Сем рэчаў, якія робяць Беларусь камфортнай для жыцця краінай — абмяркоўвайце!
Такія рэйтынгі звычайна складаюцца з негатыўных фактаў. І гэта лёгка і прадказальна. Беларусь — сусветны лідар па ўжыванні алкаголю і тытуню, адзін з сусветных лідараў па колькасці суіцыдаў, у рэйтынгу шчасця наша краіна на адным з апошніх месцаў у Еўропе, дадаць нязменнасць улады, малыя заробкі і патрэбу візаў для паездак у Шэнгенскую зону, то ўвогуле выходзіць не самая прывабная карціна. Аднак жа Беларусь — гэта не суцэльны змрок. Ёсць рэчы, дзякуючы якім наша краіна робіцца камфортнай для грамадзян.
Даступная медыцына
Зусім свежы выпадак: малады журналіст Франак Вячорка гуляў у Нью-Ёрку ў футбол, супернік зламаў яму нагу. У выніку дактары выставілі рахунак у 104 тысячы даляраў. Адзін дзень знаходжання ў шпіталі абыходзіцца ў 4,5 тысячы даляраў. Выклік хуткай — 5 тысяч.
На гэтым фоне беларуская мадэль сферы аховы здароўя выглядае прывабна. Нашы людзі звыкліся крытыкаваць медыкаў, але трэба адзначыць, што за апошнія гады айчынная медыцына зрабіла некалькі крокаў наперад як у пытаннях абсталявання бальніц, хуткасці рэагавання на выклікі, гэтак і ў стаўленні лекараў да пацыентаў.
Канадзец Біл Джонс, які пасля шлюбу з беларускай пераехаў у Мінск, казаў, што пад вялікім уражаннем ад беларускай медыцыны. «Каб спраўдзіць зрок, у Канадзе мне трэба чакаць некалькі месяцаў, — кажа Біл. — А тут я магу прыйсці на прыём да афтальмолага ў той жа дзень».
Канечне, існуе востры недахоп самых розных спецыялістаў у правінцыі, але падобныя праблемы ўзнікаюць і ў больш развітых краінах свету.
Пра поспехі беларускай медыцыны могуць сведчыць аб’ектыўныя лічбы. Напрыклад, найніжэйшы ўзровень дзіцячай смяротнасці. Ці працэнт здаровых дзяцей, якія нараджаюцца ў ВІЧ-інфікаваных бацькоў. Гэты паказчык вышэйшы, чым у Расіі, у сем разоў.
Крытыкі могуць запярэчыць, а як жа працягласць жыцця? А тут, на жаль, не ўсё залежыць ад медыцыны, сваю ролю граюць шкодныя звычкі беларусаў. Беларускі жывуць доўга, а вось век мужчыны-беларуса кароткі.
Высокі ўзровень бяспекі
У беларускіх гарадах вы не знойдзеце кварталаў, у якіх вечарам рызыкоўна выходзіць на вуліцы. А такія ёсць не толькі ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы, але і ў еўрапейскіх сталіцах і мегаполісах. У Мінску, Берасці ці Жодзіне бяспечна гуляць як удзень, гэтак і ўначы. Нават падлеткам. Рызыка нарвацца на бандытаў, якія адбяруць кашалёк, тэлефон, мінімальная.
Колькасць забойстваў у Беларусі ўсё яшчэ вялікая, але адбываюцца яны ў асноўным сярод знаёмых, падчас п’янак, сямейных скандалаў. Гарэлка і «чарніла» тут робяць сваю чорную справу.
Працуюць сацыяльныя ліфты
Усё пачынаецца з даступнасці дзіцячых садкоў. Нават у Еўропе многія краіны не вырашылі гэтую праблему, у дзяржаўныя садкі трэба запісвацца ледзьве не ад нараджэння. Калі не атрымалася, то шукай садок прыватны з высокай аплатай. Такія праблемы ў нас ўзнікаюць хіба што ў новых мікрараёнах, але ў такіх выпадках найчасцей вас перакінуць на пару прыпынкаў грамадскага транспарту, але ніяк не ў іншы канец горада.
Далей гэта праходзіць праз школьную адукацыю і ўніверсітэты. Калі казаць груба, то ў ЗША з найбяднейшых пластоў насельніцтва вучобу ва ўніверсітэтах і каледжах могуць дазволіць сабе толькі самыя таленавітыя ў вучобе ці спорце. А ў Беларусі — і вучні сярэдніх здольнасцяў. Адукацыя ў нас альбо дармавая, альбо не за самыя вялікія грошы.
Вясковец ці дзіця сям’і з невысокім прыбыткам можа зрабіць сабе імклівую кар’еру і не сустрэць істотных перашкодаў. Навошта далёка хадзіць, можна паглядзець на прыклад кіраўніка краіны, які вырас без бацькі, а маці працавала на калгаснай ферме.
Даступнасць вады
ААН робіць штогадовыя справаздачы па даступнасці пітной вады ў краінах свету. Беларусь займае адно з першых месцаў рэйтынгу. Доступ маюць больш за 99% насельніцтва.
Беларуская вада якасная і смачная. Яе, з артэзіянскіх свідравін, не толькі можна, але і рэкамендуецца піць з-пад крана. Гэта, дарэчы, універсальная праблема для еўрапейскіх краін. Некалькі гадоў назад даводзілася чуць у Празе, што людзі таксама баяцца піць ваду з-пад крана, лічаць яе няякаснай і шкоднай. Гарадскія ўлады і грамадскія арганізацыі праводзілі адукацыйныя мерапрыемствы, каб зноў прывучыць людзей не купляць ваду ў пластыкавай тары ў магазінах.
У суседніх Расіі (другое месца ў свеце па запасах пітной вады) і Украіне сітуацыя з доступам людзей да вады горшая. Нават у Польшчы горшая, калі верыць ААНаўскім звесткам.
Інфраструктура і танны транспарт
Мінск — рэдкая сталіца ў свеце, якая фактычна раўнааддаленая ад астатніх рэгіёнаў краіны. Не трэба здзяйсняць цяжкія падарожжы з аднаго канца краіны ў іншы. У гэтым плане Беларусь вельмі кампактная і зручная. Сеў у цягнік — і праз тры-чатыры гадзіны ты будзеш у Брэсце ці Гомелі.
Тое самае тычыцца і Мінска, які ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых сталіц Еўропы. Але, каб дабрацца ў цэнтр з любой ускраіны горада, дастаткова трыццаці-сарака хвілін. Столькі сама займае дарога, скажам, з Каменнай Горкі ў Шабаны, бо існуе хуткасная МКАД.
Замежнікі яшчэ часта адзначаюць таннасць, камфортнасць і пунктуальнасць Беларускай чыгункі. Даехаць да Брэста з Мінска каштуе менш за 5 еўра. А, напрыклад, каб даехаць з Лісабона ў Порту, трэба аддаць больш за 20 еўра. А як яшчэ еўрапейцы балдзелі ад нашых плацкартаў, дзе можна паспаць!
Чатыры пары года і няма стыхійных бедстваў
Клімат Беларусі, канечне, горшы за міжземнаморскі ці каліфарнійскага ўзбярэжжа, але мае і свае безумоўныя плюсы. У Беларусі, як мала дзе яшчэ, вельмі выразна адчуваюцца ўсе чатыры пары года. Снежная зіма, лагодная вясна, спякотнае лета, залатая восень. Проста рай для аматараў інстаграмаў. Ніяк не засумуеш ад аднастайнасці.
У нас няма мора і гораў, і гэта безумоўны мінус. Але разам з тым, Беларусь не пакутуе ад прыродных катаклізмаў, такіх, як землятрусы ці тайфуны.
Лес займае пад 40% тэрыторыі краіны — гэта адзін з найбольшых паказчыкаў у свеце. А дзе лес, там ягады, грыбы, звяры і птушкі. Гэтага дабра і хараства ў нас столькі, што мы часам перастаем ім даражыць.
Прыгажосць людзей
Гэта ўсё суб’ектыўна, але прызнайцеся: пасля вяртання з замежжа ў вас не бывала такога, што, едучы ў грамадскім транспарце ці ідучы па вуліцы, звяртаеш увагу, наколькі шмат навокал прыгожых людзей? У якой краіне ці горадзе яшчэ можна сустрэць такую канцэнтрацыю прыгажунь?
Замежнікі хваляць дзяўчат, а вось іншаземкі таксама высока ацэньваюць беларускі мужчынскі «генафонд».
А ўвогуле ўсміхніцеся: у Беларусі жыве ўсяго 0,13% зямлян. Значыць, вашы шанцы нарадзіцца ў Беларусі, а не ў іншай краіне, былі роўныя прыкладна 0,13%. Гэта як выйграць у латарэю.
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
-
Хто лепшы для Беларусі — Трамп ці Харыс? Парадаксальная думка Шрайбмана
Каментары