў, заслужаных асоб.

Там пасяліліся цэлая дынастыя вядомых мастакоў Шчамялёвых — дзед, сын, унук, іхнія жонкі, Таццяна Разіна. Цэлы клан, цэлая племя.

Мастак Генрык Бржазоўскі жыў там, яго бацька прыехаў у Мінск рабіць унутраны дызайн Чырвонага касцёла, усю сталярку. І вось сын ягоны стаў адным з першых заслужаных дзеячаў мастацтва БССР, аўтар больш чым 2000 карцін. Ягоная дачка Людміла, балерына, стала самай маладой заслужанай артысткай СССР.

Адразу туды перасялілі адзін дом для яўрэйскага тэатра БССР, які вярнулі з эвакуацыі. Потым гэтыя артысты сталі дыктарамі на радыё.

Да нашых дзён у мансардах Асмалоўкі працуюць мастакі — Несцераў, графік Паўлавец, Руслан Вашкевіч. На некаторых дамах там можна павесіць утрая больш шыльдаў, чым на доме-музеі Петруся Броўкі на вуліцы Карла Маркса. Столькі там жыло дзеячаў культуры, прафесуры! У Мінску мала дзе можна сустрэць такі квартал, насычаны настолькі памяццю, як Асмалоўка.

4. Экалагічная каштоўнасць

У Асмалоўцы ўсё яшчэ жывуць дзве сям’і, продкі якіх жылі ў гэтых кварталах да рэвалюцыі 1917 года. Адпаведна ў цэнтры квартала захаваліся цудам дрэвы, якім больш за 100 гадоў.

Адразу пасля вайны жонкі вайскоўцаў вельмі захапляліся садаводствам і там панасадзілі розных экзотаў. За гэтыя 75 гадоў многія расліны ўтварылі ўнікальны біяцэноз, які стаў домам не толькі для людзей, але і для птушак, у тым ліку ўнесеных у Чырвоную кнігу. Там водзяцца нават два віды кажаноў.

У сэнсе экалогіі выразаць у цэнтры Мінска сад, якому больш за 100 гадоў, — гэта вар’яцтва і злачынства. Зразумела, што падчас зносу дрэвы захоўвацца не будуць. І што б нам ні казалі пра кампенсацыйныя пасадкі, то ім трэба 100 гадоў, каб яны набылі такую ж вартасць.

На тым месцы ў разы прапануюць павялічыць плыню транспарту. Гэта рэзка пагоршыць экалагічную сітуацыю не толькі ў Асмалоўцы, але і ў прывабных суседніх раёнах.

5. Спакойны адпачынак

У Мінску парацца на прадмет адсутнасці пешаходных вуліц. Фактычна Асмалоўка і выконвае функцыі такога вось праменаду. З суседніх кварталаў прыходзяць цяжарныя альбо маці з вазкамі, дзе ў цішыні, у зеляніне можна правесці час. Гэта месца для спакойнага адпачынку. Не трэба перажываць, што цябе там задушыць машына. Аналагаў у Мінску такому раёну няма. Гэта ўнікальнае асяроддзе.

***

Падпісацца супраць зносу Асмалоўкі можна тут.

***

Глядзіце таксама: Зісер — абаронцам Асмалоўкі: «Знайшлі мне спадчыну! Навошта гэтыя баракі ў цэнтры?»

Каментары31

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Амерыканец жадае вучыцца ў Беларусі. Вось што яго пужае5

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Універсітэцкага выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»2

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця8

Трамп назваў імёны кіраўнікоў Дзярждэпа і Нацыянальнай выведкі9

«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне10

У Белым доме прайшла сустрэча Трампа з Байдэнам ФОТАФАКТ

Навукоўцы адрадзілі вымерлую жывёліну без кланавання. Якім чынам ім гэта ўдалося?3

Канапацкая адказала, ці ёсць у яе нямецкі ДНЖ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →